Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Армэніі дамовіліся пра датэрміновыя парлямэнцкія выбары


Нікол Пашыньян на сустрэчы з пратэстоўцамі, лістапад 2020

У Армэніі на тле ўнутрыпалітычнага крызісу, выкліканага канфліктам паміж прэм’ер-міністрам Ніколам Пашыньянам, вайскоўцамі і апазыцыяй, абвясьцілі аб правядзеньні датэрміновых парлямэнцкіх выбараў.

Пашыньян паведаміў 18 сакавіка, што галасаваньне адбудзецца 20 чэрвеня.

«Сёньня адбылася мая сустрэча з кіраўніком фракцыі „Квітнеючая Армэнія“ Гагікам Царукянам. На сустрэчы мы зафіксавалі, што найлепшае выйсьце з унутрыпалітычнай сытуацыі — гэта пазачарговыя парлямэнцкія выбары», — напісаў Пашыньян на сваёй старонцы ў Facebook.

Ён дадаў, што дата 20 чэрвеня ўзгодненая з прэзыдэнтам Армэніі Армэнам Саркісьянам і іншымі парлямэнцкімі фракцыямі.

Адстаўкі Пашыньяна апазыцыя патрабуе з моманту завяршэньня збройнага канфлікту ў Нагорным Карабаху восеньню летась. 10 лістапада, пасьля абвяшчэньня аб падпісаньні пагадненьня аб спыненьні збройнага канфлікту, пратэстоўцы захапілі будынкі парлямэнту і ўраду.

Пасьля гэтага ў Армэніі рэгулярна праходзілі акцыі пратэсту супраць прэмʼер-міністра, нягледзячы на тое, што ў краіне працягвае дзейнічаць ваеннае становішча, а разам зь ім — забарона на масавыя акцыі.

Апазыцыя абвінавачвае Пашыньяна ў пройгрышы канфлікту ў Карабаху. Паводле мірнай дамовы Баку вярнуў сабе значную частку тэрыторыі, занятай армянскімі войскамі на пачатку 90-х гадоў. Прыхільнікі прэмʼер-міністра сьцьвярджаюць, што адказнасьць за вайсковыя паразы разам з прэмʼерам павінны разьдзяліць вайскоўцы і былыя кіраўнікі краіны, якія не падрыхтавалі яе да вайны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG