Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі фонд спартовай салідарнасьці прафінансаваў паездку рэпрэсаванага дзюдаіста на чэмпіянат Эўропы


Ілюстрацыйнае фота

За ліст супраць рэпрэсій і сфальсыфікаваных выбараў Аляксандра Вахавяка раней выключылі са зборнай Беларусі і пазбавілі фінансаваньня. Але ён ня страціў надзеі трапіць на Алімпіяду ў Токіё.

З 16 па 18 красавіка ў сталіцы Партугаліі Лісабоне праходзіць чэмпіянат Эўропы па дзюдо. Сярод удзельнікаў і беларус Аляксандар Вахавяк. Ягоны прыезд незвычайны тым, што дзюдаіст паехаў на турнір не на дзяржаўныя сродкі, піша «Трыбуна».

Беларускі Фонд спартовай салідарнасьці (БФСС) прафінансаваў паездку спартоўца на турнір. Вахавяк выступае ў катэгорыі звыш 100 кг. Сёньня спартовец пераадолеў першы раўнд спаборніцтваў.

33-гадовы Аляксандар Вахавяк — шматразовы прызэр міжнародных турніраў у самба і дзюдо, у тым ліку чэмпіянатаў сьвету і Эўропы ў самба.

У жніўні ён і ягоны сябар па камандзе Дзьмітры Шэршань падпісалі ліст супраць гвалту і за новыя выбары прэзыдэнта. Пасьля гэтага Вахавяка выключылі са зборнай краіны, што паставіла пад пытаньне ўдзел у Алімпіядзе ў Токіё, да якой дзюдаіст рыхтаваўся.

Дзякуючы дапамозе Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Вахавяк у сьнежні 2020 езьдзіў на зборы ў Турэччыну, а ў студзені і лютым выступіў на прэстыжных турнірах у Катары і Ізраілі. Перамагчы ён ня здолеў, але набраў пункты ў «алімпійскі» залік і застаўся сярод прэтэндэнтаў на паездку ў Японію.

Пасьля асуджэньня рэпрэсій з боку дзяржавы і фальсыфікацыі выбараў шэраг вядучых спартоўцаў выключылі са зборных Беларусі альбо пагражалі падобным, многія страцілі працу. Некаторыя спартоўцы працягваюць рыхтавацца да Алімпійскіх гульняў ужо на сродкі БФСС. У прыватнасьці, гэта Вольга Мазуронак (лёгкая атлетыка, маратон), Сьвятлана Кудзеліч (лёгкая атлетыка, маратон) і некаторыя іншыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG