Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША прыгразілі аднавіць санкцыі супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў, калі Менск ня выпусьціць палітвязьняў

абноўлена

Кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Нэд Прайс

31 сакавіка Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША пракамэнтаваў магчымае аднаўленьне замарожаных раней санкцыяў у дачыненьні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў, падкантрольных рэжыму.

Абноўлена 1.04. Рашэньне пра санкцыі яшчэ не прынятае.

Пра гэта паведаміў на рэгулярным брыфінгу для журналістаў кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Нэд Прайс.

У кастрычніку 2015 году Міністэрства фінансаў ЗША прыпыніла санкцыі супраць дзевяці беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з «пэўным прагрэсам у сфэры дэмакратыі і правоў чалавека», а таксама з мэтай падтрымкі незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.

Аднак цяпер, паводле Дзярждэпартамэнту ЗША, «сытуацыя з правамі чалавека зьяўляецца, бадай, найгоршай у гісторыі незалежнай Беларусі.

«У сувязі з тым, што цяпер у Беларусі ўтрымліваецца больш за 300 палітычных зьняволеных, Дзяржаўны дэпартамэнт ня можа рэкамэндаваць яшчэ адзін працяг (прыпыненьня дзеяньня гэтых абмежаваньняў. — РС), асабліва ў сьвятле меркаваньня Кангрэсу, увасобленага ў Акце аб сувэрэнітэце і дэмакратыі Беларусі 2020 году. Цяперашні працяг [адмены абмежаваньняў] канчаецца 26 красавіка», — гаворыцца ў заяве.

Дзярждэпартамэнт ЗША заклікаў беларускія ўлады зрабіць крокі, якія б дазволілі Вашынгтону падоўжыць прыпыненьне санкцый, у прыватнасьці вызваліўшы ўсіх палітычных зьняволеных».

Вашынгтон заклікаў афіцыйны Менск да «поўнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных і спыненьня гвалтоўных дзеяньняў уладаў супраць беларускага народу», а таксама «да канструктыўнага дыялёгу зь лідэрамі палітычнай апазыцыі пад эгідай АБСЭ, які б вёў да свабодных і справядлівых выбараў з прысутнасьцю незалежных назіральнікаў».

Пра якія беларускія прадпрыемствы ідзе гаворка

  • «Белнафтахім»,
  • «Белнафтахім ЗША»,
  • «Нафтан»,
  • «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»,
  • «Белшына»,
  • «Гродна Азот»,
  • «Гроднахімвалакно»,
  • ААТ «Лякафарба»,
  • ААТ «Полацак-Шкловалакно».

Аднаўленьне санкцый будзе азначаць, што прадпрыемствам i грамадзянам ЗША будзе забаронена ўступаць у эканамічныя і фінансавыя дачыненьні з гэтымі арганізацыямі, а ўся іх маёмасьць і рахункі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, будуць замарожаныя. Да таго ж многія краіны і кампаніі адмаўляюцца працаваць з прадпрыемствамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG