Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хтосьці мусіць з усяго гэтага засьмяяцца. Каб ня плакаць


Судовы канвэер у Гомлі

Палітычны перасьлед, суды, рэпрэсіі, затрыманьні выклікаюць злосьць, гнеў, апатыю, дэпрэсію, праклёны і сьлёзы. Страх. Тое самае могуць зрабіць з кожным, і па мяне могуць прыйсьці. Жах пякельны...

Успамінаю гульню, якой мы забаўляліся ў дзяцінстве ў вёсцы. Ня ведаю яе паходжаньня. Можа быць, прывезьлі ў нашу вёску «ўнукі» (так называліся ўсе дзеці, якія жылі ў гарадах і прыяжджалі да бабуль на выходныя).

«Мы пашыем прынцэсе сукенку і пакладзём яе ў труну»

Гульня была такой. Выбіралася «прынцэса». Яе клалі на падлогу. Яна мусіла скласьці рукі на грудзях і заплюшчыць вочы. Абавязковая ўмова — не ўсьміхацца, не сьмяяцца. Астатнія сядалі на падлогу вакол яе і падсоўвалі пад тулава і ногі па два пальцы. «Вядоўца» сядаў за галавой «прынцэсы» і вёў рэй.

«Памерла прынцэса», — трагічным голасам пачынаў «вядоўца». «Памерла прынцэса, памерла прынцэса, памерла прынцэса», — шэптам і рэхам паўтаралі адзін за адным удзельнікі па коле. «Хто яе будзе хаваць?» — працягваў «вядоўца». «Хто, хто, хто?» — паўтаралі рэхам удзельнікі.

Далей ішло: «Мы пашыем ёй сукенку» («Сукенку, сукенку..») і «Яе цела будзе лёгкім, як пух» («Пух, пух, пух...» — казалі ўдзельнікі і па чарзе тройчы дзьмухалі на прынцэсу). «Сэнс які?» — закрычыць стомлены чытач. Мы сьвята верылі, што калі ніхто за ўвесь «абрад» не засьмяецца, то мы здолеем падняць цела прынцэсы на двух пальцах удзельнікаў.

Можна здагадацца, што абавязкова і безумоўна нехта псаваў гульню, бо пачынаў ці усьміхацца — і пасьля душыцца сьмехам, ці адразу рагатаць — і тады ўсё прапала. Удзельнікі страшна абураліся, і пачыналі крычаць: «Усё празь цябе! Каб ня ты, мы б паднялі прынцэсу!» І гульня пачыналася зноў.

Часам, калі ўсе неймавернымі намаганьнямі захоўвалі твары трагічнымі і панылымі, і нават даходзіла да «пад’ёму» прынцэсы, мне, і ня толькі, здавалася, што мы яе сапраўды падымаем двума пальцамі. Можа быць, нават і падымалі. Але ў гэты момант абавязкова нехта пачынаў душыцца сьмехам — з паняверкі, бо «Такога ня можа быць!»

Гэтую гульню мы вельмі любілі. І былі сьвята перакананыя, што вінаватыя ва ўсім мы самі. І, каб толькі не засьмяяліся, паднялі б прынцэсу. Сьмех — ён такі заразны.

Нават у Аўшвіцы былі конкурсы прыгажосьці

Да чаго гэта ўсё? Да таго, што нехта мусіць урэшце засьмяяцца з таго, што адбываецца. Я ўпэўнена і сёньня: калі мы ўсе пачнём сьмяяцца (шчыра, дружна, шмат, і сьмех наш будзе хорам сярод гэтага гора), праклёны і закляцьці спадуць з нашай гаротнай зямелькі.

Бо страшныя, агідныя, прыкрыя рэчы робяцца толькі і выключна з сур’ёзнымі, змрочнымі тварамі. Мы спрабуем ім супрацьстаяць, як малпы ці папугаі, таксама з сур’ёзнымі і змрочнымі тварамі. Гэта не працуе.

Эдыт Эгер у 16-гадовым узросьце трапіла ў Аўшвіц. Там загінулі яе родныя. Сама яна цудам выжыла і стала вядомай пісьменьніцай і псыхатэрапэўтам. У кнізе «Выбар» яна між іншым прыводзіла два выпадкі, як зьнясіленыя, схуднелыя, страшныя дзяўчаты, проста хадзячыя трупы, праводзілі паміж сабой «конкурс прыгажосьці» і «проста паміралі са сьмеху».

Ці, калі справа ўжо ішла да перамогі над Гітлерам, выжыўшыя ў Аўшвіцы дзяўчаты раздабылі недзе бульбяныя шалупайкі, смажылі іх, елі гарачымі і давіліся. «Вось было б сьмеху — перажылі Аўшвіц, а памерлі ад таго, што падавіліся бульбянымі лупінамі», — жартавалі дзяўчаты.

Сур’ёзныя дзядзькі выносяць сур’ёзыя прысуды дзецям

Што ж сёньня? Сур’ёзныя дзядзькі з сур’ёзнымі тварамі, якія мусілі б лавіць і судзіць гвалтаўнікоў, забойцаў і карупцыянэраў, ловяць і судзяць «ненадзейных». За фіранкі «не такога колеру», за сьцяг у лесе, за карагод у горадзе, за карціну «Барсук», за чахол на тэлефоне, за макет сьцяга; за тое, што людзі хадзілі, стаялі, крычалі ці маўчалі.

Сур’ёзныя дзядзькі з сур’ёзнымі тварамі прысуджаюць 16-гадоваму Мікіту Залатарову 5 гадоў турмы.

На прысудзе здаецца, што гэта проста гульня ў «Памерла прынцэса» і зараз судзьдзя засьмяецца і скажа: «Ды ну, я пажартаваў. Адчыніце клетку! Дзе тата Мікіты? Даць яму дзягі, забраць тэлефон на тыдзень, каб ведаў, што ня варта швэндацца вечарамі».

Не... Не сказаў. Не засьмяяўся. Ніхто не сьмяецца. Многія плачуць.

Вы абурыцеся: «Як можна сьмяяцца, чым гэта дапаможа?» Але чым дапамагаюць скруха, праклёны і гнеў?

Вось вам прысуд Дзьмітрыю Гопту, хлопцу з разумовай адсталасьцю: два гады калёніі.

«Ды ну. Вы, мусіць, жартуеце?», — так хочацца падскочыць і спытацца ў занадта сур’ёзнага судзьдзі. Але ніхто не падскочыў, не спытаўся. Мы ўжо ведаем, як гэта могуць трактаваць — як у Смаргонях вокліч на судзе «Жыве Беларусь!» давёў да крымінальнай справы.

Ніхто не сьмяецца нават з гомельскага ваенкома, які «перадае зарад энэргіі і рашучасьці».

Ня сьмешна ўжо са шкарпэтак з чырвонымі палоскамі, якія з сур’ёзным тварам апісала і канфіскавала ў жанчыны гомельская міліцыя.

Ня сьмешна — але трэба сьмяяцца. Доўга, ад усяго сэрца, «ва ўсю моц». Толькі так разбурым гэтыя чары і закляцьце.

Сьмяяцца так, каб у вушах зьвінела

Скруха, плач, праклёны, роспач, гнеў і сорам — гэтымі «картамі» лёгка і проста рэагаваць. Яны нічога не каштуюць, але і плёну ад іх — нуль поўны і круглы. Сьмех — дарагое задавальненьне, якое патрабуе высілкаў.

З другога боку, з трэцяга і чацьвёртага — сьмех даволі небясьпечны. Усе сур’ёзныя дзядзькі надта ня любяць сьмеху і не разумеюць яго. «Сьмех падобны дэману, які зьнішчае таго, хто выклікаў пачвару», — піша ў манаграфіі пра сьмех Іван Штэйнер.

Андрэй Мрый хацеў весяліць чытача, але сур’ёзным дзядзькам не спадабалася высьмейваньне — і яны зьнішчылі пісьменьніка, які «выклікаў пачвару».

«Ня можа герой беларускай літаратуры цалкам аддацца весялосьці і сьмеху, яго заўсёды чакаюць больш істотныя справы (...) Бо нам няма калі глупствамі займацца, тым больш сьмяяцца, вялікія справы нас чакаюць», — піша Іван Штэйнер.

Мы не атрымаем місіі і заданьня на «вялікія справы», пакуль ня выканаем «малую справу» — навучымся сьмяяцца так, каб аж у вушах зьвінела і мінакі адскоквалі. Дык разбурым гэтае стогадовае закляцьце сур’ёзнасьці. Так, і толькі так.

P.S. Мне здаецца, што некалі нам малым усё ж удалося падняць «мёртвую прынцэсу» на двух пальцах. Але чаго тое варта, калі ў той дзень ніхто не сьмяяўся? Для чаго наогул падымаць на двух пальцах мёртвую прынцэсу, калі не для сьмеху?

Можа, менавіта сьмех і быў глыбіннай мэтай гульні?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG