Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раённая анамалія»? Лічбы памерлых ад COVID-19 у Беларусі могуць быць заніжаныя ў сем разоў


Ілюстрацыйнае фота

Трое дактароў тлумачаць, чаму афіцыйная статыстыка пра эпідэмію каранавірусу ў Беларусі відавочна непраўдзівая.

Бабруйскі доктар С. (ён прасіў захаваць ананімнасьць, рэдакцыя ведае ягонае імя) меў доступ да раённых зьвестак пра колькасьць захварэлых на COVID-19 і памерлых ад хваробы. Дакумэнты, зь якімі ён азнаёміў Радыё Свабода, паказваюць, што ў раёне, дзе жыве крыху больш за 2 адсоткі насельніцтва Беларусі, рэгістравалася больш за 8 адсоткаў усіх афіцыйна прызнаных выпадкаў COVID-19, а таксама звыш 18 адсоткаў усіх прызнаных па краіне сьмерцяў ад гэтай хваробы.

  • За 2020 год у Бабруйску і ў Бабруйскім раёне афіцыйна зарэгістравалі 16 309 выпадкаў захворваньня на COVID-19. Гэта 6998 заражэньняў на 100 тысяч жыхароў. Хваробу перанесла каля 7% насельніцтва раёну — кожны 14-ы чалавек.
  • Пры гэтым, паводле лічбаў Міністэрства аховы здароўя на 31 сьнежня 2020 году, за той жа час па ўсёй краіне захварэлі 194 284 чалавекі.
  • Калі арыентавацца на зьвесткі Белстату, дык гэта толькі 2065 на 100 тысяч жыхароў, прыблізна 2% ад насельніцтва Беларусі — кожны 50-ы.
  • Калі ўзяць лічбы за год з 28 лютага 2020-га па 28 лютага 2021-га, дык па ўсёй краіне афіцыйна захварэлі 287 306 чалавек (прыблізна 3% насельніцтва), а ў адным горадзе Бабруйску — 21 059 чалавек (каля 10% ад яго насельніцтва)

«Быў пэрыяд, калі ў Бабруйску штодня рэгістравалася 30–40 новых выпадкаў каранавірусу, а па ўсёй краіне іх рэгістравалі каля 300, — кажа доктар С. — Я спытаўся ў галоўнага доктара Бабруйскага цэнтру гігіены: „Няўжо ж кожны дзясяты выпадак у Бабруйску? Гэта ж немагчыма“. Ён мне адказаў: „Ня лезь у гэта, пытаньне не да мяне“».

«У нас паміралі 3–5 чалавек, а па ўсёй краіне абвяшчалі пра 7–9 памерлых»

Паводле доктара С., запыты ад газэт і інтэрнэт-рэсурсаў на лічбы па Бабруйску адхіляліся з адказам, што ўсё «як у сярэднім па рэспубліцы, прымаюцца меры».

Аднак у рэальнасьці лічбы зусім не супадалі з афіцыйнымі па краіне, кажа ён. У адным толькі Бабруйску ад COVID-19 за год эпідэміі (ад 28 лютага 2020-га да 28 лютага 2021-га) памерлі больш за 360 чалавек. Калі зрабіць праекцыю гэтых лічбаў на ўсю краіну, дык агулам памерлых мелася б быць каля 16 тысяч.

Пры гэтым, паводле лічбаў Міністэрства аховы здароўя на 28 лютага 2021-га, за ўвесь час пандэміі ад COVID-19 памерлі 1976 чалавек.

Доктар ультрагукавой дыягностыкі Ганна Сьцяпанава, якая працавала ў 1-й лякарні Менску, таксама кажа пра дзіўныя суадносіны памерлых: «Толькі ў нашай лякарні ў ковідных аддзяленьнях штодня паміралі 3–5 чалавек, менавіта ад COVID-19. Пры гэтым афіцыйна ў той час паведамлялі пра 7, 8 ці 9 памерлых ад каранавірусу па ўсёй краіне».

Абое дактары адзначаюць, што афіцыйная сьмяротнасьць у краіне сярод зарэгістраваных хворых на COVID-19 за год ад 28 лютага 2020-га па 28 лютага 2021-га была падазрона нізкая — толькі 0,69%. І гэта пры тым, што агульнанацыянальная афіцыйная лічба хворых выглядае моцна заніжанай.

У Бабруйску за той жа час сьмяротнасьць была 1,72% ад колькасьці хворых.

Мы зьвярнуліся ў Міністэрства аховы здароўя з просьбай пракамэнтаваць статыстычныя анамаліі з колькасьцю хворых на COVID-19, але пакуль што не атрымалі адказу.

«Нас абмяжоўвалі ў колькасьці тэстаў»

І доктар С., і Ганна Сьцяпанава кажуць, што прынамсі на мясцовым узроўні статыстыку пра колькасьць хворых і памерлых ад COVID-19 зьбіралі пераважна сумленна. Аднак людзям з сымптомамі хваробы часта не рабілі тэстаў, а проста рэкамэндавалі ім самаізаляцыю.

Доктар К., які ў 2020 годзе працаваў тэрапэўтам у адной з паліклінік Менску, тлумачыць: «Летась увосень да мяне за зьмену прыходзілі 30–40 пацыентаў, і прыблізна ў паловы зь іх, вельмі падобна, быў ковід. Але нас фактычна абмяжоўвалі ў колькасьці тэстаў — максымум 10. Звычайна я пасылаў на тэсты 5–7 чалавек, і практычна ва ўсіх хвароба пацьвярджалася».

Доктар К. таксама прасіў захаваць ананімнасьць (яго імя ёсьць у рэдакцыі). Ён тлумачыць, як прымаў рашэньне, каго пасылаць на тэст: «Найперш тых, хто ва ўзросьце ці жыве з пажылымі сваякамі. Таксама калі цяжкія сымптомы. Калі чалавек маладзейшы, жыве сам і хвароба працякае параўнальна лёгка, дык проста даваў рэкамэндацыю ізалявацца, бяз тэсту».

«Гэта ішло ад загадчыкаў»

Рашэньне пра колькасьць тэстаў залежала ад адміністрацыі кожнай паліклінікі. «У нашай паліклініцы гэта ішло ад загадчыкаў. Загадчыкі перадавалі незадаволенасьць ад сваіх начальнікаў, што ў нас робіцца зашмат тэстаў».

Доктар К. дадае, што ў тыя дні, калі афіцыйна абвяшчалася пра 7–8 памерлых за дзень па ўсёй краіне, ягоныя калегі зь менскіх лякарняў гаварылі яму пра 3–5 памерлых у кожнай.

Ён таксама кажа, што асабіста запаўняў картку на памерлага пацыента, які відавочна памёр ад COVID-19 і меў станоўчы тэст на каранавірус, але ў статыстыку трапіў як выпадак сьмерці ад пнэўманіі.

«Можа зноў стрэльнуць»

Усе трое суразмоўцаў Свабоды згадваюць недахоп сродкаў засьцярогі для мэдыкаў. У прыватнасьці, аднаразовыя маскі, разьлічаныя на дзьве гадзіны, выкарыстоўвалі па тыдні, аднаразовыя халаты дэзынфікавалі і вывешвалі сушыцца.

Аднаразовыя сродкі абароны ад COVID-19 мэдыкі дэзынфікавалі і вывешвалі сушыцца. Бабруйск
Аднаразовыя сродкі абароны ад COVID-19 мэдыкі дэзынфікавалі і вывешвалі сушыцца. Бабруйск

Доктар С. дадае, што ў апошнія месяцы сытуацыя з каранавірусам у Бабруйскім раёне значна палепшылася пасьля выбуху хваробы ў канцы 2020 году. Але ён папярэджвае пра небясьпеку ад новых штамаў вірусу для ўсёй Беларусі. «Можа зноў стрэльнуць, бо, у прынцыпе, нічога ня робіцца, каб гэта спыніць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG