Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Ерэвану пратэстоўцы перакрылі некалькі вуліц


Пратэсты ў Ерэване. Архіўнае фота, 23 лютага 2021 году

Раніцай 25 лютага пратэстоўцы перакрылі рух на шэрагу цэнтральных праспэктаў і вуліц Ерэвану і запатрабавалі адстаўкі прэм’ер-міністра Армэніі Нікола Пашыньяна, перадае армянская служба Радыё Свабода.

Чальцы «Руху за выратаваньне Айчыны» загадзя не абвяшчаюць месца і час акцый непадпарадкаваньня.

На станцыях мэтро пратэстоўцы пачалі спыняцца ў дзьвярах вагонаў, не дазваляючы машыністам кранацца зь месца, гэта выклікала збоі ў працы мэтрапалітэну.

Акцыі з розных раёнаў гораду трансьлююцца ў жывым эфіры мясцовых СМІ.

Паліцыя змагла аднавіць рух не некаторых вуліцах, ёсьць затрыманыя. Выданьне «Навіны Армэніі» паведамляе, што актывісты разблякавалі перакрытыя вуліцы.

Раней сёньня стала вядома пра звальненьне першага намесьніка начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Армэніі Тырана Хачатр’яна. Адпаведны ўказ апублікаваны на сайце прэзыдэнта Армэніі.

Гэта адбылося пасьля таго, як Хачатр’ян раскрытыкаваў словы Нікола Пашыньяна пра неэфэктыўнасьць расейскіх ракетных комплексаў «Іскандэр». Генэрал, які на просьбу журналістаў камэнтаваў заяву прэм’ера, «доўга сьмяяўся» і сказаў, што «гэта немагчыма». Ён таксама адзначыў, што «рабіць высновы з павярхоўнымі ацэнкамі — гэта несур’ёзна».

Акцыі пратэсту з патрабаваньнем адстаўкі прэм’ер-міністра краіны Нікола Пашыньяна праходзяць у Армэніі ўжо некалькі дзён. Напярэдадні дзясяткі праціўнікаў Пашыньяна нэўтралізавалі ахову і ўварваліся ў будынак Ерэванскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Яны абышлі кабінэты з навучэнцамі і выкладчыкамі і запатрабавалі ад іх далучыцца да акцый грамадзянскага непадпарадкаваньня.

Усяго падчас учорашніх акцый у Армэніі затрымалі каля 60 чалавек. Апазыцыя кажа, што будзе пратэставаць кожны дзень да таго часу, пакуль прэм’ер-міністар ня пойдзе ў адстаўку.

Масавыя пратэсты супраць Пашыньяна пачаліся ў Армэніі ў лістападзе 2020 году, адразу пасьля таго як ён падпісаў пагадненьне аб замірэньні ў Карабаху з уладамі Азербайджану і Расеі. У выніку падпісаньня пагадненьня пад кантроль Баку былі вернутыя Агдамскі, Кельбаджарскі і Лачынскі раёны і часткі Мартунінскага, Мартакерцкага і Аскеранцкага раёнаў, горад Шуши (Шуша) і амаль увесь Гадруцкі раён. Уздоўж лініі судакрананьня пасьля заканчэньня баёў была разьмешчана міратворчая місія Расеі.

  • У Армэніі дзеяньні Пашыньяна падчас карабаскай вайны і падпісаньне пагадненьня многія лічаць капітуляцыяй. Аапазыцыя патрабуе адстаўкі кіраўніка ўраду.
  • Пашыньян неаднаразова казаў, што ў адстаўку не падасьць і з абвінавачваньнямі ў здрадзе ня згодны. Паводле яго, бяз мірнага пагадненьня ваенныя дзеяньні і гібель людзей у Карабаху спыніць было немагчыма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG