Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Які прэзыдэнт — такія і тэрарысты». Латушка пра «дзяржаўны пераварот» у Беларусі і новыя акцыі пратэсту ў Дзень Перамогі


Павал Латушка

Беларуская апазыцыя абвясьціла аб новай акцыі пратэсту. Адзін зь лідэраў дэмакратычнага руху Павал Латушка заклікаў беларусаў выйсьці на вуліцу 9 траўня, у Дзень Перамогі. У краіне гэта афіцыйнае сьвята.

Сам Латушка знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы. Паводле слоў палітыка, у выпадку разгону акцыі Аляксандар Лукашэнка «ўвойдзе ў гісторыю як фашыст». Былы дыплямат назваў рэпрэсіі ў Беларусі самымі страшнымі ў Эўропе за апошнія 40 гадоў. Папярэдняя акцыя апазыцыі была абвешчаная на Дзень Волі 25 сакавіка, але фактычна не адбылася праз ціск сілавікоў.

Павал Латушка расказаў у інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время», чаго чакаць ад новай акцыі пратэсту ў Беларусі і як апазыцыя мае намер аказваць ціск на ўладу.

— Ці будзе акцыя 9 траўня масавай? Як мы памятаем, нават у Дзень Волі 25 сакавіка на вуліцы выйшла няшмат людзей. А для беларусаў гэта вельмі значная дата.

— Па-першае, мы сапраўды заклікаем людзей выходзіць 9 траўня на вуліцы, гэта наша сьвята, сьвята Дзень Перамогі, дзяржаўнае сьвята Рэспублікі Беларусь, легальнае сьвята, у якім могуць прыняць удзел усе грамадзяне нашай краіны. Дзявятага траўня мы павінны паказаць, што мы сапраўды зьяўляемся спадчыньнікамі Перамогі, мы можам адзначыць гэтае сьвята яшчэ да таго, як Лукашэнка будзе ўскладаць кветкі на плошчы Перамогі.

Можам арганізаваць свае салюты ў дварах, можам выйсьці да стэлы ў горадзе Менску, там, дзе будзе праходзіць салют з нагоды дзяржаўнага сьвята. Мы можам ускладаць кветкі да ўсіх манумэнтаў, зьвязаных з гэтай вялікай перамогай, і гэта павінна праходзіць па ўсёй краіне. Гэта сапраўды для нас вельмі важна — адзначыць гэтае сьвята. І вельмі важна, што ён легальны і дзяржаўны. Мы можам сапраўды паказаць, што нас шмат.

Калі Лукашэнка пойдзе на тое, каб абмежаваць наш удзел у гэтым сьвяце, гэта азначае, што ён акупант. Калі ён будзе затрымліваць людзей, гэта азначае, што ён фашыст. Я думаю, што ўлада ня пойдзе такім шляхам, хоць, вядома, мы неаднаразова бачылі, да якога дна можа апускацца Лукашэнка, якое дно ён яшчэ можа прабіць. Гэта вельмі важны наш сыгнал і да расейскага народу, расейскага грамадзтва. Гэта аб’ядноўвае нас разам з Расеяй — гэта сьвята.

— Мне здаецца тут важна зрабіць папраўку. Вы заклікаеце людзей выйсьці на сьвята ці на акцыю супраць Аляксандра Лукашэнкі?

— Мы заклікаем прыняць удзел у Дні Перамогі, Дні Перамогі над фашызмам. Гэта наша сьвята, якое абʼядноўвае, і гэта наша магчымасьць паказаць пратэст. Гэта сьвята, якое абʼядноўвае нас з расейскім народам, гэта сьвята, якое абʼядноўвае нас і з Эўропай, таму што па выніках Другой сусьветнай вайны мы прыйшлі да агульначалавечых каштоўнасьцяў, стандартаў, якія таксама важныя для ўсіх людзей.

Мы можам выбраць любое месца для правядзеньня акцыі, любы час. У дэмакратычных сіл ёсьць адзіная пазыцыя, што 9 траўня мы выходзім на вуліцы. Што датычна дэталяў, канкрэтных альгарытмаў, яны будуць прадстаўлены дэмакратычнымі сіламі напярэдадні 9 траўня.

— Звычайныя жыхары Беларусі не стаміліся ад акцый пратэсту?

— Вядома, гэта права людзей — прыняць рашэньне. 25 сакавіка людзі выходзілі, выходзілі бясьпечным спосабам: на тратуары, на вуліцы, яны шпацыравалі па Менску. Быў шыкоўны цудоўны салют вечарам 25 сакавіка, які арганізавалі ня ўлады, а менавіта дваровыя актывісты. Таму я не зусім згодны з вашым тэзісам, што 25 сакавіка прайшло незаўважаным, людзі не прынялі ўдзел. Сапраўды, удзел прынялі.

Тая зваротная сувязь, якую мы атрымліваем ад актывістаў з усёй Беларусі, паказвае, што вельмі шмат людзей хацела б выйсьці 9 траўня ў Дзень Перамогі, таму нас будзе шмат. Я перакананы, што мы будзем плячо ў плячо і будзем падтрымліваць адзін аднаго. Але, вядома ж, гэта рашэньне перш за ўсё беларусаў.

— Масавыя акцыі супраць Лукашэнкі пачаліся яшчэ ў жніўні мінулага году. Колькі беларусы павінны выходзіць на акцыі, каб іх патрабаваньні былі пачутыя?

— Я думаю, што гэта комплекс дзеяньняў, і мы працуем паводле пляну «Вясна-2021: беларускае вызваленьне», якое прадставіла Народнае антыкрызіснае кіраваньне некалькі месяцаў таму, і ў гэтым пляне мяркуецца як унутраны, так і зьнешні націск — гэта галоўны інструмэнт.

Унутраны ціск — гэта пратэсты, гэта эканамічны ціск, і мы тут працуем паводле такіх праектаў, як «Банкамат — абменьнік — банк»: забяры грошы — абмяняй на валюту, забяры свае дэпазыты.

На гэтым тыдні пачнем акцыю па шэрагу камэрцыйных банкаў, якія фінансуюць сілавы апарат у нашай краіне, таму што мы не павінны дазволіць, каб сілавікі атрымлівалі грошы для рэпрэсій, для таго каб зьдзекавацца над людзьмі. Мы бачым, што рэжым звальняе людзей. Самыя масавыя за апошні час звальненьні ў Беларусі ідуць на дзяржаўных прадпрыемствах, зьнішчаецца камэрцыйны сэктар, індывідуальныя прадпрымальнікі. Каля 20% скарачаецца бюджэтная сфэра.

І адначасова нелегітымная ўлада пашырае «закон аб дармаедах», гэта значыць не дае магчымасьці людзям зарабляць, але адначасова будзе накладаць на людзей дадатковыя фінансавыя выдаткі за камунальныя і іншыя сацыяльныя льготы або магчымасьці, якія атрымліваюць грамадзяне нашай краіны.

І зьнешні ціск — гэта выкарыстаньне ўсіх магчымых інструмэнтаў ад поўнай ізаляцыі рэжыму да ўвядзеньня санкцыйных дзеяньняў. І гэта падтрымлівае большасьць беларусаў. Паводле апытаньня «Галасы», 64% беларусаў падтрымала ідэю адключыць Беларусь ад сыстэмы SWIFT, а гэта самыя жорсткія, самыя прынцыповыя санкцыі.

— Павал, папраўце мяне, калі гэта ня так. Наколькі разгромлена цяпер апазыцыя ў краіне пасьля гісторыі зь нібыта дзяржаўным пераваротам, які плянавалі Фядута, Зянкевіч і іншыя апазыцыянэры?

— Абсалютна я ня згодны з тым, што гэта нейкім чынам паўплывала на згуртаванасьць дэмакратычных сіл, ні пра які разгроме ісьці гаворкі ня можа. Сапраўды, Фядута, Кастусёў удзельнічалі ў дэмакратычным працэсе, але не ўплывалі настолькі сурʼёзна на сытуацыю ўнутры краіны або на зьнешнюю сытуацыю вакол Беларусі. Вядома, гэта ўсё распрацоўка спэцслужбаў. Мой вопыт паказвае, я працаваў дыпляматам больш за 25 гадоў і ведаю, як працуюць спэцслужбы.

Фактычна гэта інфармацыйнае прыкрыцьцё, якое ажыцьцяўляецца для таго, каб адцягнуць увагу ад галоўнай мэты, якую мае перад сабой беларускае грамадзтва, — гэта спыніць гвалт, вызваліць палітычных зьняволеных і арганізаваць новыя выбары. Гэта апэрацыя інфармацыйнага прыкрыцьця, ня больш за тое. Які прэзыдэнт — такія і тэрарысты. Мне, вядома, вельмі шкада і Аляксандра Фядуту, і Кастусёва, але разам з тым іх проста выкарысталі для атрыманьня гэтай інфармацыйнай карцінкі.

— У інтэрвію нямецкім журналістам вы заявілі, што ў Беларусі была сфармаваная спэцгрупа для адсочваньня чальцоў апазыцыі за мяжой і іх ліквідацыі. Ліквідацыі — фізычнай?

— Справа ў тым, што гэта пацьвярджаецца ўжо ня толькі папярэдняй інфармацыяй, якую мы падавалі на ўзроўні намесьніка начальніка генэральнага штабу Паўла Муравейкі, які, паводле нашых зьвестак, фармаваў спэцпадразьдзяленьне для ліквідацыі палітычных лідэраў, дэмакратычных лідэраў за мяжой, якое складалася з 30-40 афіцэраў. Так званы генэрал Карпянкоў заявіў на мінулым тыдні ў інтэрвію аднаму зь дзяржаўных тэлеканалаў пра тое, што ён прапануе не выконваць закон у дачыненьні да беларускай апазыцыі, што Міністэрства ўнутраных спраў ня будзе дзейнічаць у рамках Крымінальнага кодэксу, і тое, што фактычна яны прыцягнуць або пойдуць на апэрацыю зьнішчэньня лідэраў апазыцыі незалежна ад таго, дзе б яны ні знаходзіліся. Гэта прамая гаворка Карпянкова.

Гэта значыць ён фактычна сваімі словамі, прыводзячы ў прыклад зьнішчэньне Усамы бін Лядэна спэцслужбамі ЗША на тэрыторыі Пакістану, выказвае пагрозу зьдзяйсьненьня міжнароднага тэрарыстычнага акту, і таму наш зварот у тым ліку да ўладаў Польшчы і Літвы, якія, напэўна, павінны рэагаваць на падобныя дзеяньні.

Зразумела, што большасьць палітычных лідэраў вымушана знаходзяцца ў палітычнай эміграцыі за межамі Беларусі, гэта прамая пагроза з вуснаў Карпянкова на фізычную ліквідацыю лідэраў дэмакратычнага пратэсту. Але гэта ні ў якім разе не ўплывае на нашу дзейнасьць, мы будзем працягваць актыўна, мэтанакіравана, выразна дзейнічаць у тым кірунку, каб забясьпечыць пераход Беларусі да новай Беларусі.

А Карпянкоў павінен разумець, што ён фактычна ўжо нагаварыў на склад злачынства, прадугледжанага артыкулам 126 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, паводле якога яму пагражае да 25 гадоў пазбаўленьня волі, пажыцьцёвае зьняволеньне або сьмяротнае пакараньне. Я праціўнік сьмяротнага пакараньня, заўсёды выступаў супраць яе, я кажу толькі як факт сёньняшняга дзейнага заканадаўства.

— Вы баіцеся за сваё жыцьцё?

— Я заўсёды адчуваў пэўную ступень пагрозы, я ведаю, што гэты ж канал паказаў нават дом, дзе я пражываю ў Варшаве, гэта значыць яны вызначылі месца майго знаходжаньня. Я ўсьведамляю ўсе пагрозы, якія ёсьць у дачыненьні да мяне, але гэта робіць мяне яшчэ мацнейшым. Гэта пачалося фактычна зь першага дня, калі я прыняў рашэньне выступіць публічна супраць гвалту ў Беларусі, увайсьці ў Каардынацыйную раду. Гэтыя пагрозы былі штодня, яны працягваюць мець месца, але гэта ні ў якім разе ня зломіць мяне, я буду стаяць на сваёй пазыцыі і буду адстойваць гэтую пазыцыю.

Карпянкоў вядомы яшчэ і тым, што гэта той чалавек, які казаў пра неабходнасьць страляць у маніфэстантаў у лоб, страляць па геніталіях, забіваць людзей. Ён прапанаваў будаваць канцэнтрацыйныя лягеры ў Беларусі, апісваў паверхі гэтых лягераў, што і дзе будзе знаходзіцца, і такі канцэнтрацыйны лягер пабудаваны каля Слуцку, недалёка ад Менску.

Так што, на жаль, на паверхню вынесла такіх людзей, якіх, можа быць, нават назваць складана людзьмі, якія бачаць магчымасьць дыялёгу толькі праз гвалт, праз фізычную ліквідацыю, праз сапраўды парушэньне закону, штодзённае і штогадзіннае.

Дарэчы, ні адна вітрына крамаў у ходзе акцый пратэсту ў Беларусі не была разьбіта. Я памыляюся, была адна разьбіта, і менавіта палкоўнікам, я яшчэ раз падкрэсьліваю, палкоўнікам Карпянковым.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG