Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Насупраць майго прозьвішча — зорачка». Супрацоўніцы Дзяржкамітэту маёмасьці прапанавалі звольніцца, бо яна «засьвяцілася»


Супрацоўніца Дзяржаўнага камітэту маёмасьці Людміла

Людміла* (імя зьмянілі на просьбу гераіні) працавала ў Дзяржаўным камітэце маёмасьці больш за 10 гадоў. Заўваг да ейнай працы не было. Нядаўна кіраўнік прапанаваў ёй звольніцца.

На працу прыйшоў ліст з прозьвішчамі людзей, якія «засьвяціліся»

Людміла расказала пра сваю сытуацыю са звальненьнем. Яна працавала ў Дзяржаўным камітэце маёмасьці больш за 10 гадоў. На днях яе выклікаў да сябе старшыня камітэту Дзьмітры Матусевіч і сказаў, што ім «трэба разьвітацца». Ён патлумачыў, што яму асабіста прыйшоў ліст зь нейкай арганізацыі.

«Ён не называў гэтую арганізацыю. Я, вядома, магу дапусьціць, што гэта за арганізацыя... Гэта быў асабісты пакет яму (Матусевічу) у рукі», — расказвае суразмоўца.

У лісьце былі прозьвішчы 10 работнікаў камітэту, якія «недзе засьвяціліся». Усяго ў арганізацыі працуе каля 90 чалавек.

«Ён не называў мне, дзе я засьвяцілася. Я, аналізуючы гэтую размову, зрабіла выснову, што яны правяралі месцазнаходжаньне тэлефонаў», — расказала Людміла.

Старшыня Дзяжкамітэту па маёмасьці Дзьмітры Матусевіч (у цэнтры)
Старшыня Дзяжкамітэту па маёмасьці Дзьмітры Матусевіч (у цэнтры)

Кіраўнік сказаў ёй, што некаторыя людзі «засьвяціліся» адзін раз. Людміла ведае ад іх саміх, што ім далі вымову.

«Калі нехта з калег адзін раз фігуруе, то насупраць майго прозьвішча нават зорачка пазначаная, бо я была вельмі актыўная», — кажа яна.

Людміле прапанавалі напісаць заяву на звальненьне па згодзе бакоў. На пошукі новай працы далі месяц. Але Людміла не плянуе пісаць сама заяву.

«Думаю, тады мяне будуць звальняць за нешта... Калі напішу заяву, потым даказаць, што я сышла не сама, мне будзе складаней. А так у мяне, імаверна, будзе магчымасьць зьвярнуцца ў суд», — мяркуе жанчына.

«Мне было агідна хадзіць на працу»

Людміла ўвесь час працавала на дзяржаўных працах. На апошняй ня мела заўваг ці вымоваў. Кантракт у яе заканчваецца ў канцы жніўня 2022 году. Летась у жніўні Людміла думала пра тое, каб пайсьці з камітэту самастойна, з прычыны сытуацыі ў краіне.

«Мне і маім калегам было цяжка выходзіць на працу. Два тыдні мы плакалі, спрабавалі падлучацца да інтэрнэту праз проксі. Мы не маглі працаваць. Мне было агідна хадзіць на працу, шчыра скажу. Але ў нас спэцыфіка не палітычная. Мы займаемся маёмасьцю. Пішам заканадаўства ў сфэры маёмасных дачыненьняў. Палітыкі мы не чапаем», — тлумачыць жанчына.

Да таго ж яна падумала, што спэцыялісты ў сфэры маёмасьці прыдадуцца ў «новай Беларусі», таму вырашыла не сыходзіць.

Людміле 43 гады. Мае юрыдычную адукацыю. У яе двое дзяцей, старэйшы ўжо паўналетні, малодшы вучыцца платна, яна ўтрымлівае яго адна. Куды пойдзе далей, пакуль ня ведае. Разумее, што на дзяржаўную працу ня возьмуць. Зьяжджаць не плянуе.

«Сьмешна, што чалавек працаваў больш за 10 гадоў, а тут яго звальняюць. Усе разумеюць, што гэта палітычны момант... Я веруючы чалавек. Гэта іхняе беззаконьне, яны за гэта адкажуць. Я тут не вінаватая ні ў чым», — камэнтуе супрацоўніца дзяржаўнай арганізацыі.

«На нас ніколі ня ціснулі»

Зь ейных словаў, раней кіраўніцтва ня ціснула на работнікаў за іхную грамадзянскую пазыцыю. На пачатку пратэстаў адпускалі дадому раней, каб людзі пасьпелі бясьпечна дабрацца дахаты, пакуль не перакрылі мэтро. Раілі быць асьцярожнымі.

«Трэба аддаць належнае нашаму камітэту. На нас ніколі ня ціснулі... Нас прасілі ня ўдзельнічаць, але ніхто ня мог нам забараніць, мы ж дарослыя людзі», — успамінае суразмоўца.

Праўладны ліст ад прафсаюзаў «супраць санкцый» кіраўніцтва камітэту таксама не прымушала падпісваць.

«Я не падпісала. Ніхто мяне не выклікаў, нічога мне не казаў. Падпісалі 52 чалавекі, нават мае знаёмыя, якія супраць рэжыму. Але я разумею людзей: яны баяцца страціць працу. Хоць іх не прымушалі, яны падумалі: калі не падпішуць, то будуць наступствы», — тлумачыць Людміла.

На працы яны абмяркоўваюць палітычную сытуацыю ў краіне. Зь ейных назіраньняў, супраць цяперашняй улады каля 70% усіх работнікаў, хоць ня ўсе выходзілі на вулічныя пратэсты. Яны не пісалі на пачатку пратэстаў звароту з агульнанацыянальнымі патрабаваньнямі, не спрабавалі страйкаваць.

Жанчына ведае, што ўвесну плянуецца рэарганізацыя камітэту, аднак без скарачэньняў. Нават цяпер у іх не стае кадраў.

«Людзі хочуць сыходзіць. Іх не пускаюць», — кажа суразмоўца.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG