Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыя Калесьнікава ў інтэрвію з-за кратаў: «„Красаўцы“ здрадзяць дыктатару»


Марыя Калесьнікава і адвакат Ільля Салей

Палітзьняволеная Марыя Калесьнікава з-за кратаў дала інтэрвію пра ўмовы ўтрыманьня, веру ў будучыню і фобіі Лукашэнкі.

Марыя Калесьнікава, якая ад 8 верасьня 2020 году знаходзіцца за кратамі, дала інтэрвію выданьню The Village Belarus. Мінулагодні масавы выхад людзей на вуліцы Калесьнікава ўжо лічыць перамогай страху. Але беларусаў «яшчэ спрабуюць закатаць у чырвона-зялёны асфальт». Тым ня меней, Марыя ўпэўнена, што «свабодных моцных людзей больш ніколі не загнаць „пад плінтус“».

У турме ў яе зьявілася «яшчэ больш самадысцыпліны, парадку ў справах і галаве», гэта разьвівае здольнасьць не зьвяртаць увагі на нязручнасьці. Зьняволеньне яна ня лічыць нагодай для смутку і па-ранейшаму сьмяецца.

Калесьнікава сказала, што ня бачыла лістоў Сьвятланы Ціханоўскай, бо працуе цэнзура, якая часова абмежавала ці спыніла ліставаньне з аднадумцамі. Яна пажадала Ціханоўскай сілаў у барацьбе.

«Сотні лістоў ад сястры, таты, блізкіх проста не дайшлі, як і мае ім. Але абуральныя выпадкі, калі ў сьнежні атрымала ліст № 25, а ў лютым № 65 (маецца на ўвазе ад аднаго і таго ж адрасата). Усе лісты першай клясы з укладзеным капэртай першай клясы, разам 80 аплачаных капэртаў першай клясы. Ні пошта, ні начальнікі за гэта не адказалі».

Па словах зьняволенай дзяячкі, яна стала адчувае вялікую ўвагу пэрсанальна да сябе. У прыватнасьці, сустрэчы з адвакатам адбываюцца ў спэцкабінэце для прысуджаных да сьмяротнага пакараньня, а яе скаргі ў Генпракуратуру, Мінюст і іншыя дзяржаўныя інстанцыі не прапускаюць.

Плакала Калесьнікава апошні раз у сьнежні, у сувязі са зьвесткай пра сьмерць дзядзькі ад каранавірусу. А ў хаўрусьніках яна упэўнена, таму не зьбіраецца пакідаць каманду Віктара Бабарыкі, якую лічыць вельмі прафэсійнай.

Таксама Марыя перакананая, што Лукашэнку ўрэшце падвядуць фобіі, яны разам з ціскам беларусаў спыняць яго кіраваньне. Яна пераканана, што чалавек, які «сам сябе называе дыктатарам», не давярае нікому, бо ўсьведамляе, што яму могуць здрадзіць.

«„Красаўцы“ кінуць яго і вокам не міргнуць. Хто ж захоча адказваць за кроў, гвалт і развал краіны разам зь ім? Правільна, ніхто. А ўсе гэтыя бясконцыя „жудзікі“ пра танкі, аўтаматы, Чаўшэску, Кадафі зь яго вуснаў — самае яскравае пацьверджаньне. Ён баіцца да жаху, бо ведае, што ўрэшце застанецца зусім адным».

У чым абвінавачваюць Калесьнікаву

Марыю Калесьнікаву схапілі на вуліцы Менску 7 верасьня 2020 году і спрабавалі вывезьці зь Беларусі, але на мяжы яна парвала свой пашпарт. Тады яе афіцыйна затрымалі і выставілі абвінавачаньне «ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і сеткі інтэрнэт».

У канцы сьнежня Генэральная пракуратура завяла супраць Калесьнікавай і іншых сяброў Каардынацыйнай рады крымінальныя справы «па фактах стварэньня экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньня ім з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

У лютым Калесьнікаву і аднаго зь яе адвакатаў Максіма Знака абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357) і ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньні ім» (ч. 1 арт. 361-1), пакінуўшы пад вартай.

Яшчэ адзін адвакат Калесьнікавай — Ільля Салей — знаходзіцца пад хатнім арыштам. Яшчэ дваіх яе адвакатаў, Аляксандра Пыльчанку і Людмілу Казак, пазбавілі ліцэнзій.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG