Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны штаб Узброеных сіл Армэніі запатрабаваў адстаўкі прэм’ер-міністра Пашыньяна


Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Армэніі генэрал Анік Гаспар'ян (справа).

Агенцтвы навінаў распаўсюдзілі заяву Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Армэніі з патрабаваньнем адстаўкі кіраўніка ўраду краіны Нікола Пашыньяна.

«Генэральны штаб Узброеных сіл Рэспублікі Армэніі, — гаворыцца ў заяве, — выказвае свой рашучы пратэст у сувязі з вызваленьнем ад пасады першага намесьніка начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Армэніі зь недальнабачных і неабгрунтаваных прычын, якое было ажыцьцёўлена без уліку нацыянальных і дзяржаўных інтарэсаў Рэспублікі Армэніі, грунтуючыся толькі на асабістых і амбіцыйных пачуцьцях.

Прэм’ер-міністар і ўрад Армэніі з гэтага часу ня ў стане прымаць адэкватныя рашэньні ў гэтай крызіснай і лёсавызначальнай для армянскага народу сытуацыі.

У сувязі з сытуацыяй, якая цяпер утварылася, узброеныя сілы Армэніі патрабуюць адстаўкі прэм’ер-міністра і ўраду Рэспублікі Армэніі, адначасова папярэджваючы ўстрымацца ад прымяненьня сілы супраць народу, чые дзеці загінулі, абараняючы Радзіму і Арцах».

У адказ на заяву вайскоўцаў Нікол Пашыньян заявіў пра спробу вайсковага перавароту ў краіне і заклікаў сваіх прыхільнікаў выйсьці на вуліцы.

Раней сёньня стала вядома пра звальненьне першага намесьніка начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Армэніі Тырана Хачатр’яна. Адпаведны ўказ апублікаваны на сайце прэзыдэнта Армэніі.

Гэта адбылося пасьля таго, як Хачатр’ян раскрытыкаваў словы Нікола Пашыньяна пра неэфэктыўнасьць расейскіх ракетных комплексаў «Іскандэр». Генэрал, які на просьбу журналістаў камэнтаваў заяву прэм’ера, «доўга сьмяяўся» і сказаў, што «гэта немагчыма». Ён таксама адзначыў, што «рабіць высновы з павярхоўнымі ацэнкамі — гэта несур’ёзна».

Раніцай 25 лютага пратэстоўцы перакрылі рух на шэрагу цэнтральных праспэктаў і вуліц Ерэвану і запатрабавалі адстаўкі прэм’ер-міністра Армэніі Нікола Пашыньяна, перадае армянская служба Радыё Свабода.

  • Масавыя пратэсты супраць Пашыньяна пачаліся ў Армэніі ў лістападзе 2020 году, адразу пасьля таго, як ён падпісаў пагадненьне аб замірэньні ў Карабаху з уладамі Азербайджану і Расеі. У выніку падпісаньня пагадненьня пад кантроль Баку былі вернутыя Агдамскі, Кельбаджарскі і Лачынскі раёны і часткі Мартунінскага, Мартакерцкага і Аскеранцкага раёнаў, горад Шуши (Шуша) і амаль увесь Гадруцкі раён. Уздоўж лініі судакрананьня пасьля заканчэньня баёў была разьмешчана міратворчая місія Расеі.
  • У Армэніі дзеяньні Пашыньяна падчас карабаскай вайны і падпісаньне пагадненьня многія лічаць капітуляцыяй. Аапазыцыя патрабуе адстаўкі кіраўніка ўраду.
  • Пашыньян неаднаразова казаў, што ў адстаўку не падасьць і з абвінавачваньнямі ў здрадзе ня згодны. Паводле яго, бязь мірнага пагадненьня ваенныя дзеяньні і гібель людзей у Карабаху спыніць было немагчыма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG