Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У калёніях ламаюць псыхіку, але мяне не зламалі». Палітвязень Міхаіл Жамчужны пра 6,5 года за кратамі


Палітвязень Міхаіл Жамчужны на волі, 19 лютага 2021

Пасьля 6,5 года зьняволеньня выйшаў на волю праваабаронца і палітвязень Міхаіл Жамчужны. Яго вызвалілі з Горацкай папраўчай калёніі № 19, дзе ён адбываў пакараньне апошнія тры з паловай гады.

10 чэрвеня 2015 году Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у падбухторваньні да наўмыснага выдаваньня зьвестак, якія складаюць службовую тайну, незаконным набыцьці сродкаў для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, а таксама ў даваньні хабару.

Праваабаронцы лічаць пакараньне Жамчужнага палітычна матываваным.

Сам ён кажа, што прысуд быў помстай спэцслужбаў за праваабарончую дзейнасьць і адмову супрацоўнічаць зь імі. Жамчужны цьвердзіць, што яго схілялі даць абвінаваўчыя паказаньні супраць «вядомых дзеячоў Акадэміі навук».

Па вызваленьні 65-гадовы актывіст расказаў Свабодзе, з чым ён сутыкнуўся ў калёніях строгага рэжыму.

«Трэба ратаваць людзей, якія сядзяць у калёніях, змагацца з парушэньнямі іхных правоў»

Па словах Міхаіла Жамчужнага, з калёніі яго вывелі адразу пасьля пад’ёму і без затрымак пад канвоем суправадзілі на чыгуначны вакзал Горак. Ён амаль кілямэтар цягнуў на сабе чатыры вялізныя клункі з рэчамі. Ахоўнікі заставаліся з былым асуджаным, пакуль той ня сеў у цягнік на Воршу.

Тым часам каля калёніі Міхаіла чакалі ягоны калега праваабаронца Андрэй Бандарэнка ды журналісты. Ім давялося даганяць цягнік, каб вітаць Жамчужнага на волі ўжо ў Воршы.

«Я і ў калёніі адчуваў сябе, як на волі», — адказвае Міхаіл на пытаньне пра першыя адчуваньні ад вольнага паветра пасьля 6,5 года зьняволеньня.

Праваабаронцы Андрэй Бандарэнка і Міхаіл Жамчужны сустрэліся ў Воршы на вакзале
Праваабаронцы Андрэй Бандарэнка і Міхаіл Жамчужны сустрэліся ў Воршы на вакзале

«На мяне ня дзейнічала лягерная сыстэма, — працягвае ён. — Ніякага стрэсу няма. У мяне процьма творчых плянаў. Трэба ратаваць людзей, якія сядзяць у калёніях, змагацца з парушэньнямі іхных правоў. Мне шмат даручэньняў далі асуджаныя. Трэба іх выканаць».

Міхаіл лічыць, што час у няволі не змарнаваў, а ўзбагаціўся досьведам праваабарончай дзейнасьці. Ён ліставаўся з сваімі калегамі-праваабаронцамі ды прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Цьвердзіць, што яго зьбіраліся ўзнагародзіць мэдалём «100 год БНР».

«Я ведаў, што пра мяне не забываюць, — кажа былы асуджаны ў вагоне прыгараднага цягніка. — У газэце „Новы час“ часта пра мяне пісалі. Міхаіл Пастухоў актыўна і кваліфікавана падтрымліваў мяне. Хачу яму паведаміць, што вызваліўся».

Адмоўна ўплываў на зьняволеных, а «блатныя» яго цкавалі

Міхаіл Жамчужны, тым ня менш, прызнаецца, што не чакаў вызваленьня са «сваім 81 парушэньнем унутранага турэмнага распарадку». Не выключаў, што яму дадуць пасядзець яшчэ год ці два, як «многім да яго змагарам за свабоду».

У штрафным ізалятары Горацкай калёніі Міхаіл Жамчужны прабыў 520 дзён. Перавялі яго ў Горкі ў жніўні 2017 году.

Па словах Жамчужнага, адміністрацыя трымала яго ў ізаляцыі, бо, на іхны погляд, ён адмоўна ўплываў на іншых асуджаных. Ён кажа, што зьбіраў найбольш актыўных зь іх, і разам яны змагаліся з парушэньнямі рэжыму ўтрыманьня ды жорсткім абыходжаньнем са зьняволенымі.

Міхаіл Жамчужны пакуль асвойваецца на волі. Наведваньне на вакзале ў Воршы прыбіральні скончылася гутаркай зь міліцыянтамі. Яны спраўдзілі ў былога асуджанага дакумэнты і адпусьцілі
Міхаіл Жамчужны пакуль асвойваецца на волі. Наведваньне на вакзале ў Воршы прыбіральні скончылася гутаркай зь міліцыянтамі. Яны спраўдзілі ў былога асуджанага дакумэнты і адпусьцілі

Міхаіл Жамчужны таксама кажа, што ратаваўся ў штрафным ізалятары і памяшканьні камэрнага тыпу ад асуджаных, якія з ініцыятывы адміністрацыі перасьледавалі яго і правакавалі на парушэньне зонаўскіх традыцыяў. Па словах палітвязьня, гэта пачалося пасьля сустрэчы з кіраўніком вязьніцы, які назваў яго «здраднікам Беларусі» і паабяцаў, што ў калёніі яго «задавяць».

Міхаіл адзначае, што стараўся пазьбягаць канфліктаў з асуджанымі, але калі зразумеў безвыходнасьць свайго становішча, то запатрабаваў, каб адміністрацыя стварыла яму бясьпечныя ўмовы ўтрыманьня. Такім месцам быў штрафны ізалятар і памяшканьне камэрнага тыпу.

«Я, прызнаюся, не чакаў прэсінгу з боку асуджаных, бо заўжды бараніў іхныя правы, — прызнаецца Міхаіл. — Не чакаў ад іх правакацыяў, таму вымушаны быў 3,5 года быць у ізаляцыі. Іншым разам за тыдзень па дзьве, тры камэры мяняў. У Горках мне было цяжкавата».

Чым адрозьніваюцца калёніі і як хварэюць асуджаныя на каранавірус

За 6,5 года Міхаіл Жамчужны пабываў у трох калёніях. Пра першую зь іх, у Навасадах, ён кажа, што там кантынгент «інтэлігентны». Шмат вернікаў і спартоўцаў. Па словах суразмоўцы, там яго паважалі і баранілі, бо дамогся, каб лепей кармілі нявольнікаў.

У ваўкавыскай калёніі ён прабыў толькі месяц у карантыне. Там сутыкнуўся з гэтак званымі «блатнымі» і актывістамі, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. Яго спрабавалі зьневажаць і патрабаваць грошы. Міхаіл напісаў заяву, каб іх прыцягнулі да адказнасьці за вымагальніцтва. Скарзе ходу не далі, а яго перакінулі ў Горкі.

Міхаіл мяркуе, што ў Горацкай калёніі кантынгент асуджаных адрозьніваецца ад таго, што ў Навасадах. У калёніі № 9, кажа ён, адбываюць пакараньне нявольнікі, якімі адміністрацыя без асаблівых намаганьняў маніпулюе.

«У камэрах на сьценах бачыў надпіс: „У гэтай калёніі нас забіваюць знутры“, — згадвае вызвалены. — Калі раней НКВДшнікі забівалі стрэлам у патыліцу, то цяпер мэтодыку ўдасканалілі: ламаюць псыхалягічна. Паколькі я стараўся дыстанцыявацца ад усіх, то захаваў сваю псыхіку нармальнай».

Пра здароўе Міхаіл Жамчужны кажа, што яно ў норме. Кожны дзень, каб трымаць сябе ў тонусе, займаўся фізкультурай. Два месяцы таму перахварэў на каранавірус. Па ягоных словах, вірус на зоне «падхапілі амаль усе», а тыя, каго трымалі ў памяшканьнях камэрнага тыпу і ў штрафным ізалятары, — пагалоўна. Асуджаныя казалі Міхаілу Жамчужнаму, што ў калёніі, каб ізаляваць «завірусаваных», стварылі асобны атрад.

Як пратэстуюць зьняволеныя і як з іншадумствам змагаецца адміністрацыя

Суразмоўца называе калёніі мадэльлю грамадзтва, дзе ўлады праводзяць экспэрымэнт, якімі спосабамі падаўляць індывідуальнасьць і іншадумства. Аднак гэты мэханізм рэпрэсіяў не заўжды спрацоўвае, кажа ён.

Міхаіл Жамчужны кажа, што 28 верасьня адзін з асуджаных разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг на пляцоўцы, дзе зэкам забаронена знаходзіцца. Цяпер яго моцна прэсуюць за дэманстрацыю непадпарадкаваньня з «апазыцыйнай сымболікай». Дваццаць дзён ён адбыў у штрафным ізалятары, яго зрабілі злосным парушальнікам і зьбіраюцца накінуць да прысуджанага пакараньня год ці два. Распачалі крымінальную справу.

Па словах Жамчужнага, гэты асуджаны меўся выйсьці на волю 17 траўня як зьняволены, які стаў на шлях выпраўленьня.

Міхаіл таксама сьцьвярджае, што яму вядома пра некалькіх асуджаных, якія пашылі бел-чырвона-белыя сьцягі і не прызнаюць Лукашэнку за прэзыдэнта. Для іх гэтую пасаду мае заняць Сьвятлана Ціханоўская. Па словах вызваленага праваабаронцы, такіх людзей адміністрацыя стараецца выяўляць і караць.

Жамчужны кажа, што папулярная форма пратэсту ў калёніях — групавыя галадоўкі, і ў бальшыні выпадкаў яны даюць станоўчы эфэкт. Па ягоных словах, на 10 дзень галадаваньня да зьняволеных прыходзіць пракурор, якому расказваюць аб праблемах калёніі. Адміністрацыя па-рознаму запалохвае галадоўнікаў. Найчасьцей выкарыстоўваюць «блатных», якія страшаць пратэстоўцаў тым, што іх зробяць асуджанымі зь нізкім статусам. Міхаіл адзначае, што часам гэта спрацоўвае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG