Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Пуцін не падтрымае Бабарыку


Заява прыхільнікаў Віктара Бабарыкі аб стварэньні партыі актывізавала дыскусіі пра падтрымку былога кіраўніка банку Крамлём — прычым ня толькі ў справе ягонага вызваленьня, але і ў далейшым магчымым вылучэньні на пасаду прэзыдэнта. Тым больш што, паводле некаторых апытаньняў, менавіта Бабарыка мае цяпер найбольшы палітычны рэйтынг.

Яшчэ некалькі месяцаў таму такі варыянт здаваўся цалкам рэальным. Але цяпер зьявіўся адзін фактар, які ставіць пад сумнеў падтрымку Пуціным Бабарыкі ў якасьці замены Лукашэнкі (пры тым, што, паводле некаторых крыніц, Крэмль працягвае настойваць на ягоным вызваленьні).

Імя гэтага фактару — Аляксей Навальны.

Аналітыкі справядліва адзначаюць, што Крэмль не падтрымаў пратэст у Беларусі не ў апошнюю чаргу і таму, што Пуцін не жадаў дэманстраваць расейскаму насельніцтву прыклад зьмены ўлады ў выніку масавых акцый. Занадта ўжо спакусьлівым можа стаць такі прыклад для расейскага народу.

Цяпер, калі галоўны апанэнт Пуціна Аляксей Навальны знаходзіцца за кратамі і прызнаны палітычным вязьнем, дапамагаць іншаму палітычнаму вязьню ў суседняй краіне атрымаць уладу — азначае паказаць свайму народу прамую пэрспэктыву: сёньня ў турме, заўтра — у Крамлі. Ёсьць, вядома ж, клясычныя прыклады Мандэлы і Гаўла, але дзе тая Афрыка, ды і Эўропа цяпер ад Расеі не нашмат бліжэйшая. А Беларусь — побач.

Увогуле, у сваім сёньняшнім аслабленым стане Лукашэнка задавальняе Пуціна па ўсіх парамэтрах. Па вялікім рахунку, мяняць яго на некага іншага няма асаблівай патрэбы.

Тым больш калі такая замена ўмацуе пазыцыі палітыка, імя якога Пуцін імкнецца ніколі не вымаўляць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG