Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блінкен: ЗША занепакоеныя «агрэсіяй» Расеі ў Данбасе і Крыме


Энтані Блінкэн

Злучаныя Штаты выказалі занепакоенасьць адносна дзеяньняў Расеі ў Крыме і на Ўсходзе Ўкраіны.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен падчас тэлефоннай размовы з міністрам замежных справаў Украіны Дзьмітром Кулебам падкрэсьліў «непахісную падтрымку Злучанымі Штатамі» тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны перад тварам «агрэсіі Расеі ў Данбасе і Крыме, якая працягваецца».

Прэсавы сакратар міністэрства абароны ЗША Джон Кірбі абвінаваціў Расею ў парушэньні перамір’я на ўсходзе Ўкраіны. Дэстабілізуючыя, па словах Кірбі, дзеяньні Расеі падрываюць працэс дээскаляцыі, пачаты ў мінулым годзе. «Мы ведаем аб справаздачы ўкраінскіх вайскоўцаў аб перасоўваньні расейскіх войскаў на межах Украіны», — падкрэсьліў прадстаўнік Пэнтагону.

CNN са спасылкай на крыніцы ў Пэнтагоне паведамляе аб тым, што амэрыканскія вайскоўцы занепакоеныя зьвесткамі аб перасоўваньні 4 тысяч расейскіх вайскоўцаў у Крым. Амэрыканскія аналітыкі мяркуюць, што яны могуць узяць удзел у вайсковых манэўрах, якія могуць служыць сымбалічным жэстам Крамля ў адрас новай амэрыканскай адміністрацыі, свайго роду папярэджаньнем пра гатоўнасьць супрацьстаяць ЗША.

Місія АБСЭ паведамляе пра сотні парушэньняў рэжыму спыненьня агню на ўсходзе Ўкраіны, якія адбыліся ў апошнія дні. Паводле афіцыйных украінскіх дадзеных, 26 сакавіка ў выніку мінамётнага абстрэлу былі загінулі чацьвёра і параненыя двое ўкраінскіх вайскоўцаў. Украіна ўскладае віну за гэты інцыдэнт на расейскую армію. Расея абвяргае факт сваёй вайсковай прысутнасьці на ўсходзе Ўкраіны.

Раней на гэтым тыдні Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна, выказаў занепакоенасьць тым, што ён назваў «украінскімі правакацыямі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG