Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабарыка з-за кратаў заклікаў уступаць у ягоную партыю


Віктар Бабарыка ў судзе, 17 лютага

Штаб Віктара Бабарыкі апублікаваў ягоны зварот, у якім палітык заклікаў уступаць у ягоную партыю «Разам», пра стварэньне якой абʼявілі 31 жніўня.

«Нам патрэбна партыя, — напісаў Віктар Бабарыка 12 сакавіка ў сваім звароце. — Але партыя ня як самамэта, а як найбольш эфэктыўны інструмэнт дасягненьня нашай перамогі».

Паводле Бабарыкі, партыя патрэбна для таго, каб

  • паказаць бальшыню людзей, якая стамілася жыць у атмасфэры хлусьні, нянавісьці і страху;
  • абʼяднаць дзеяньні разрозьненых самастойных ініцыятыў;
  • забясьпечыць працу груп і абʼяднаньняў і аднавіць дзейнасьць унутры краіны.

Ён прыгадаў, як перад выбарамі менш за тыдзень у ягоную ініцыятыўную групу запісаліся каля 10 тысяч чалавек. Пахваліў беларусаў за тое, што працягвалі змагацца за свабоду і незалежнасьць пасьля выбараў. І заявіў, што «нельга спыняцца на паўдарозе».

  • «Мы мусім менавіта цяпер абʼяднаць свае намаганьні і прадэманстраваць адзінства мэты і волі. Не зрабіць гэтага — значыць зноў пусьціць у нашыя душы раба, якога мы выгналі летась і якога нас прымушалі карміць апошнія 26 гадоў».
  • «Мы абавязаныя стварыць партыю „Разам“. Мусім дапамагчы адзін аднаму паверыць у сябе, у суседа, у сваю краіну. Нельга пакідаць ракавую пухліну страху і бездапаможнасьці нашым дзецям і ўнукам», — напісаў Бабарыка.

Бабарыка таксама адзначыў, што жорсткасьць улады «сьведчыць пра ейны страх і бясьсільле перад уласным народам». Ён перакананы, што «нельга ўтрымліваць уладу насуперак волі народу».

Падаць заяўку ў партыю можна на сайце. Устаноўчы зьезд плянуюць правесьці ўжо гэтай вясной. Калі ўлады ў рэгістрацыі адмовяць, актывісты будуць дзейнічаць ад імя юрыдычнай асобы «Аргкамітэт палітычнай партыі».

Арганізатары заявілі, што за пару гадзін атрымалі тысячу заявак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG