Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсовец Шакуцін падаў пазоў наконт санкцыяў у суд Эўразьвязу


Аляксандар Шакуцін

Старшыня рады дырэктараў кампаніі «Амкадор» Аляксандар Шакуцін падаў пазоў аб адмене выканаўчай пастановы Рады ЭЗ аб уключэньні бізнэсоўца ў трэці пакет санкцый у дачыненьні да Беларусі. Шакуцін пракамэнтаваў гэтае рашэньне парталу TUT.BY.

17 сьнежня 2020 году Рада ЭЗ увяла санкцыі ў дачыненьні да сямі кампаній («140 рамонтны завод», «Агат — электрамэханічны завод», МЗКЦ, «Белтэхэкспарт», «Галоўнае гаспадарчае ўпраўленьне Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта», Dana Holdings і «Сінэзіс») і двух бізнэсоўцаў — Мікалая Вераб’я і Аляксандра Шакуціна. Іх абвінавачваюць у падтрымцы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

— Азнаёміўшыся з доказнай базай, нашая каманда не зазнала ніякіх пачуцьцяў, акрамя зьдзіўленьня. Нам незразумела, як такі паважаны орган, як Рада Эўразьвязу, выносіць абвінаваўчы прысуд, ня выслухаўшы другі бок? Як у ЭЗ працуе прэзумпцыя невінаватасьці? Мы накіравалі лісты практычна ва ўсе органы кіраваньня ЭЗ і зацікаўленыя краіны, але, на вялікі жаль, не атрымалі адказаў. У нас не заставалася выбару, акрамя як падаць пазоў у суд ЭЗ, — сказаў Шакуцін.

Ён таксама накіраваў ліст кіраўніку прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Дырку Шубэлю з запрашэньнем наведаць заводы холдынгу «Амкадор», каб «на месцы азнаёміцца зь іх працай і абмеркаваць надзённыя праблемы». «Спадзяюся, наша просьба будзе пачутая», — сказаў Шакуцін.

Міністар прамысловасьці Пётар Пархомчык казаў, што пасьля ўвядзеньня санкцый ЭЗ узьніклі складанасьці з пастаўкай камплектуючых для «Амкадору» зь Нямеччыны і Фінляндыі.

— На першым этапе сапраўды паўсталі складанасьці ў мяне, кампаній з маім удзелам у статутным капітале, з пастаўкамі камплектуючых, разьлікамі, узаемадзеяньнем з партнэрамі. Дзякуючы зладжаным дзеяньням кіраўнікоў субʼектаў гаспадараньня холдынгу гэтыя праблемы вырашаныя. Сёлета працуем устойліва, зь перавыкананьнем пляну вытворчасьці і продажаў, — сьцьвярджае Аляксандар Шакуцін.

— Санкцыі і праблемы, якія ўзьніклі, зьядналі калектыў, зрабілі яго матываваным, супрацоўнікі сталі працаваць больш старанна, ня лічачыся з часам, — заявіў Шакуцін і дадаў, што праведзеная праца дазваляе ўжо сёньня прапанаваць больш за 1000 працоўных месцаў на заводах холдынгу «Амкадор».

Беларускім бізнэсоўцам, якія трапілі ў санкцыйны сьпіс пасьля 2010 году, спатрэбілася каля 3 гадоў, каб аспрэчыць рашэньне Рады ЭЗ. Аляксандр Шакуцін хоць і верыць у лепшае, але гатовы да працяглай барацьбе з ЭЗ.

— На вялікі жаль, у адпаведнасьці з рэглямэнтам генэральнага суду ЭЗ, нават пры спрыяльным правядзеньні працэсу, працэдура будзе доўжыцца ня менш за два гады. У гэты пэрыяд мы павінны навучыцца жыць ня толькі ва ўмовах каранавірусу, але і санкцыяў, — сказаў бізнэсовец.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG