Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дачка з гонарам будзе памятаць пра вашы ахвяры». Кіраўніца Агенцтва глябальных мэдыя ЗША падтрымала Ігара Лосіка


Білборд у Чэхіі ў падтрымку Ігара Лосіка. Архіўнае фота

Выканаўца абавязкаў кіраўніка Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM) Келу Чао выказала падтрымку блогеру і кансультанту Радыё Свабода Ігару Лосіку, які ўжо 307 дзён знаходзіцца за кратамі. Тым часам стала вядома, у чым канкрэтна вінавацяць палітвязьня.

Келу Чао ад імя USAGM выказала Ігара Лосіку «падзяку за адданасьць справе свабоды прэсы».

Ліст Келу Чао
Ліст Келу Чао

«Мы ўдзячныя за журналісцкую працу, якую вы робіце для Радыё Свабода, і за вашу місію ў паведамленьні праўды беларускаму народу. Калі ласка, захоўвайце сваё здароўе і бясьпеку. Я спадзяюся, што аднойчы мы будзем мець магчымасьць сустрэцца з вамі і падзякаваць вам асабіста, — піша Келу Чао. — У гэты цяжкі для вас час мы згадваем вас і вашу сям’ю, асабліва вашу жонку Дарʼю і вашу дачку, у нашых думках і малітвах. Хоць вы цяпер ня можаце быць зь ёй, я ведаю, што ваша дачка з гонарам будзе памятаць пра ахвяры, якія яе бацька прыносіць дзеля яе будучыні і дзеля свабоднай Беларусі».

Выканаўца кіраўніка USAGM падкрэсьліла «несправядлівае ўтрыманьне» Лосіка пад варта і запэўніла, што ён мае «моцную падтрымку ў тых з нас, хто верыць у свабоду прэсы».

У сакавіку кангрэсмэны Джэймс Макговэрн і Крыстафэр Сміт, сустаршыні камісіі па правах чалавека ў Кангрэсе ЗША, заклікалі беларускія ўлады вызваліць Ігара Лосіка.

Імя Лосіка фігуравала і ў нядаўняй рэзалюцыі Кангрэсу ЗША ў падтрымку народу Беларусі і ягоных дэмакратычных памкненьняў.

Па БТ агучылі, у чым вінавацяць Лосіка

Увечары 27 красавіка ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» паказалі прапагандысцкі фільм пра так званую групу Міколы Статкевіча і Сяргея Ціханоўскага. Зь яго ўпершыню за 10 месяцаў стала вядома, якія канкрэтна прэтэнзіі ўлады маюць да Ігара Лосіка і іншых блогераў.

Сьледзтва, прадстаўленае першым намесьнікам начальніка галоўнага сьледчага ўпраўленьня СК Аляксандрам Агафонавым, лічыць Ігара Лосіка і ягоны тэлеграм-канал «Беларусь головного мозга» (разам з каналамі Nexta і Nexta Live) адным з «трох асноўных буйных каналаў, якія задаюць [пратэставы] парадак дня».

«Роля, якую адыгралі блогеры і недзяржаўныя СМІ ў падрыхтоўцы пратэсту, адна з ключавых. Яны заняліся тым, што пераконвалі ня толькі беларусаў, што муха роўная слану, але і сталі пастаўшчыкамі кантэнту для замежных СМІ», — заявілі на «Беларусь-1».

Зазначым, што Ігара Лосіка затрымалі яшчэ 25 чэрвеня 2020 году, у разгар кампаніі збору подпісаў, задоўга да пачатку пасьлявыбарчых пратэстаў. Тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу», калі яго адміністраваў Лосік, публікаваў навіны пра падзеі ў Беларусі і сьвеце, а таксама фота і відэа ад падпісчыкаў. Ён ня быў зьвязаны з актыўнасьцю Сяргея Ціханоўскага ці Мікалая Статкевіча.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачаньні, невядома. Ягоны адвакат Дзьмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошваньні.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG