Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што казалі ў Вільні на Форуме Каліноўскага з удзелам Ціханоўскай, амбасадаркі ЗША і прадстаўнікоў ЭЗ


Форум Каліноўскага адбываецца ў літоўскім Сэйме

Форум Каліноўскага ладзіць літоўскі Сэйм у супрацы з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай.

Удзельнікі абмяркоўваюць пытаньні, як дапамагчы беларусам і вывесьці Беларусь з крызісу: як арганізаваць перамовы, міжнароднае пасярэдніцтва і паўплываць на ўлады ў Беларусі.

Акрамя Сьвятланы Ціханоўскай, у канфэрэнцыі возьмуць удзел прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце, Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, памочнік Ангелы Мэркель Матыяс Лютэнбэрг, старшыня камітэту замежных спраў Эўрапейскага парлямэнту Дэйвід Макалістэр, амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр, заснавальнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі і многія іншыя.

Інгрыда Шыманіце

Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце адкрыла форум, нагадваючы ўдзельнікам, што Кастусь Каліноўскі, пад чыім імем праходзіць сустрэча ў Вільні, зьяўляецца героем для трох народаў: беларускага, літоўскага і польскага. Шыманіце нагадала ўдзельнікам форуму пра падтрымку Літвы і літоўцаў беларусам, якія змагаюцца за дэмакратычную Беларусь.

Яна таксама нагадала, што ў лістападзе 2019 году літоўцы, беларусы і палякі пад сваімі нацыянальнымі сьцягамі ўдзельнічалі ў перапахаваньні парэштак Каліноўскага на віленскіх могілках Росы. «Мала хто мог паверыць, што ня пройдзе і году, як сотні тысяч беларусаў, якія патрабуюць перамен, падымуць свае сьцягі ня толькі ў Менску, але і па ўсёй Беларусі, — сказала Шыманіце. — Зьмены ўжо наступілі. Людзі, чые сэрцы ўжо вольныя, ніколі больш не пагодзяцца пакорліва падпарадкоўвацца рэжыму. Дыктатар ня можа павярнуць усё назад. Застаецца адзіны шлях — шлях вольных людзей да перамогі. Для беларускага народу гэта будзе няпросты і, магчыма, няблізкі шлях».

Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская ў сваім выступе заклікала міжнародную супольнасьць дапамагчы беларусам арганізаваць перамовы зь беларускімі ўладамі:

«Нам патрэбна ваша дапамога ў наступным: арганізацыі перамоваў зь беларускімі ўладамі на міжнароднай плятформе і гатоўнасьці да фармаваньня разнастайнай групы пасярэднікаў; неадкладным спыненьні міліцэйскага гвалту і аднаўленьні справядлівасьці і прыцягненьні вінаватых да адказнасьці; гарантаваньні бясьпечнага вяртаньня беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць краіну; забесьпячэньні павагі асноўных правоў чалавека», — сказала яна.

Дэйвід Макалістэр

Старшыня камітэту замежных спраў Эўрапейскага парлямэнту Дэйвід Макалістэр запэўніў у падтрымцы беларускага дэмакратычнага руху з боку Эўрапейскага парлямэнту на міжнароднай арэне. Ён таксама падкрэсьліў патрэбу цеснага супрацоўніцтва Эўразьвязу з ЗША і Канадай у справе дапамогі дэмакратычнаму руху ў Беларусі.

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца Алесь Бяляцкі нагадаў удзельнікам форуму аб працы, якую выконвае Праваабарончы цэнтар «Вясна» ў дакумэнтаваньні перасьледу беларусаў рэжымам Аляксандра Лукашэнкі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

«Нам патрэбна падтрымка нашых суседзяў, Эўразьвязу і Злучаных Штатаў», — сказаў Бяляцкі. — Мы чакаем мацнейшага, больш інтэнсіўнага ціску на беларускі рэжым. Мы таксама чакаем, што міжнародная супольнасьць будзе дамагацца вызваленьня палітвязьняў у Беларусі».

Жузэп Бурэль

Кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу Жузэп Бурэль падкрэсьліў у сваім кароткім выступе, што Эўразьвяз гатовы ўвесьці дадатковыя санкцыі супраць беларускага рэжыму, калі ў краіне не наступяць дэмакратычныя зьмены.

«Мы цалкам перагледзелі свае адносіны зь Беларусьсю, скарацілі палітычныя кантакты і спынілі ўсялякую прамую фінансавую падтрымку цэнтральных уладаў. Мы працягваем лічыць, што сапраўдны, усёабдымны нацыянальны дыялёг — адзіны шлях наперад для забесьпячэньня мірнага ўрэгуляваньня цяперашняга крызісу. І мы гатовыя падтрымаць гэты працэс», — сказаў Бурэль.

Джулі Фішэр

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр выказала моцную падтрымку Вашынгтону для ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай прагаласаваць за перамовы паміж апазыцыяй і ўладай. Фішэр таксама заклікала беларускія ўлады вызваліць усіх палітвязьняў і сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй наконт правядзеньня справядлівых выбараў сёлета.

Джордж Кент

Намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Джордж Кент разгледзеў праблемы, зь якімі сутыкаюцца краіны Ўсходняй Эўропы на шляху дэмакратычных рэформаў, усталяваньня вяршэнства закону. Ён ацаніў сытуацыю ў Армэніі, Грузіі, Украіне,

Беларускі народ узьняў свой голас, ня толькі патрабуючы паважаць права на выбар, але і ў абарону правоў чалавека і фундамэнтальных свабодаў, зазначыў Кент. ЗША падтрымліваюць ініцыятыву Сьвятланы Ціханоўскай запрасіць улады да дыялёгу. У гэтым беларусы ўжо займелі падтрымку з боку АБСЭ. Дыялёг мае стаць важным наступным крокам на шляху да вырашэньня палітычнага крызісу. Сп. Кент заклікаў да спыненьня гвалту супраць пратэстоўцаў і вызваленьня ўсіх палітзьняволеных.

Робэрт Мэнэндэс

Сэнатар Робэрт Мэнэндэс, старшыня камітэту замежных спраў Сэнату ЗША, сярод іншага, сказаў: «Памяць аб Кастусю Каліноўскім дае беларусам натхненьне ў барацьбе за дэмакратыю». Ён выказаў захапленьне адвагай беларусаў у супрацьстаяньні гвалту з боку рэжыму. «Гэта іх краіна. Гэта іх барацьба. Толькі беларусы самі могуць зьмяніць сваю краіну». Акт аб дэмакратыі ў Беларусі — важны мэсыдж аб тым, што Лукашэнка страціў сваю легітымнасьць. Гэтую легітымнасьць мае Сьвятлана Ціханоўская, за якую прагаласавала большасьць народу Беларусі.

Крыс Сьміт

Кангрэсмэн-рэспубліканец з штату Нью-Джэрзі Крыс Сьміт гаварыў пра абноўлены варыянт Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, які нядаўна быў прыняты ў працяг аналягічных актаў, ініцыятарам якіх ад 2004 году быў кангрэсмэн Сьміт.

Сп. Сьміт паведаміў, што новы Акт патрабуе правядзеньня новых выбараў у Беларусі, прызнае Каардынацыйную раду легітымным органам у пераходным пэрыядзе, заклікае да вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных. Урэшце, кангрэсмэн Сьміт зазначыў, што Акт не прызнае ніякай інкарпарацыі Беларусі ў “саюзную дзяржаву”, і прыгадаў, што імпэрыялістычным памкненьням Расеі ў свой час супрацьстаяў і Кастусь Каліноўскі.

Карл Гершман

Прэзыдэнт Нацыянальнага фонду дэмакратыі Карл Гершман згадаў у сваёй прамове зьняволеных палітыкаў Сяргея Ціханоўскага, Марыю Калесьнікаву, журналістаў Ігара Лосіка, Андрэя Аляксандрава, Юлію Слуцкую і іншых палітычных вязьняў. Размах рэпрэсіяў сьведчыць пра тое, што Лукашэнка страціў легітымнасьць, палітычны мандат і народную падтрымку і ўтрымлівае ўладу толькі з дапамогай расейскага прэзыдэнта Пуціна.

Джэймі Флай

Прэзыдэнт Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа Джэймі Флай расказаў пра дзейнасьць РС/РСЭ і спыніўся на працы Беларускай службы Радыё Свабода. Ён нагадаў, што журналісты РС у Беларусі, пазбаўленыя акрэдытацыі, ня маюць неабходных умоваў для сваёй журналісцкай дзейнасьці.

11 журналістаў Беларускай службы зазналі за апошнія месяцы затрыманьні і арышты, часам іх затрымлівалі падчас выкананьня іх працы падчас жывых трансьляцыяў. Блогер і кансультант РС 28-гадовы Ігар Лосік застаецца за кратамі ўжо 9 месяцаў. Аднак аўдыторыя нашага радыё надалей мае да нас давер, бо ведае, што Радыё Свабода нясе праўдзівую інфармацыю.

Джэймі Флай заклікаў удзельнікаў канфэрэнцыі падтрымаць намаганьні для таго, каб дамагчыся вызваленьня Ігара Лосіка, а таксама журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай і іншых нашых калегаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG