Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы: брытанскі варыянт каранавірусу больш сьмертаносны, чым лічылася дагэтуль


Новае дасьледаваньне паказвае, што брытанскі варыянт каранавірусу «верагодна» зьвязаны з больш высокай рызыкай шпіталізацыі і сьмерці, піша The New York Times.

Навукоўцы ўраду Вялікабрытаніі ўсё часьцей выяўляюць, што брытанскі варыянт зьвязаны з больш высокай рызыкай сьмерці, чым іншыя штамы вірусу. Адпаведна ўзрастае нявызначанасьць прагнозу што да новай фазы пандэміі.

Прычыны павышанай сьмяротнасьі пакуль няясныя

У мінулым месяцы навукоўцы заявілі, што існуе «рэальная верагоднасьць» таго, што гэты варыянт ня толькі больш заразны, чым іншыя, але і больш сьмертаносны. Цяпер у новым дакумэнце гаворыцца: «верагодна» гэты варыянт зьвязаны з падвышанай рызыкай шпіталізацыі і сьмерці.

Брытанскі ўрад у пятніцу разьмясьціў аналіз, які грунтуецца на ўдвая большай колькасьці дасьледаваньняў, чым тая, на якой грунтавалася яго папярэдняя ацэнка. Цяпер стала ясна, што новы штам пад назвай B.1.1.7 выклікае больш сьмерцяў.

Прычыны падвышанай сьмяротнасьці не зусім ясныя. Некаторыя дадзеныя сьведчаць аб тым, што людзі, інфікаваныя гэтым варыянтам, могуць мець больш высокую вірусную нагрузку, што можа ня толькі зрабіць вірус больш заразным, але і патэнцыйна падарваць эфэктыўнасьць мэтадаў лячэньня.

Здымаць абмежаваньні пакуль рана

Навукоўцы таксама спрабуюць зразумець, наколькі павышаная рызыка сьмерці можа быць зьвязаная са схільнасьцю гэтага варыянту вельмі лёгка распаўсюджвацца праз такія ўстановы, як дамы састарэлых, дзе людзі і без таго ўразьлівыя.

Як заявілі навуковыя кансультанты брытанскага ўраду, незалежна ад тлумачэньня новыя дасьледаваньні выявілі небясьпеку паслабленьня абмежаваньняў па меры таго, як гэты варыянт набірае сілу.

Паводле нядаўніх ацэнак, гэты варыянт распаўсюдзіўся прынамсі ў 82 краінах і перадаецца на 35-45% лягчэй, чым іншыя варыянты. Амэрыканскія афіцыйныя асобы выказалі здагадку, што да сакавіка гэты варыянт можа стаць асноўнай крыніцай заражэньня ў ЗША. Такі ж самы прагноз раней зрабілі і ўлады Чэхіі.

Пры гэтым лекары зьвяртаюць увагу, што большасьць выпадкаў COVID-19, нават выкліканых новым варыянтам, не сьмяротныя. Пішуць таксама, што брытанскія ўрадавыя навукоўцы свае высновы грунтавалі на дасьледаваньнях, падчас якіх вывучалася невялікая частка агульных сьмерцяў.

Наколькі рызыка большая

Агульная выснова — гэта прыкладна на 40-60 % большая рызыка шпіталізацыі і сьмерці, — заявіў эпідэміёляг і навуковы дарадца брытанскага ўраду Ніл Фэргюсан. Навуковец лічыць, што нават самыя жорсткія абмежаваньні апраўданыя.

Лічыцца, што выснова ўраду Вялікабрытаніі пра тое, што гэты варыянт «верагодна» зьвязаны з больш высокай рызыкай сьмерці, дае толькі 55-75% імавернай упэўненасьці ў выніках дасьледаваньняў.

Агулам каля 117.000 чалавек памерлі ад каранавірусу ў Вялікабрытаніі, палова з іх — з канца лістапада 2020 году, калі гэты варыянт распаўсюдзіўся.

Гэта была катастрофа з пункту гледжаньня сьмяротнасьці, — сказаў доктар Фэргюсон. — І гэта вынік як падвышанай пранікальнасьці вірусу ў арганізм, так і яго падвышанай лятальнасьці.

На чым грунтуюцца пэсымістычныя высновы

Нядаўняе дасьледаваньне Лёнданскай школы гігіены і трапічнай мэдыцыны, на якое абапіраліся дзяржаўныя навукоўцы, дало прыблізныя ацэнкі эфэкту новага варыянту каранавірусу. Лекары вывучылі 3382 выпадкі сьмерці, зь іх 1722 у людзей, інфікаваных новым варыянтам, і ацанілі, што рызыка сьмерці зь ім на 58 адсоткаў вышэй.

Напрыклад, для мужчын ад 55 да 69 гадоў гэта павысіла агульную рызыка сьмерці з 0,6% да 0,9%. Для жанчын гэтай узроставай групы рызыка сьмерці вырасла з 0,2 да 0,3 працэнта.

Гэта павінна паўплываць на ацэнку таго, калі мы зможам зьняць абмежаваньні, — падсумаваў дацэнт клеткавай мікрабіялёгіі ва Ўнівэрсытэце Рэдынга Сайман Кларк. — І гэта дае дадатковыя доказы таго, што новы варыянт больш сьмертаносны, чым той, зь якім мы мелі справу дагэтуль.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG