Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка заўсёды трапляе ў пасткі». Мікалай Халезін пра «халодную паўзу» і рэформы, патрэбныя сфэры культуры


Мікалай Халезін, Беларускі свабодны тэатар

Да Беларускага фонду культурнай салідарнасьці далучыўся сузаснавальнік Беларускага свабоднага тэатру Мікалай Халезін. Ён мае досьвед мэнэджмэнту ў сфэры культуры і дакладнае разуменьне, як гэта працуе ў заходнім сьвеце. У яго багата сталых кантактаў з сусьветнымі зоркамі кіно, тэатру і іншых сфэраў мастацтва.

Пагаварылі зь Мікалаем Халезіным пра рэформы сфэры культуры ў новай Беларусі, пра цяперашняе Міністэрства культуры, якое, паводле Халезіна, увасабляе сабой 19 стагодзьдзе і карную структуру, пра пазбаўленьне БТ права ўдзелу ў Эўрапейскім вяшчальным саюзе і магчымасьці для беларускіх музыкаў выступіць на «Эўравізіі» пад сваім ці нэўтральным сьцягам, а таксама пра «пасткі», у якія трапляе Лукашэнка, і пра «халодную паўзу», усім патрэбную для перамогі.

Глядзіце размову на відэа:

Асноўныя тэзісы Мікалая Халезіна:

Пра кірунак працы ў Беларускім фондзе культурнай салідарнасьці

— Я даў згоду яшчэ паўтара месяца таму. Да мяне зьвярнуўся Сяргей Будкін (адзін з кіраўнікоў фонду. — РС) з прапановай, і я падумаў, што магу быць карысны. Калі глянуў на склад Апякунскай рады, зразумеў, што прыняў слушнае рашэньне, бо там людзі, моцныя як у культурным мэнэджмэнце, так і ў творчасьці. Ёсьць два стратэгічныя кірункі працы фонду — падтрымка людзей культуры і падрыхтоўка праграмы рэфармаваньня культуры ў будучым, і гэты кірунак мне і прапанавалі ўзначаліць. Гэта ня сольная, а калектыўная праца ў партнэрстве з камандамі Сьвятланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі, а таксама Каардынацыйнай Радай. У гэтай працы будуць задзейнічаныя як беларускія, так і заходнія спэцыялісты, якія нам патрэбныя і да якіх у мяне ёсьць доступ, зь якімі мы будзем каардынаваць працу і ўлічваць іх досьвед у фінансаваньні, падтрымцы і прасоўваньні сваіх культураў.

Ці патрэбнае будзе ў новай Беларусі Міністэрства культуры

— Тое, як цяпер працуе Міністэрства культуры, — гэта 19 стагодзьдзе. Пры цару ёсьць нейкі дэпартамэнт, які карае тых, хто не даспадобы, кшталту — «Пушкіну даць у лоб за тое, што напісаў пра авечак, якіх гоняць». Гэтая функцыя ўвесь час была, і ў пэрыяд лібэралізацыі. Міністэрства культуры — карны орган, які кагосьці мілуе, камусьці дае нейкія грошы, і гэта, як правіла, людзі, якія абсалютна падзяляюць парадак дня Аляксандра Лукашэнкі. А калі ты не даспадобы, то вылятаеш з гэтага поля і не атрымліваеш нічога, нідзе і ніколі — да забаронаў і чорных сьпісаў. Гэта трэба мяняць.

Што наўзамен

— Калі мы гаворым пра стратэгію разьвіцьця гэтага кірунку, то трэба стварыць абсалютна празрысты, сумленны інструмэнт, які быў бы цалкам ізаляваны ад капрызаў улады, і пры гэтым каб ён меў грошы, якія разьмяркоўваў бы для творчых асобаў. Прывяду прыклад Брытаніі, які мне блізкі і які я добра ведаю. Тут ёсьць Міністэрства культуры, спорту, турызму і лічбавых тэхналёгій. Гэта зусім іншая гісторыя. Былая кіраўніца гэтай установы Марыя Мілер уваходзіць у Апякунскую раду Беларускага свабоднага тэатру. Як яна тлумачыць, міністэрства ня можа разьмяркоўваць грошы, бо гэта афіцыйная структура, у якой могуць быць палітычныя ўплывы, што азначае, што частка творцаў застануцца «па-за кадрам». Таму міністэрства займаецца вялікімі нацыянальнымі праектамі, напрыклад, арганізацыяй Алімпіяды альбо захаваньнем культурнай спадчыны — помнікамі, музэямі і гэтак далей. Гэтая структура атрымлівае свой бюджэт, які расходуецца празрыста на дзяржаўныя праграмы.

Музыкі гуртоў Nizkiz, J:Mors ці мастак Аляксей Кузьміч ніякага дачыненьня да дзяржавы ня маюць, могуць яе крытыкаваць. Іх фінансаваць трэба па іншым прынцыпе. У Брытаніі знайшлі вельмі просты мэханізм. Усе сродкі на фінансаваньне сфэры мастацтваў перадаюцца дзьвюм структурам — грамадзкім арганізацыям, у якіх ёсьць апякунская рада і экспэртныя групы зь вельмі паважаных людзей. І іх праца цалкам празрыстая. Гэта Arts Council, які дае сродкі на творцаў унутры краіны, і British Council, які вылучае грошы на розныя культурныя праекты, папулярызуючы ў сьвеце брытанскае мастацтва. Гэта працуе як гадзіньнік.

Наколькі рэальна «забраць» ва ўладаў «Эўравізію»

— «Эўравізія» — самы яркі пункт у гэтым працэсе. Беларускае тэлебачаньне — сябра Эўрапейскага вяшчальнага саюзу, і яно парушае правы журналіста. Мы ня хочам выступаць супраць музыкаў, выключаючы Беларусь з гэтага зьвязу. Больш за тое, мы прапаноўваем розныя варыянты ўдзелу музыкаў — пад сваім сьцягам, пад нэўтральным сьцягам. Размова ідзе пра тое, што правы беларускіх журналістаў унутры тэлекампаніі парушаюцца, і таму яна павінна часова, да зьмены ўлады, быць адхіленая ад Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу. На сёньня яна карыстаецца ўсімі выгодамі гэтага зьвязу, трансьлюе ўсё, што той прапаноўвае, пры гэтым парушае правы тых, хто працуе ў кампаніі, звальняючы іх з палітычных матываў. Я ведаю, наколькі косная і кансэрватыўная структура Эўрапейскі вяшчальны зьвяз, але я перакананы, што мы цяпер можам праламаць любую сьцяну.

Як мабілізаваць сусьветных зорак, каб прыцягнуць увагу да сытуацыі ў Беларусі

— Цяпер гэта больш складана рабіць праз пандэмію, але нам удалося ўцягнуць у гэты працэс Эму Томпсан, Стывэна Фрая, Агнэшку Голянд і яшчэ шэраг людзей. Яны нам патрэбныя ў дзьвюх іпастасях. Па-першае — у статусе зорак, калі яны ўзмацняюць голас беларусаў. Гэта можа быць нават не публічная размова. Яны могуць гаварыць з дэпутатамі парлямэнтаў, рознымі чыноўнікамі ЭЗ, выкарыстоўваючы сваю вядомасьць і вагу. Па-другое, людзі са сфэры культуры і мастацтва нам патрэбныя для прапрацоўкі будучай праграмы, якая павінна зьмяніць цалкам расклад падтрымкі творцаў у Беларусі.

Чаму рэформы трэба распрацоўваць цяпер

— Мы хочам паказаць прыклад іншым сфэрам. Цяпер час пачаць распрацоўку. Вялікая колькасьць таленавітых людзей, талковых мэнэджараў павінны пачаць распрацоўку сваіх індустрый дзеля таго, каб, калі сытуацыя зьменіцца, нам было што пакласьці на стол новай уладзе. Калі мы гэтага ня зробім, мы не атрымаем хуткага выніку. Я вельмі баюся, каб беларусы не расчараваліся ў той новай Беларусі, якая зьявіцца. Для гэтага нам трэба працаваць хутка, апэратыўна і прафэсійна. Сфэры IT, мэдыцыны, спорту ды іншыя — па іх ужо могуць стварацца праграмы з удзелам вялікай колькасьці спэцыялістаў, як беларускіх, так і замежных.

Чым кожны можа дапамагчы

— Можна падтрымаць жонак лідэраў гурту РСП, якія апынуліся ў турме, проста напісаць ім добрыя словы. Можна пералічыць грошы на дапамогу сем’ям творчых людзей, якія аказаліся бяз працы. Можна гэта зрабіць празь Беларускі фонд культурнай салідарнасьці, які з дапамогай экспэртаў разьмяркоўвае гэтыя грошы творчым асобам. Любая дапамога добрая. Сёньня самае важнае — словы падтрымкі і дзеяньні па падтрымцы адзін аднаго. Нас шмат, і мы павінны праз падтрымку зразумець, наколькі нас шмат. Як стаіць чарга на судовы працэс над Віктарам Бабарыкам, так і павінна гэта адбывацца. Падтрымаць царкву «Новае жыцьцё», дзяўчат-журналістак. Гэта наша праца цяпер — дапамагаць адзін аднаму чым можам.

Пра «халодную паўзу»

— У мяне адчуваньне, што нам трэба цяпер ня думаць пра вулічныя акцыі, гэты час прыйдзе, а нам трэба думаць пра тое, як нам зьберагчы тое, што ёсьць, і як падрыхтавацца да тых момантаў, якія надыдуць. Нельга цяпер пасадзіць усіх у турмы, яны і так ужо перапоўненыя, пэнітэнцыярная сыстэма проста трышчыць па швах. Нам трэба ўзяць «халодную паўзу» і перабудавацца. Нам трэба дзейнічаць вельмі прафэсійна, каб усе палітычныя структуры і штабы, якія ўжо моцна прасунуліся ва ўзаемадзеяньні, пачалі рэструктурызацыю.

Праграму Беларускага фонду культурнай салідарнасьці па падрыхтоўцы рэформаў будзе рабіць адзіная група ў супрацы з НАУ, штабам Ціханоўскай і Каардынацыйнай радай. Гэта вельмі дапамагае, бо ўсе бачаць, што гэта сумесная праца. А калі ўсе штабы разам, то мы ўсе павінны быць разам. Нам трэба дакладна прагаварыць, зразумець, як мы пераўтворым усе структуры ў адзіны моцны мэханізм, які дасьць магчымасьць апэратыўна дзейнічаць крыху пазьней. Я не кажу пра гады наперадзе.

Пра агонію і гістэрыку ўлады

— Я заўсёды казаў, што галоўнае — не чапаць уладу, яна сама ўсё зробіць. Калі Лукашэнка бачыць у лесе пастку, ён ідзе праверыць нагой, што гэта такое, і заўсёды трапляе ў яго. Ён абрасьце гэтымі пасткамі, а гэта адбудзецца вельмі хутка, бо на сёньня няма ў яго ані сродкаў, ані сілаў. Бачым агонію і гістэрыку: «Мы ўсіх пасадзім, і на гэтым усё закончыцца». Не закончыцца. Гэта немагчыма закончыць. Нельга гэтага джына засунуць назад у бутэльку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG