Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сымбалі рэваншу і помсты. У Маскве спрабуюць вярнуць манумэнт Дзяржынскаму, у Менску — узьвесьці «помнік народнаму адзінству»


Знос помніка Дзяржынскаму ў Маскве 22 жніўня 1991 году

У Расеі чарговы раз спрабуюць вярнуць помнік Дзяржынскаму на Лубянскую плошчу перад будынкам ФСБ (колішняга КДБ СССР). 25 лютага сярод масквічоў пачнецца галасаваньне з гэтай нагоды. Зусім магчыма, што «жалезны Фэлікс», які доўгія гады быў сымбалем усёмагутнасьці савецкіх спэцслужбаў, вернецца на сваё звыклае месца ўжо ўвосень.

Той, хто трыццаць гадоў таму назіраў гістарычныя кадры з Лубянскай плошчы, зробленыя 21 жніўня 1991-га, наўрад ці забыў вострае адчуваньне канца эпохі, якое тады ахапіла ўсё грамадзтва. Пратэстоўцы, натхнёныя паразай камуністычнага путчу, накінулі трос на шыю бронзаваму Дзяржынскаму, і падагнаны аўтакран лёгка адарваў скульптуру ад пастамэнту. Для многіх тады гэта выглядала як відавочны сымбаль краху і камуністычнай сыстэмы, і самога СССР.

Цягам апошніх трыццаці гадоў на плошчы перад ФСБ, дзе раней стаяў помнік, расьлі кветкі. Але ўжо гадоў дваццаць, адразу пасьля таго, як прыйшоў да ўлады Пуцін, гучаць патрабаваньні вярнуць Дзяржынскага на ранейшае месца. За гэта змагаліся то камуністы, то колішні мэр Лужкоў, то вэтэраны спэцслужбаў. Сам помнік, дарэчы, ня зьнішчылі і не пераплавілі: ён стаіць у парку «Музэон» на Крымскім вале, гатовы хоць заўтра вярнуцца ў цэнтар Масквы.

Помнік Дзяржынскаму ў маскоўскім парку «Музэон»
Помнік Дзяржынскаму ў маскоўскім парку «Музэон»

Знак вяртаньня Расеі ў «савецкую гавань»

Здавалася б, ну што той Дзяржынскі для сёньняшняй Расеі? Постаць гэтая для «русского мира» і ідэі імпэрскай велічы даволі спрэчная. Польскі шляхціц. Прафэсійны рэвалюцыянэр. Усё сьвядомае жыцьцё змагаўся з імпэрскім рэжымам. Галоўная частка біяграфіі — турмы, ссылкі, катаргі, «падрыўная дзейнасьць з-за мяжы».

Але справа тут, выглядае, зусім ня ў постаці самога Дзяржынскага.

Вяртаньне «жалезнага Фэлікса» на Лубянскую плошчу — гэта сымбаль, знак завяршэньня таго працэсу, які доўжыўся два дзесяцігодзьдзі ўладарства Пуціна. Гэта вяртаньне Расеі ў савецкую гавань, зь якой з такімі вялізнымі намаганьнямі спрабаваў вывесьці яе Ельцын у жніўні 1991-га.

Партрэты Дзяржынскага, як сьведчаць відавочцы, і па сёньня вісяць у кабінэтах многіх супрацоўнікаў ФСБ. І тое, што «жалезны Фэлікс» вернецца і на плошчу перад будынкам ФСБ — у пэўным сэнсе замацаваньне іхнай перамогі, сьведчаньне той выключнай ролі, якую яны выконваюць у сёньняшняй Расеі. Аднавіць статую стваральніка ВЧК у цэнтры Масквы — паказаць усім, хто сёньня ў расейскім доме гаспадар.

Ды і праўда, яны вельмі пасуюць адзін аднаму: той рэжым, які склаўся ў сёньняшняй Расеі, і бронзавы Дзяржынскі як сымбаль таталітарнай улады. Профіль Дзяржынскага для Пуціна — гэта, мусіць, яшчэ і пэўны сантымэнт, успамін маладосьці, калі партрэт барадатага чэкіста вісеў у кожным кабінэце КГБ.

Ды і ці магчыма ўявіць, каб на гэтым месцы пры Пуціне паставілі помнікі, напрыклад, акадэміку Сахараву альбо Валерыі Навадворскай?

Што праўда, у якасьці альтэрнатывы на месца перад будынкам ФСБ масквічам прапануецца разгледзець яшчэ адну гістарычную постаць — Аляксандра Неўскага. Фігура за даўнасьцю часу меней контравэрсійная і цалкам адпаведная цяперашняй ідэалёгіі: Неўскі змагаўся з экспансіяй Захаду і ладзіў хаўрус з Ардой.

Чуем «Адзінства!», бачым — помста

У Беларусі Дзяржынскага пры Лукашэнку даўно б вярнулі — калі б яго нехта адважыўся зьнесьці на пачатку 90-х. Але ж не — беларускі Дзяржынскі як стаяў насупраць КДБ, так і працягвае стаяць нечапаным.

Знакавай падзеяй, якая паставіла кропку ў дэмакратычных пераўтварэньнях і пазначыла перамогу сілаў рэваншу, стала ў Беларусі гісторыя з нацыянальнымі сымбалямі. Калі ў 1995 годзе Лукашэнка вяртаў крыху падпраўленыя савецкія герб і сьцяг, гэта нават вонкава было падобна на вяртаньне Дзяржынскага на старое месца. Памятаеце славутае фота, як з дапамогай аўтакрана здымаюць бронзавую Пагоню з Дома ўраду ў Менску? Здаецца, такім самым аўтакранам дэмантавалі помнік Дзяржынскага з Лубянкі. У гэтым сэнсе беларускі пракамуністычны рэванш адбыўся значна раней, чым у Расеі.

Пагоню здымаюць з дому ўраду, 23 траўня 1995
Пагоню здымаюць з дому ўраду, 23 траўня 1995

Але тое было надта даўно, пачуцьцё таго трыюмфу даўно забытае. А ўвекавечыць сваю перамогу над палітычнымі апанэнтамі ўзору 2020–2021 году (перамогу канчатковую ці прамежкавую — іншае пытаньне) таксама карціць.

Хацелася б памыліцца, але, мяркую, менавіта як манумэнт гэтай перамозе задуманы помнік «народнаму адзінству», устаноўка якога была ўхвалена на так званым «Усебеларускім народным сходзе» (Лукашэнка даручыў адміністрацыі і ўраду вырашыць пытаньне ўжо сёлета).

Увогуле, калі Лукашэнка ўпершыню загаварыў пра «народнае адзінства» у сваім апошнім навагоднім звароце, большасьць беларусаў першапачаткова ўспрыняла гэта як пазытыўны сыгнал — знак прымірэньня, залагоджваньня вострага палітычнага канфлікту, загойваньня ранаў. Пра тое, што мелася на ўвазе зусім іншае адзінства, стала зразумела крыху пазьней.

Як выявілася, «народнае адзінства» ў разуменьні рэжыму — гэта не дыялёг, не вызваленьне палітвязьняў і не «круглы стол» з апанэнтамі. Іхнае «адзінства» — гэта адзінства тых, хто вакол Лукашэнкі, хто падтрымлівае палітычныя рэпрэсіі і лічыць, што ўсіх нязгодных можна і трэба «закачаць у асфальт». На УНС-6 у бок палітычных апанэнтаў гучалі пераважна зьнявагі і лаянка: «пратэстуны», «іпэшнікі-тарбэшнікі», «пахаваліся пад плінтус»... Які там дыялёг? Які кампраміс ці перамовы? Пра гэта ні слова.

І што ў такім разе зь сябе будзе ўяўляць іхны «помнік народнаму адзінству», узьведзены ў гэты пэрыяд помсты, гвалту, прыніжэньня і зьдзеку?

Бронзавую фігуру «красаўца» ў балаклаве, які з дубінай наперавес абыходзіць кучку прыціснутых да сьцяны перапалоханых жанчын, як на вядомым фота зь леташніх пратэстаў? Ці расстрэл бяззбройнага Тарайкоўскага? Ці пастаўленых на калені пратэстоўцаў ля сьцяны турмы на Акрэсьціна?

Прыгожы і правільны слоган «Адзінства. Разьвіцьцё. Незалежнасьць» гучыць крывадушна і цынічна, калі рэчаіснасьць на кожным кроку сьведчыць пра раскол, дэградацыю і страту незалежнасьці.

Гісторыя іншых нацый, якія прайшлі праз падобныя грамадзянскія канфлікты, сьведчыць: помнікі «народнаму адзінству» ставяць не тады, калі сотні людзей працягваюць пакутаваць у турмах толькі за тое, што адважыліся публічна выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю. І не тады, калі той, хто мае ў руках дубіну, працягвае помсьціць бяззбройнаму і безабароннаму... Інакш такія помнікі ненадоўга перажывуць тых, хто іх ставіў.

Гэта, дарэчы, датычыць і помніка Дзяржынскаму ў Маскве. Нават калі яго і вернуць на Лубянку, наўрад ці ён прастаіць там даўжэй, чым будзе заставацца пры ўладзе Пуцін.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG