Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў папы Францішка


Папа Францішак, 2016.

Падзеі 17 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Дата дня

17 сьнежня 1936 году ў Аргентыне нарадзіўся Францішак, папа Рымскі з сакавіка 2013 году. Францішак стаў першым папам, ад імя якога ў кастрычніку 2013 году ў Беларусь быў перададзены дакумэнт на беларускай мове. Гэта была падзяка Ядвізе Пастарнак зь Вілейскага раёну за служэньне Каталіцкай царкве.

Таксама ў гэты дзень

1377 —​ рэзыдэнцыяй папы Рымскага робіцца Ватыкан. Ад 1309 году цэнтрам Рымскай каталіцкай царквы быў Авіньён. Францускія каралі аказвалі ўплыў на пантыфікаў. Гэты пэрыяд называюць «авіньёнскім паланеньнем папаў». Сытуацыя зьмянілася 17 студзеня 1377 году, калі 13 кардыналаў урачыста суправадзілі папу Рымскага Рыгора XI у Ватыкан, дзяржаву плошчай усяго 44 га.

1903 — браты Райт зьдзейсьнілі першы ў гісторыі палёт на маторным самалёце.

1924 — утварылася прафэсійнае аб’яднаньне беларускіх кінэматаграфістаў і фатографаў «Белдзяржкіно». У гонар гэтае падзеі сёньня адзначаецца Дзень беларускага кіно.

1926 — у СССР адбыўся першы ўсесаюзны перапіс насельніцтва. Насельніцтва БССР у той час складала 4 985 000 чалавек.

1933 — у СССР уведзена крымінальная адказнасьць за гомасэксуалізм.

1988 — у Беластоку адбыўся І зьезд Беларускага аб’яднаньня студэнтаў (БАС). БАС узьнік у 1981 годзе, але тады польскія камуністычныя ўлады адмовілі яму ў рэгістрацыі. Тагачасным лідэрам БАСу быў Ян Максімюк, студэнт Варшаўскага ўнівэрсытэту. Паўторны заснавальніцкі сход БАСу адбыўся 14 красавіка 1988 году ў Варшаве. Старшынём адноўленага БАСу стаў Яўген Вапа.

1998 — ЗША і Вялікая Брытанія пачалі ваенную апэрацыю супраць Іраку.

У гэты дзень нарадзіліся

1883 — Яўген Барычэўскі, беларускі літаратуразнаўца і перакладчык.

1889 — Данiла Васiлеўскi, беларускі краязнаўца, гісторык, літаратуразнаўца, пэдагог.

1905 — Ёсіф Хейфіц, савецкі кінарэжысэр беларускага паходжаньня.

У памяці

1630 — памёр Мялеці Сматрыцкі, беларускі і ўкраінскі пісьменьнік і рэлігійны дзяяч, япіскап, які выступаў супраць Берасьцейскай уніі 1596 году. У 1610 годзе выдаў кнігу «Трэнас», у якой заклікаў беларускі і ўкраінскі народы да аб’яднаньня супраць каталіцкай экспансіі. Ягоным найбольш вядомым творам лічыцца «Граматыкі славенскае правільная сынтагма», у якой упершыню на высокім навуковым узроўні тлумачыліся артаграфія, этымалёгія і сынтаксіс стараславянскай мовы. У 1627 годзе Сматрыцкі перагледзеў свае погляды і перайшоў ва ўніяцтва.

2006 — памёр Іван Навуменка, беларускі пісьменьнік.

Алесь Адамовіч, Іван Мележ, Іван Навуменка і Янка Брыль. Канец 1960-х гг. (з архіву сям’і Івана Мележа)
Алесь Адамовіч, Іван Мележ, Іван Навуменка і Янка Брыль. Канец 1960-х гг. (з архіву сям’і Івана Мележа)

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG