Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адзін з найлепшых дзён у жыцьці». Як палітвязень Сьвятаслаў Герасімук узяў шлюб у СІЗА


Тацяна Герасімук пасьля цырымоніі ў СІЗА-7 Берасьця

Тацяна і Святаслаў разам больш за 5 гадоў. Аднак 22 сьнежня пара нечакана разлучылася — Святаслава затрымалі за падзеі ў Берасьці 10 жніўня. Сёньня хлопец знаходзіцца ў СІЗА-7.

Сьвятаслаў Герасімук зрабіў дзяўчыне прапанову ў студзені ў адным зь лістоў. Яна, не раздумваючы, пагадзілася. З шлюбам маладая пара не цягнула. Расьпісацца вырашылі проста ў СІЗА. «Пасьля 3 месяцаў расстаньня я да апошняга не магла паверыць, што нарэшце сустрэнуся зь ім ужывую, а ня толькі ў снах», — успамінае Тацяна.

Дзяўчына сьцьвярджае, што дзень рэгістрацыі шлюбу стаў для яе больш чым асаблівым. Цырымонія праходзіла ў маленькім пакоі. Сьцены ў ім былі абвешаныя абразамі.

«Я хвалявалася, але жанчына-рэгістратар мяне супакоіла. Сказала, што паспрабуе даць нам магчымасьць пабыць разам даўжэй, — успамінае Тацяна. — Калі Сьвятаслава прывялі і мы зь ім абняліся, у мяне адразу пакаціліся сьлёзы. Ён папрасіў ня плакаць. Стрымаць эмоцыі было цяжка, але я справілася».

Сьвятаслаў і Тацяна. Архіўнае фота
Сьвятаслаў і Тацяна. Архіўнае фота

«Галоўнае не здавацца і працягваць ісьці наперад»

Тацяна думае, што падрыхтавацца да дня росьпісу Сьвятаславу дапамаглі сукамэрнікі. Дату шлюбу яна паведаміла жаніху загадзя.

«Ён быў у пінжаку, туфлях. Раней я ня бачыла яго ў такім дзелавым стылі», — кажа суразмоўца. Падчас рэгістрацыі шлюбу маладыя ўвесь час трымалася за рукі. Пасьля абмену пярсьцёнкамі іх абвясьцілі мужам і жонкай. На заканчэньне пара пацалавалася.

Нягледзячы на тое, што цырымонія доўжылася каля 10 хвілін, Тацяна прызнаецца, што ў той момант, упершыню за 3 месяцы, адчула сябе неймаверна шчасьлівай.

«Гэты дзень адназначна стаў адным з найлепшых у маім жыцьці, — кажа дзяўчына. — На выхадзе зь СІЗА мяне сустрэлі сябры — павіншавалі, падарылі кветкі. Пасьля разам зь сяброўкай (таксама жонкай палітвязьня) мы пайшлі ў кавярню. На гэтым банкет закончыўся».

Тацяна запэўнівае, што незвычайныя абставіны шлюбу толькі ўмацавала іх з мужам перакананьне ў пазытыўным вырашэньні складанай жыцьцёвай сытуацыі.

«Усё, што цяпер адбываецца, — гэта толькі часовыя цяжкасьці, якія трэба пераадолець. Галоўнае не здавацца і працягваць ісьці наперад», — запэўнівае суразмоўца.

Тацяна пасьля цырымоніі ў СІЗА
Тацяна пасьля цырымоніі ў СІЗА

«Спадзяёмся на лепшае»

25-гадовы Святаслаў Герасімук знаходзіцца ў чацьвёртай дзясятцы абвінавачаных паводле ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках) за акцыі пратэсту ў Берасьці 10 жніўня. Тацяна мяркуе, што судзіць мужа будуць бліжэй да лета.

Па словах дзяўчыны, у лістах Святаслаў піша, што ўмовы ў СІЗА нармальныя, просіць шмат у перадачах не перадаваць. Адчувае сябе здавальняюча. Шмат чытае, вывучае ангельскую мову.

«Вядома, сваякі і сябры за яго хвалююцца і стараюцца падтрымліваць. Ён піша, што трымаецца, — кажа Тацяна. — Мы ўсе спадзяёмся на лепшае, але гатовыя да любога раскладу. Будзем дамагацца свайго шчасьця. Ведаем, што, магчыма, ня так хутка, як хацелася б, але ў выніку ўсё будзе добра».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG