Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вернікі маліліся каля забранага будынку пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» ў Менску

абноўлена

Удзельнікі малітвы каля забранай уладамі царквы Новае жыцьцё ў Менску. 21 лютага. Фота Нашай нівы (Nn.by).

21 лютага ў Менску на вуліцы каля будынку забранай уладамі ў вернікаў царквы прайшла малітва.

Малітва пачалася апоўдні і сабрала некалькі соцень чалавек. Міліцыя не разганяла яе ўдзельнікаў.

Напярэдадні нядзельнай малітвы сытуацыя вакол пратэстанцкай царквы набыла вялікі розгалас. Людзі заклікалі выходзіць у нядзелю на малітву, а таксама падтрымліваць вернікаў «Новага жыцьця» інфармацыйна. Яны ўзгадвалі, што ўжо давялося прайсьці царкве пасьля нападаў улады на яе.

Пастар Вячаслаў Ганчарэнка параўнаў высяленьне царквы з будынку з вырываньнем душы, паведамляе «Белсат».

«Выгнаць верніка са сьвятыні — гэта тое ж самае, што выгнаць чалавека з кватэры. Гэта тое ж самае, што душу выселіць з цела. Няма ніякай розьніцы. Мы ўсе адчулі, нібыта вырвалі нашу душу. Нібы нейкая пустэча ўтварылася ад той несправядлівасьці, зь якой мы сутыкнуліся».

Што адбылося з царквой?

17 лютага судовыя выканаўцы ўварваліся ў царкву ў суправаджэньні міліцыянтаў падчас малітвы. У царкве на той момант знаходзіліся каля 50 вернікаў. Яны апісалі маёмасьць, а вернікаў выгналі, пагражаючы ім арыштам.

Рэлігійная грамада Царквы хрысьціян поўнага Эвангельля «Новае жыцьцё» ў Менску летась атрымала судовае прадпісаньне вызваліць будынак на вуліцы Кавалёва, 72 да канца году. У адваротным выпадку царкве пагражалі прымусовым высяленьнем. Цяпер улады гораду заплянавалі ў гэтай мясцовасьці будаўніцтва кварталу шчыльнай забудовы.

Вернікі «Новага жыцьця» пасьля выбараў запісалі відэазварот, у якім выказаліся супраць забойстваў, гвалту і катаваньняў, ілжывых сьведчаньняў у судах, маніпуляцый.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG