Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Liqui Moly адмовілася быць спонсарам чэмпіянат сьвету ў хакеі ў Менску. Гэтак ужо заявілі Nivea, Škoda і Tissot


Выява, якая заклікае кампаніі і хакейныя зборныя ня браць удзелу ў чэмпіянаце сьвету – 2021, калі ІІХФ не забярэ яго зь Беларусі

Славутая нямецкая кампанія, якая ад 2017 году падтрымлівае хакейныя чэмпіянаты сьвету, пагражае адмовіцца ад спонсарства, калі турнір не забяруць у Беларусі.

У сваёй афіцыйнай заяве Liqui Moly паведаміла, што кампанія вядомая як «перакананы спартовы фундатар». Там адзначылі, што зь нецярпеньнем чакалі чэмпіянату сьвету ў хакеі – 2021, а рашэньне стаць спонсарам прынялі ў 2017 годзе.

Кампанія, вядомая сваёй алівай і змазкамі для аўтамабіляў, падкрэсьліла, што імкнецца да справядлівасьці, павагі, свабоды і абароны правоў чалавека. Але ў апошні час перад Liqui moly паўсталі рэпутацыйныя рызыкі ў сувязі з магчымым правядзеньнем чэмпяінату сьвету ў Менску.

«Цяперашняя сытуацыя ў Беларусі, а таксама палітыка ўраду, неадэкватнае абыходжаньне з дэманстрантамі і відавочныя парушэньні правоў чалавека глыбока супярэчаць перакананьням і каштоўнасьцям Liqui moly. З гэтай прычыны кампанія адменіць сваё спонсарства чэмпіянату сьвету ў хакеі, калі камітэт ІІХФ пакіне ў сіле ранейшае рашэньне і дазволіць Беларусі прыняць чэмпіянат».

Liqui moly ня першая міжнародная кампанія, якая пагражае адмовіцца ад падтрымкі чэмпіянату сьвету, калі яго не забяруць у Беларусі. Раней пра такія намеры расказалі Nivea, Škoda і Tissot. Адзначым, што ўсе названыя кампаніі выступаюць спонсарамі хакейных чэмпіянатаў сьвету шмат гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG