Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская ў Вільні сустракаецца з амбасадарамі ЗША, Літвы і Польшчы, якія ня могуць прыехаць у Менск


Сьвятлана Ціханоўская і Джулі Фішэр ля магілы Кастуся Каліноўскага. Вільня, 7 лютага.

21 красавіка ў Вільні Сьвятлана Ціханоўская і амбасадары трох дзяржаў ўскладуць кветкі да помніка «Маці Чарнобылю» і наведаюць Вострую Браму, у якой знаходзіцца абраз Божай Маці Вострабрамскай, апякункі Літвы і Беларусі.

Прэс-служба лідэра дэмакратычнай Беларусі ўдакладняе: акрамя Сьвятланы Ціханоўскай, у цырымоніі возьмуць ўдзел амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр, амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі і амбасадар Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас. Таксама іх будзе суправаджаць намесьнік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас.

19 красавіка Ціханоўская ўжо сустракалася з Джулі Фішэр. 20 красавіка яна сустрэлася з амбасадарам Польшчы Артурам Міхальскім. Абмяркоўвалася дапамога рэлякантам, рэпрэсаваным і зьмешчаным на рэабілітацыю беларусам, а таксама дэталі заплянаванай перамовы з польскім лідэрам Анджэем Дудам.

Акрамя таго, уздымалася пытаньне ціску рэжыму на польскую нацыянальную меншасьць у Беларусі, а таксама рашэньне Берасьцейскага эканамічнага суду аб ліквідацыі ўстановы «Польская школа».

У гутарцы з амбасадарам Сьвятлана Ціханоўская таксама засяродзілася на падтрымцы міжнароднай плятформы збору доказаў парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і расьсьледаваньні злачынстваў беларускага рэжыму ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі.

Ад кастрычніка 2020 году амбасадар Польшчы Артур Міхальскі працуе па-за межамі Беларусі ў сувязі з патрабаваньнем беларускіх уладаў скараціць колькасьць супрацоўнікаў польскіх і літоўскіх дыпляматычных установаў. У такой жа сытуацыі амбасадар Літвы Андрус Пулокас, зь якім Ціханоўская сустрэнецца 21 красавіка. Новая амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр таксама ня можа трапіць у Менск, бо ёй не даюць беларускай візы.

У пачатку красавіка Камітэт дзярбясьпекі Беларусі ўключыў Сьвятлану Ціханоўскую, чальца прэзыдыюма Каардынацыйнай рады Паўла Латушку, а таксама яшчэ 15 грамадзян у пералік арганізацый і фізычных асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG