Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спрацаваць па Шарамету». Экспэртыза пацьвердзіла сапраўднасьць голасу кіраўніка КДБ Беларусі на стужцы пра забойства журналіста


Будынак КДБ Беларусі

Дасьледаваньне пецярбурскай Аўтаномнай некамэрцыйнай арганізацыі «Крыміналістычная лябараторыя аўдыёвізуальных дакумэнтаў» пацьвердзіла сапраўднасьць аўдыёзапісу, на якім кіраўнік КДБ Беларусі ў 2008–2012 гадах Вадзім Зайцаў гаворыць аб плянаваньні сэрыі палітычных забойстваў.

Экспэртызу замовіў тэлеканал «Настоящее Время».

Поўная вэрсія экспэртызы даступная тут.

Вадзім Зайцаў. Архіўнае фота
Вадзім Зайцаў. Архіўнае фота

Трое мужчын, адным зь якіх выявіўся Вадзім Зайцаў, абмяркоўваюць атручваньні і падрывы з дапамогай «закладак» палітычных эмігрантаў зь Беларусі. «Ліквідацыя... павінна быць нагэтулькі натуральнай, што потым ніякі экспэрт не павінен ********* [прычапіцца]. Проста кропкавы ўдар», — кажа Зайцаў.

Патаемны запіс размовы 4 студзеня апублікавала выданьне EUobsever, але ня здолела пацьвердзіць яе сапраўднасьць праз дрэнную якасьць.

Запіс журналістам перадаў былы супрацоўнік МУС Беларусі Ігар Макар, які эміграваў у Літву ў 2006 годзе. Крыніцу запісу ён трымае ў сакрэце, баючыся за яе бясьпеку. Пасьля публікацыі Макар даваў паказаньні ў Кіеве па справе аб забойстве ў 2016 годзе журналіста Паўла Шарамета​.

«А як справакаваць натуральны падрыў... вось па Шарамету трэба спрацаваць, які ***** [надакучыў], ***** [блін]. Зробім закладку нейкую і гэтак далей, каб гэтага пацука, *** ** [блін], зусім, ***** [блін], ні рук, ні ног ня зьбяруць», — кажа Вадзім Зайцаў на аўдыёзапісе. Менавіта выбухам бомбы, усталяванай пад дном аўтамабіля, быў забіты Шарамет.

У МУС Украіны заявілі, што «новая інфармацыя зможа дапамагчы ў пошуку не ўстаноўленых да гэтага часу заказчыкаў і арганізатараў забойства». Украінскія сьледчыя пачалі экспэртызу аўдыёзапісу, але яе вынікі яшчэ не апублікаваныя.

19 студзеня МЗС Беларусі апублікаваў заяву, у якім ніяк не пракамэнтаваў аўдыёзапіс з экс-кіраўніком КДБ, але назваў Макара «ашуканцам». «У нас ёсьць пераканаўчыя сьведчаньні, у тым ліку аўдыёзапіс, які недвухсэнсоўна дэманструе відавочныя ашуканскія мэты дадзенага дзялка», — гаворыцца ў заяве.​

«Тоеснасьць названых дыктараў»

«Настоящее Время» замовіла дасьледаваньне запісу ў пецярбурскай крыміналістычнай лябараторыі аўдыёвізуальных дакумэнтаў.

У інтэрнэце «Настоящему Времени» ўдалося знайсьці 13 відэазапісаў з голасам Зайцава — гэта ягоныя выступы ў якасьці кіраўніка КДБ і кіраўніка Беларускай фэдэрацыі біятлёну [1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9 і г.д.].

Адабраўшы пяць запісаў, экспэрты параўналі голас Зайцава з голасам мужчыны, які плянаваў забойства. Выснова: гэта адзін і той жа чалавек.

Дасьледаваньне ўключае ў сябе аудытыўна-лінгвістычны і інструмэнтальны аналіз маўленьня.

На першым этапе экспэрты аналізавалі індывідуальныя асаблівасьці артыкуляцыі, агульныя маўленчыя навыкі, эмацыйны стан, сацыякультурныя асаблівасьці таго, хто гаворыць. Адзін з мноства прыкладаў: для гаворкі Зайцава характэрныя кароткія паўзы, якія запаўняюцца гукам накшталт «э»: «Вы максымальна, э-э, хавайце», «Там, э-э, сядзіць і ўвесь час кукарэкае», «А, э-э, як справакаваць натуральны падрыў»...

Гэтыя паўзы доўжацца ад некалькіх мілісэкундаў да трох сэкундаў, пры гэтым у галосным гуку «праслухоўваюцца» таксама галосныя накшталт «ы», «о» і «у». Тон голасу пры гэтым зьніжаецца да 50–60 Гц. Голас тыповага дарослага мужчыны мае частату 85–155 Гц.

«Адрозьненьні ў вышыні, сіле і тэмбральных характарыстыках голасу дыктараў, якія параўноўваюцца, адсутнічаюць», — гаворыцца ў дасьледаваньні. Асобна экспэрты адзначаюць, што дыктары, якія параўноўваюцца, у роўнай меры добра кантралююць свой эмацыйны стан.

На другім, інструмэнтальным, этапе экспэрты прааналізавалі «статыстычныя і дынамічныя спэктральныя маўленчыя характарыстыкі». Для гэтага яны выкарыстоўвалі праграму SIS II пецярбурскага «Цэнтру маўленчых тэхналёгій».

Галасы змоўшчыка і Вадзіма Зайцава аказаліся тоесныя і на гэтым этапе дасьледаваньня. «Нават працяглыя трэніроўкі ня могуць істотна зьмяніць звыклыя стэрэатыпы [маўленьня], паколькі яны практычна не ўспрымаюцца звычайным слыхам і рэалізуюцца безь сьвядомага артыкуляцыйнага кантролю, хоць добра бачныя ў рамках інструмэнтальнага аналізу маўленьня», — гаворыцца ў дасьледаваньні.

Пры гэтым у экспэртызе адзначаны і некаторыя нязначныя адрозьненьні ў прамове Зайцава падчас сакрэтнай нарады ў КДБ і яго ж — на афіцыйных выступах, знойдзеных «Настоящим Временем».

«Зайцаў у прадстаўленых відэафанаграмах дае інтэрвію, удзельнічае ў прэс-канфэрэнцыі і выступае публічна, стыль яго прамовы — афіцыйны, манера маўленьня — больш стрыманая, гаворка ў большай ступені падрыхтаваная (абдуманая)».

Для параўнаньня: у аўдыёзапісе «дыктар вядзе нефармальную размову з, верагодна, добра знаёмымі і падначаленымі яму людзьмі, стыль прамовы блізкі да гутарковага з элемэнтамі дзелавога і афіцыйна-дзелавога, манера маўленьня свабодная, спакойная, нязмушаная».

Хто праводзіў дасьледаваньне

Аўтаномная некамэрцыйная арганізацыя «Крыміналістычная лябараторыя аўдыёвізуальных дакумэнтаў» займалася аднаўленьнем магнітных фанаграм з атамнай падводнай лодкі «Курск» і экспэртызай запісаў перамоваў для расьсьледаваньня гібелі «Ту-154» пад Смаленскам з прэзыдэнтам Польшчы на борце.

Асноўны экспэрт — Паліна Зубава — у 1993–2001 гг. працавала ў экспэртна-крыміналістычным цэнтры ГУУС па Пецярбургу і Ленвобласьці, затым узначальвала аддзел відэафанаграфічных дасьледаваньняў Паўночна-Заходняга рэгіянальнага цэнтру судовай экспэртызы Міністэрства юстыцыі РФ.

Акрамя забойства Шарамета, у апублікаваным EUObserver аўдыёзапісе абмяркоўваецца забойства трох палітэмігрантаў: былога супрацоўніка ўпраўленьня па барацьбе з карупцыяй Вячаслава Дудкіна, былога начальніка менскага СІЗА № 1 Алега Алкаева і былога камандзіра 5-й асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня Ўладзіміра Барадача (усе яны цяпер жывыя).

Аляксандар Лукашэнка нібыта выдзеліў на такія апэрацыі больш за 1,5 мільёна даляраў, сьцьвярджае Зайцаў на запісе.

Таксама ў запісанай гутарцы абмяркоўваецца стварэньне роты «дзевак», каб сакрэтна сачыць за апанэнтамі.

Лукашэнка зьняў Зайцава з пасады кіраўніка КДБ Беларусі ў канцы 2012 году. З 2013 году Зайцаў кіруе беларускім правайдэрам «Космас ТВ».

КДБ Беларусі не адказаў на пытаньні «Настоящего Времени».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG