Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сын служыць у АМАПе, перажывае за сястру». Бацька 22-гадовай Юліі Кашаверавай зь Віцебску пра прысуд дачцэ


Юлія Кашаверава

22-гадовая Юлія Кашаверава ў віцебскім СІЗА ўжо 5 месяцаў — з 20 кастрычніка мінулага году. 23 лютага суд Кастрычніцкага раёну Віцебску прысудзіў ёй 1,5 года пазбаўленьня волі за тое, што на маршы пратэсту яна пашкодзіла міліцэйскі бус і сарвала шапку і маску з амапаўца.

У чым зьвінавацілі Юлію Кашавераву

Дзяржаўны абвінаваўца Ўладзімер Лабацкі прасіў пакараць Юлію шасьцю гадамі калёніі агульнага рэжыму. Аднак судзьдзя Сяргей Будрэвіч вырашыў, што дзяўчына вінаватая па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу (злоснае хуліганства), а не па частцы 2 гэтага артыкула, як яе першапачаткова абвінавачвалі.

Паводле абвінавачаньня, якое прыводзіць Праваабарончы цэнтар «Вясна», 4 кастрычніка Юлія брала ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

На Маскоўскім праспэкце да пратэстоўцаў пад’ехала міліцыя, аднаго з мужчын затрымалі. Пратэстоўцы спрабавалі яго адбіць, а сілавікі ўжылі газ.

Акцыя ў Віцебску, 17 жніўся 2020 года
Акцыя ў Віцебску, 17 жніўся 2020 года

Падчас канфлікту зь міліцыяй Юлія пашкодзіла міліцэйскі бус, ударыла па ім нагой ня менш як тры разы і нанесла ўвагнутасьць і драпіны, а таксама кінула ўсьлед машыне драўляную палку.

Гэтымі дзеяньнямі, паводле абвінавачаньня, Юлія нанесла шкоду на 841 рубель. Сямʼя дзяўчыны ўжо кампэнсавала гэтую суму.

Юлія таксама сарвала мэдычную маску і форменную шапку з камандзіра зьвяна АМАПу Аляксея Альхімовіча.

Паводле ПЦ «Вясна», Юлія Кашаверава часткова прызнала сябе вінаватай. Яна заявіла ў судзе, што хацела аказаць мэдычную дапамогу хлопцу, якога затрымлівалі амапаўцы і які ўпаў на зямлю. Юлія сказала, што хлопец ляжаў бяз руху, тварам уніз. Яна хацела даведацца, у прытомнасьці ён ці не, і спрабавала прайсьці да яго праз натоўп. Аднак ёй не дазволілі дапамагчы. У гэты час міліцыянты ўжылі газ супраць людзей, ён трапіў і на Юлію. Тады дзяўчына не стрымалася і тройчы ўдарыла ззаду па міліцэйскім бусе. Яна казала, што па бакавых дзьвярах буса ня біла і не зрывала маску і кепку з амапаўца.

Што вядома пра Юлію

Юлія Кашаверава ў мінулым годзе скончыла Віцебскі мэдычны каледж па спэцыяльнасьці «лячэбная справа» і 29 ліпеня паступіла на працу мэдычнай сястрой у 103-ю дэсантную брыгаду. Дзяўчыну звольнілі з працы 9 кастрычніка, пасьля таго як 4 кастрычніка яе затрымалі і завялі справу за ўдзел у акцыі па артыкуле 23.34.

Суд над ёю пачаўся 7 кастрычніка, справу накіравалі на дапрацоўку, а саму Юлію адпусьцілі. Але 20 кастрычніка на кватэру прыехалі чацьвёра супрацоўнікаў міліцыі, якія правялі вобшук і зноў затрымалі Юлію. З вобшукам прыяжджалі яшчэ і 22 кастрычніка. Справу завялі па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу («злоснае хуліганства»). Потым новы сьледчы перакваліфікаваў справу на частку 2 артыкула 339.

«Пасьля выпуску Юлія адпрацавала крыху больш за два месяцы, — кажа бацька Юліі Сяргей Кашавераў. — Дагэтуль яна вучылася ў іншай навучальнай установе, але там не спадабалася, вырашыла паступіць у мэдычны каледж. Гэта было яе рашэньне».

Сяргей Кашавераў — былы вайсковец, падпалкоўнік запасу, звольніўся ў 2013 годзе. За тры месяцы да затрыманьня Юліі ў яе памерла маці, якая хварэла на рак.

«Нам давалі пражыць пару месяцаў, мы пражылі год і тры, скажам так, крыху паваявалі, як маглі, — кажа Сяргей Кашавераў. — Гэта якраз быў Дзень настаўніка, я тады ёй напісаў, што якраз тры месяцы, як памерла маці. Яна сказала, што пойдзе ў краму, потым зьбіралася ў царкву. Паехала зь сяброўкай, узяла ўдзел у шэсьці. А да царквы вечарам не дайшла, яе забралі».

Віцебск, 16 жніўня
Віцебск, 16 жніўня

Сяргей Кашавераў нарадзіўся ва Ўкраіне, ажаніўся і застаўся ў Беларусі.

«Самы вялікі парадокс, што ў мяне яшчэ ёсьць сын, які служыць у Менскім абласным АМАПе, — кажа бацька Юліі Кашаверавай. — Калі Юля папалася, яму не далі прасоўваньня па службе. Здаваў нарматывы, павінен быў перайсьці ў іншую групу. Але з той прычыны, што на сястру распачалі крымінальную справу, ён не паехаў. Брат, вядома, перажывае за сястру».

«Можна было кулаком выраўняць»

Паводле Сяргея Кашаверава, Юлія паддалася эмоцыям, і справу трэба было разглядаць па адміністрацыйным, а не па крымінальным артыкуле.

«Гэта маё меркаваньне, і я яго трымаюся, — кажа ён. — Ёсьць відэа, выразна ўсё бачна, яна зрабіла тры ўдары, умяціна ў машыне 2 мілімэтры. Яе, па-руску кажучы, можна было кулаком выраўняць. А ёй палічылі яшчэ і бакавыя дзьверы, да якіх яна не дакраналася, зрабілі зь яе спачатку арганізатара, што маску нейкую здымала, а яна яе не здымала».

Бацька Юліі праглядаў запіс здарэньня на вялікім экране, бо на судзе яго глядзелі на ноўтбуку, а гэты памер не дазваляе ўсё заўважыць.

«Таго, што Юлія ў некага сарвала гэтую маску, няма нідзе. Яна падымала яе каля машыны, потым яна яе выпусьціла, калі пырснулі газ, і потым другі раз падняла. Усе відэа мы прадставілі суду, аднак суд палічыў, што яна нібыта сарвала. Хоць ніводзін з амапаўцаў ня бачыў і ня мог пацьвердзіць, што яна нешта здымала».

Сяргей кажа, што дачка ўдарыла па міліцэйскай машыне праз эмоцыі.

Акцыя ў падтрымку Лукашэнкі, Віцебск, 20 жніўня
Акцыя ў падтрымку Лукашэнкі, Віцебск, 20 жніўня

«Яшчэ калі вучылася ў каледжы, ехала ў аўтобусе, у пасажыра здарыўся прыступ эпілепсіі. Усе ўцяклі, а яна засталася, аказала першую мэдычную дапамогу, дастала язык. Патэлефанавала ў „хуткую“ і адправіла, — кажа бацька. — Яна эмацыйна ўсё ўспрымае і імкнецца дапамагчы. І ў гэтым выпадку яна ўбачыла, што чалавек упаў, і ёй хацелася дапамагчы».

Сяргею Кашавераву ўжо дазволілі першае спатканьне з дачкой, яно адбудзецца ў бліжэйшыя дні. Ён кажа, што дачка памянялася і па лістах бачна, што «стала больш сурʼёзнай і дарослай».

«Я меркаваў, што дадуць нават больш, улічваючы сытуацыю і тое, якія ўсім даюць тэрміны. Але я чакаў умоўнага тэрміну. Далі 1,5 года рэальнага. Але я лічу, што яна ўсё ўсьвядоміла і можна было вырашаць пытаньне ўмоўнага тэрміну».

Юлія прасіла перадаць ёй мэдычныя кнігі, аднак у СІЗА не дазволілі. Яна марыць на волі займацца сваёй любімай справай — мэдыцынай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG