Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяжка спаць на падлозе, калі пад галавой пакецік з парэзаным хлебам». Жанчыны — пра турму на Акрэсьціна безь перадачаў


Турма на Акрэсьціна. Ілюстрацыйнае фота.

Перакладчыца Адэля Рудніцкая і журналістка Кацярына Ткачэнка расказваюць пра зьняволеньне ў турме на Акрэсьціна ў студзені, калі былі забароненыя перадачы.

Былыя зьняволеныя кажуць пра катаваньні за кратамі, неверагодную падтрымку і ўзаемадапамогу палітычных зьняволеных і пра тое, што яны хочуць справядлівага суду над людзьмі, вінаватымі ў фальсыфікацыях і незаконных прысудах, але ня хочуць, каб тыя сядзелі за кратамі ў такіх жа нялюдзкіх умовах, як цяперашнія палітвязьні.

Глядзіце размову на відэа цалкам.


Тут фрагмэнты размовы.

Сьцісла

Кацярына Ткачэнка:

  • Мая камэра была на пяць шконак, а ў ёй знаходзілася 13 чалавек, і дзяўчаты спалі на падлозе. Калі пачынаюцца праблемы са здароўем, мусіш зьвяртацца па дапамогу і разумееш, што да цябе ставяцца як да ворага, і ты ня варты нават мэдычнай дапамогі.
  • Я ляжала першую ноч на падлозе, ванітавала, думала, як гэта можна ўсё перажыць. А раніцай адна жанчына сказала: «Ранішнія абдымашкі», і дзяўчаты пачалі абдымаць адна адну.
  • Мы чыталі пра тое, што матрацы зьніклі з камэраў, калі было прынятае рашэньне забараніць праводзіць чэмпіянат сьвету па хакеі ў Беларусі.

Адэля Рудніцкая:

  • Калі раніцай выводзілі, каб праверыць камэру, мы прасілі, упрошвалі прынесьці туалетную паперу і жаночыя гігіенічныя рэчы. Яны рабілі выгляд, што ня чуюць. Разам сядзелі жанчыны не па палітычных артыкулах, і ў іх было ўсё.
  • Мне гэта яшчэ і каштавала 101 рубель. Давалі піць толькі раніцай і ў абед, пілі ваду з хлёрам і нават не маглі размаўляць — было столькі хлёру, што хрыпела ўсё ў горле.
  • Наколькі я ведаю людзей, якія фальсыфікавалі выбары і выносілі прысуды, яны б жадалі нам помсты. І людзі з нашага боку — іншыя. Павінен быць справядлівы суд, а ня помста.


Як трапілі на Акрэсьціна

Адэля Рудніцкая.
Адэля Рудніцкая.

Адэля Рудніцкая: Мяне затрымалі 14 студзеня каля Камароўскага рынку зь бела-чырвоным парасонам. Амаль суткі правяла ў Савецкім РУУС — да гадзіны ночы 15 студзеня зь перапынкам на суд і ператрус у маёй кватэры. У РУУС мне не давалі ні есьці, ні піць, двойчы вадзілі ў прыбіральню. Я сядзела ў бэтоннай халоднай камэры. Суд прызначыў 8 дзён арышту — два зь якіх я была ў РУУС, 6 дзён — у ЦІП на Акрэсьціна.

Кацярына Ткачэнка
Кацярына Ткачэнка

Кацярына Ткачэнка: Я выйшла ўвечары папіць гарбаты з суседзямі. Амаль 6 месяцаў мы сустракаліся шточацьвер увечары. У нас не было нічога, акрамя пірага, кубачкаў і гарбаты. З гэтым усім і паехалі ў РУУС. Да нашага стала, які знаходзіцца на дзіцячай пляцоўцы, падышлі невядомыя людзі ў чорным, у масках. Яны папрасілі паказаць, якія ў нас з сабой рэчы, потым папрасілі сказалі прайсьці ў мікрааўтобус, каб высьветліць нашы асобы. Мікрааўтобус прывёз нас у РУУС Цэнтральнага раёну, дзе нас дапыталі і склалі пратаколы па артыкуле 23.34. Нас было 9 чалавек — 7 жанчын і два хлопцы. У пратаколах «за пікет» пад капірку было напісана, што мы пікетавалі, выкрыквалі лёзунгі, чаго, натуральна, не было. Мяне і яшчэ адну дзяўчыну накіравалі на Акрэсьціна, бо нам склалі пратаколы за нібыта непадпарадкаваньне. Так я апынулася за кратамі, нягледзячы на тое, што мяне чакалі дома дзіця і муж, і я выйшла на 15 хвілін проста папіць чаю з суседзямі.

Адсутнасьць матрацаў і самаробная падушка з хлеба

— Увосень было сацыялягічнае апытаньне сярод удзельнікаў мірных пратэстаў, і пераважная большасьць апытаных гаварылі пра тое, што адміністрацыйны арышт ужо не ўспрымаецца як нешта надзвычайнае, што іх больш непакоіць крымінальны артыкул і катаваньні. Вы ўсе тры апынуліся за кратамі пасьля больш як 5 месяцаў пратэстаў, калі былі вядомыя тысячы гісторый пра тое, што там можа адбывацца. Наколькі вашыя ўяўленьні пра беларускую турму супалі з рэальнасьцю? Ці можна маральна і фізычна падрыхтавацца да арышту?

Адэля Рудніцкая: Я лічыла, што будзе значна горш. Чакала шэрых сьцен, а былі жоўтыя. Чакала, што будуць біць. Я такая хударлявая і баялася, што мяне пакрыўдзяць. Дзякуй Богу, што ніхто ня біў, але некаторыя мацюкаліся, лаяліся на мяне.

Кацярына Ткачэнка: Калі мяне затрымлівалі, я ведала пра перапоўненыя камэры на Акрэсьціна. Псыхалягічна трапіць туды цяжка, як бы ты ні быў гатовы — вязуць уначы, вядуць у камэру, не выдаюць нават матрацы. Мая камэра была на пяць шконак, а ў ёй 13 чалавек, і дзяўчаты спалі на падлозе. Сярод іх пазнала Анісьсю Казьлюк, якая адбывала 20 сутак пакараньня, яна спала на падлозе.

Першую ноч ніхто ня можа спаць, потым неяк прызвычайваюцца. Цяжка спаць на падлозе, калі пад галавой у цябе толькі пакецік з парэзаным хлебам. Мне дзяўчаты далі самаробную падушку з хлеба. У мяне не атрымалася спаць на гэтым. Правяла ноч разам зь дзяўчатамі на падлозе. Маленькая камэра, у ёй ёсьць прыбіральня (адгароджаная). Зьліў вады вельмі шумны. Калі хаця б палова затрыманых уначы сходзіць у прыбіральню, прачынаюцца амаль усе.

Калі першую ноч мяне пачало ванітаваць, я ляжала на падлозе і цярпела, трывала, бо баялася, што калі перабуджу ўсіх. Мне было вельмі шкада дзяўчат, я ведала, у якім яны стане, і таму ляжала на падлозе і цярпела, колькі магла, да ранішняга пад’ёму.

Без пракладак, мыла і туалетнай паперы

— У 1999 годзе я рабіла рэпартаж з «Валадаркі» пра жанчын за кратамі, і экскурсію па турме мне праводзіў тагачасны начальнік турмы Алег Алкаеў. І зьняволеныя жанчыны расказвалі мне, што выкарыстоўваюць матрацы, а дакладней, тое, што ў іх, у якасьці пракладак. Як вырашалася праблема месячных за кратамі ў адсутнасьць перадачаў?

Адэля Рудніцкая: Як казалі наглядчыкі, усе пажаданьні выконваюцца раніцай. Калі нас выводзілі, каб праверыць камэру, мы прасілі, нават упрошвалі прынесьці туалетную паперу і жаночыя гігіенічныя рэчы. Яны рабілі выгляд, што ня чуюць. З пракладкамі нам пашанцавала, нам трапілася потым наглядчыца, якая двойчы прынесла пракладкі. Гэта быў падарунак лёсу. Мыла ніхто не прынёс. Разам з намі сядзелі жанчыны не па палітычных артыкулах, і ў іх было ўсё — сканворды, алоўкі, кнігі, туалетная папера, вадкае мыла, крэм нават нейкі быў. Мы заўсёды ў іх прасілі падзяліцца, бо самі нічога ня мелі. І нам казалі, што вы палітычныя, вы павінны ведаць, што вам нічога не дазволена.

Спачатку нас у камэры было 6, потым 8, потым 9 чалавек. У нас былі дзьве паўлітровыя плястыкавыя бутэлькі, у якія налівалі ваду, зь імі ў куточак, дзе прыбіральня, і там падмываліся з гэтых бутэлек. Ты ж маеш толькі адны трусы, якія на табе. Памыеш і кладзеш на батарэю, паўдня-дзень сохнуць, у гэты час ходзіш без трусоў — калготкі ці нагавіцы на голае цела. Мылі галаву вадкім мылам ва ўмывальніку, ногі там жа мылі...

Кацярына Ткачэнка: Матрацаў у камэры не было. Дзяўчаты сьпяць на падлозе, паклаўшы курткі і швэдры, хто ў чым быў. Перадачы забароненыя. У некаторых былі зубныя шчоткі, у некаторых не. Са мной сядзела жанчына, якую забралі з дома за сьцяг, і яны чысьціла зубы проста пальцам. Сядзелі ў сваіх зімовых ботах.


«Ня спаць, вы ўсе здраднікі радзімы»

— Мы ўсе ў свой час чыталі ўспаміны вязьняў ГУЛАГу. Наколькі рэальнасьць 2021 году нагадвала вам сталінскія часы, вядомыя па мэмуарах?

Адэля Рудніцкая: Я не разумела стаўленьня да нас як да злачынцаў. Яны ўсе бачылі, што мы жанчыны розных узростаў, прафэсій, і мы ніякія не злачынцы, нічога крымінальнага не зрабілі. Я прайшла з парасонам, а мне казалі, што гэта забароненыя бела-чырвоныя колеры. З намі сядзелі жанчыны, асуджаныя па іншых артыкулах (прастытуцыя, хатні гвалт), дык да іх стаўленьне было значна лепшае. Яны выходзілі курыць, недзе размаўлялі з супрацоўнікамі, а да нас: «Ня спаць, вы ўсе здраднікі радзімы».

Кацярына Ткачэнка: Самае цяжкае — не фізычны, а маральны стан, калі ня змог папярэдзіць родных, што ня вернесься, ня ведаеш, як муж будзе цябе шукаць. Цяжка, калі ты не зусім здаровы, пачынаюцца праблемы са здароўем, мусіш зьвяртацца па дапамогу і разумееш, што ўсё можа здарыцца, і тваё жыцьцё ня шмат каштуе. Да цябе ставяцца як да ворага, ты ня варты нават мэдычнай дапамогі. Ларыса Геніюш калісьці пісала, калі ёй далі прысуд 25 гадоў, што ты можаш быць ні ў чым не вінаваты, але даказаць сваю невінаватасьць ты ня можаш. Так і ў 2021 годзе ты не вінаваты, але ты ня можаш гэта даказаць, ты ня можаш быць абаронены.

Цяпер за кратамі журналістка Любоў Лунёва. Спадзяюся, што ёй змаглі перадаць лекі. Перадачы аднавілі. Яна ў Жодзіне сядзіць, а там дзень перадачаў яшчэ не наступіў. Любові патрэбныя лекі. Яна перахварэла на ковід, гіпэртанічны крыз у яе быў, калі яна трапіла першы раз у сьнежні на Акрэсьціна. Я ўвесь час думаю пра яе, перажываю, як яна сябе адчувае.

Катаваньні і гуманітарная катастрофа за кратамі


— Пісьменьнік Саша Філіпенка зьвярнуўся да прэзыдэнта Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа Пэтэра Маўрэра з адкрытым лістом, дзе, сярод іншага, піша пра гуманітарную катастрофу ў турмах Беларусі: «Я прапанаваў Вам праінспэктаваць беларускія турмы, у якіх жанчыны сьпяць на бэтоннай падлозе і мэталічных сетках без матрацаў, у якіх хлеб кладуць пад галаву замест падушак, прыбіральні ўяўляюць сабой дзіркі ў падлозе, не агароджаныя нават шторкамі, а наглядчыкі не дазваляюць перадаваць у камэры ні зубных шчотак, ні пракладак». Саша Філіпенка называе гэта катаваньнямі. Як бы вы назвалі, апісалі, вызначылі, што адбываецца ў турме з жанчынамі? І ня толькі з жанчынамі, натуральна...

Адэля Рудніцкая: Гэта сапраўды катаваньні, катаваньні людзей, якія сядзяць па палітычных матывах. Гэта катаваньні ў адносінах да жанчын, якія плацяць падаткі, якія працуюць, ходзяць у крамы, якія ня пʼюць на вакзалах. Мне гэта яшчэ і каштавала 101 рубель. Нам давалі піць толькі раніцай і ў абед, увечары піць не прыносілі нічога. Мы пілі ваду з хлёрам, нават не маглі размаўляць — было столькі хлёру, што хрыпела ўсё ў горле.


Сястрынства і ўзаемадапамога


— Я неаднойчы размаўляла з жанчынамі, былымі вязьнямі Акрэсьціна і Жодзіна, і яны кажуць пра сястрынства, якое там зьяўляецца. Ці пагадзіліся б вы? Але акрамя сястрынства могуць быць і канфлікты, бо жанчыны розныя ў камэры, ня ўсе палітычныя, камэры перапоўненыя, і псыхалягічныя трэньні могуць быць?

Кацярына Ткачэнка: Я ляжала першую ноч на падлозе і ванітавала, я думала, як гэта можна перажыць усё. А раніца мая пачалася з таго, што жанчына сказала: «Ранішнія абдымашкі». І дзяўчаты пачалі абдымаць адна адну. Здаецца, драбяза, але як гэта дапамагае. Калі мне стала дрэнна, да мяне падыходзілі і абдымалі, падтрымлівалі як маглі. А потым пачалі рабіць ранішнюю гімнастыку. Са мной сядзела жанчына каля 50 гадоў, якая ў такіх умовах правяла 14 сутак... Столькі было цеплыні, надзеі, падтрымкі ад яе. Я плакала, мне было фізычна дрэнна, і жанчынка мяне абдымала і казала: «Першы раз мы ўсе плакалі, ты плач, гэта нічога». Бадай, усе добрыя чалавечыя якасьці, якія ёсьць у чалавека, у гэтых умовах могуць праявіцца. А могуць і не праявіцца. Сярод нашых дзяўчатак праявіліся. Я пабачыла, што людзі могуць падтрымліваць адно аднаго ня толькі ў звычайных умовах, але і ў такіх умовах. Гэтая любоў рэальна дапамагае.

Адэля Рудніцкая: Мы расказвалі адна адной розныя гісторыі, дзяліліся вопытам жыцьця, размаўлялі, расказвалі, хто куды падарожнічаў. Каранавірус, цяпер мы за кратамі, а дзяўчаты расказваюць пра Віетнам, пра нейкія афрыканскія краіны. Мы ўяўлялі, што калісьці таксама туды трапім. Жанчыны, якія сядзелі не па палітычных артыкулах, казалі, што нас садзяць разам у камэру, каб сутыкнуць, каб яны, як і мы, трапілі ў жорсткія ўмовы ўтрыманьня. Але гэта ў іх не атрымлівалася — мы былі ўсе разам. У непалітычных было іншае стаўленьне да пратэстаў, але яны нас падтрымлівалі за кратамі і дзяліліся ўсім.

У якіх умовах павінны сядзець тыя, хто саджае людзей цяпер


— Ці пажадалі вы б такіх самых умоваў у турме жанчынам, якія ўдзельнічалі ў фальсыфікацыі выбараў, выносілі несправядлівыя прысуды, афармлялі пратаколы ў міліцыі, прадстаўлялі абвінавачаньні, забясьпечвалі гэтую сыстэму рэпрэсій?

Кацярына Ткачэнка: Адназначна не, не хачу ні для кога помсты. Я хачу, каб была вызначаная адказнасьць кожнага за канкрэтную справу. Я чытала пратаколы допыту людзей, якія працавалі ў канцлягеры. Іх функцыя была — адкрыць і закрыць кран, толькі кран пастаўляе не ваду, а газ. Чалавек на допыце расказвае пра сшытак, дзе быў запісаны час, калі трэба адкрыць і закрыць кран: «Я адкрываў і закрываў. Усё зразумела? А цяпер можна я пайду забяру дзяцей са школы?».

Людзі не ўсьведамлялі пэрсанальную адказнасьць. Я думаю, што важна знайсьці тых, хто прымаў рашэньні. Мы чыталі ў сацсетках пра тое, што матрацы зьніклі з камэраў, калі было прынятае рашэньне забараніць праводзіць чэмпіянат сьвету па хакеі ў Беларусі. Гэтае ж рашэньне прыняў не начальнік зьмены, ён яго выканаў. Важна знайсьці адказных за прыняцьце рашэньняў, а далей вызначыць меру кожнага, хто ўдзельнічаў. Але ні ў якім разе не павінна быць помста, каб нават людзі, вінаватыя ў тым, што адбывалася, знаходзіліся ў годных умовах, каб у іх былі матрацы, бялізна. Ніводзін злачынца не павінен знаходзіцца ў такіх умовах.

Адэля Рудніцкая: Помста — не, але я хацела б, каб яны адчувалі вось гэтае прыніжэньне. Якім чынам — ня ведаю. Наколькі я ведаю людзей, якія фальсыфікавалі выбары і выносілі прысуды, яны б жадалі нам помсты. Людзі з нашага боку — інакшыя. Павінен быць справядлівы суд.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG