Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зламалі палец, пырснулі з балёнчыка і абвінавацілі ў нападзе» — у Віцебску хвораму на анкалёгію інваліду далі 3,5 года турмы


Уладзімер Малахоўскі

Суд Першамайскага раёну Віцебску прызнаў вінаватым у гвалце адносна супрацоўніка міліцыі віцябляніна, інваліда па анкалёгіі Ўладзімера Малахоўскага і прысудзіў яму 3,5 гады зьняволеньня.

Таксама суд цалкам задаволіў пазоў аб кампэнсацыі маральнай шкоды тром міліцыянтам — Уладзімер мусіць заплаціць ім агулам 3 тысячы рублёў, кожнаму міліцыянту па 1 тысячы рублёў.

Уладзімер Малахоўскі адпачатку не прызнаваў сябе вінаватым і казаў у судзе, што доказы ягонай віны сфальшаваныя. Прысуд ён будзе абскарджваць. Сястра жонкі Ўладзімера сказала, што ён будзе абскарджваць прысуд.

«Сам спытаў у міліцыянтаў дазволу прайсьці»

Уладзімера Малахоўскага затрымалі ў Віцебску 13 верасьня, падчас разгону маршу пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў. Жонка Ірына кажа, што і ў судзе муж не адмаўляў, што далучыўся да маршу, бо «быў незадаволены вынікамі, якія абвясьцілі», але тлумачыў, што нікога не чапаў і ў бойку зь міліцыянтамі не ўступаў, паводзіў сябе карэктна.

Відэа разгону маршу пратэсту ў Віцебску 13 верасьня, калі затрымалі Ўладзімера Малахоўскага:

«Ён расказаў, як яго затрымалі. Што сам запытаўся ў міліцыянтаў, ці можна прайсьці. То бок ён сыходзіў, і спачатку яго прапусьцілі, а потым ззаду накінуліся адразу некалькі чалавек. Ён, каб не паваліцца, за некага ўчапіўся, а аказалася, гэта быў міліцыянт. Яго закінулі ў аўтазак і вельмі моцна зьбілі, жывога месца не было. На ўсім целе сінякі і абдзірыны. Яшчэ і палец зламалі», — згадала жонка Ірына вынікі мэдычнай экспэртызы, агучанай па працэсе над мужам.

«Меўся прайсьці абсьледаваньне, але трапіў у СІЗА»

Пасьля затрыманьня Ўладзімер Малахоўскі адбыў 6 сутак у ізалятары. Хоць тады суд яго на арыштаваў, а даў штраф у 4 базавыя велічыні па адміністрацыйным артыкуле 23.34. Але на судзе стала вядома, што Малахоўскі прызнаны падазраваным паводле 364 артыкула Крымінальнага кодэксу — аб ужываньні гвалту да супрацоўніка міліцыі. У выніку справу сапраўды завялі, некалькі месяцаў расьсьледавалі і ў студзені затрымалі Малахоўскага ўжо як абвінавачанага. Ці ўплываў на гэтае рашэньне дыягназ «анкалёгія»?

«Анкалёгію ў Вовы знайшлі 4 гады таму. Спачатку далі 2 ступень інваліднасьці, потым стала лепей — прызналі 3-ю. Рэгулярна праходзіць хіміятэрапію. У красавіку ў яго меліся быць чарговыя дасьледаваньні, магчыма, зноў бы прызначылі хіміятэрапію. Але ён другі месяц у ізалятары, і цяпер лячэньне пад вялікім пытаньнем. Толькі вітаміны перадаць дазваляюць, а лекі — не. У СІЗА перахварэў, кажуць, бранхіт, на суд прыводзілі хворым, кашляў. Твар белы, сам схуднелы, судзьдзя дазволіў не падымацца. А міліцыянты паміж сабой перагаворваліся, што нібыта сымулюе — сама чула», — расказала жонка вязьня.

«Газавы балёнчык быў ад сабак»

Акрамя 6 гадоў зьняволеньня паводле 364 артыкулу, Уладзімеру Малахоўскаму пагражала спагнаньне 3 тысяч рублёў у якасьці кампэнсацыі шкоды, нібыта нанесенай тром міліцыянтам.

Жонка Малахоўскага Ірына згадвае расповед мужа пра інцыдэнт у аўтазаку, які пачула ад яго ў судзе. Жанчына пацьвердзіла, што муж насіў газавы балёнчык.

«Раней, як ішоў аднойчы ў паліклініку, дык на яго напаў сабака. З таго часу насіў у кішэні курткі такі маленькі балёнчык ад бадзяжных сабак. Дык вось казаў, што як пайшоў на шэсьце, балёнчык забыўся пакінуць дома.

Яго затрымалі, закінулі ў аўтазак, пачалі зьбіваць, але яшчэ не аглядалі рэчы. Ён у нейкі момант неяк прыстасаваўся і дастаў той балёнчык, каб схаваць, але міліцыянт гэта заўважыў і балёнчык забраў, а потым сам націснуў на яго. Пырснула газам, а тады міліцыянт падняў лямант, што нібыта іх хацелі атруціць. Але навошта мужу гэта рабіць унутры аўтазака? Ён гэтак і даводзіў суду, што не ён націскаў, а міліцыянт. Прычым пасьля гэтага яго яшчэ больш жорстка пачалі зьбіваць», — распавяла Ірына.

Яна таксама згадала, што паводле пацярпелых міліцыянтаў яе муж нібыта і жэтон з аднаго зь іх сарваў, і відэакамэру. «Гэта яўна немагчыма. Муж мяркуе, што гэта фабрыкацыя доказаў», — распавяла Ірына.

Што кажуць сьведкі?

Паводле жанчыны, у судзе выступілі сьведкі-міліцыянты, якія пацьвердзілі словы пацярпелых міліцыянтаў. Але іх паказаньні жанчына лічыць непраўдзівымі і больш верыць словам сьведкі Алега Яфрэменкі, якога таксама затрымалі на шэсьці 13 верасьня і зьмясьцілі ў аўтазаку ў суседні бокс. Сьведка чуў гукі зьбіцьця Малахоўскага, ягоныя абурэньні і тое, што ён адразу адмаўляў, што нібыта распыліў у аўтазаку газ з балёнчыка.

Хто такі Ўладзімер Малахоўскі

Паводле жонкі Ірыны, яе муж ня быў палітычным актывістам. Уладзімеру 54 гады, для яго гэта другая сям’я, у якой яны гадуюць дваіх непаўналетніх дзяцей — сына 11-ці і дачку 13-ці гадоў. Уладзімер калісьці працаваў плітачнікам, лічыўся добрым майстрам.

«Дагэтуль людзі тэлефануюць, просяць кансультацыі. Але самому ўжо нельга займацца фізычнай працай», — кажа Ірына.

Паводле Ірыны, да арышту яе мужа яны жылі на ягоную пэнсію па інваліднасьці ў 240 рублёў ды на яе заробак у 370 рублёў. Жанчына прызнае, што гэтага вельмі мала — «ледзь зводзілі канцы з канцамі». Згадала, што яшчэ некалькі гадоў таму было лягчэй.

«Вова заняўся турыстычным бізнэсам, калі завочна скончыў унівэрсытэт у Вільні, наш, гуманітарны. Але паступова з гэтым стала складана, а каранавірус канчаткова дабіў бізнэс, бо ніхто нікуды ня стаў езьдзіць. Вова сядзеў дома, займаўся выхаваньнем дзяцей, дапамагаў сваёй маці, якая мае 85 гадоў. А што будзе зараз, калі яго пасадзяць, дык зусім не ўяўляю», — кажа Ірына.

Паводле Ірыны, прысуд яе мужу будзе абавязкова абскарджаны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG