Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Насамрэч мы ўсе нечага баімся». Размова з псыхатэрапэўткай


Ян Максімюк размаўляе з псыхатэрапэўткай Юліяй Макоўскай пра тое, як жыць бяз страху і са страхам.

Сьцісла:

  • Страх — базавая эмоцыя, вельмі патрэбная чалавеку.
  • Страх — гэта не хвароба, якая патрабуе лячэньня.
  • Сацыяльны страх палягае на тым, што людзі баяцца, што асяродзьдзе ня прыме іх як асобаў.
  • Пры дапамозе страху вельмі лёгка маніпуляваць людзьмі.
  • Беларускі страх у прынцыпе не выдзяляецца нічым асаблівым на тле страху іншых нацый.

Патрэбная эмоцыя

— Юлія, ці ў вашай прафэсійнай дзейнасьці часта здараецца сутыкацца зь людзьмі, якім трэба ваша дапамога і парада, бо яны нечага баяцца ці баяліся?

Псыхатэрапэўтка Юлія Макоўская
Псыхатэрапэўтка Юлія Макоўская

— Гэта датычыць амаль кожнага, хто да мяне зьвяртаецца. Я не даю парадаў сваім кліентам, паколькі мая праца заключаецца ў тым, каб дапамагчы чалавеку знайсьці менавіта свае шляхі вырашэньня праблемаў і свае ўнікальныя спосабы, як спраўляцца з эмоцыямі. Але насамрэч мы ўсе нечага баімся. Страх — гэта базавая эмоцыя, такая як злосьць, смутак, радасьць. І ён вельмі чалавеку патрэбны, паколькі ён дае нам інфармацыю пра тое, што нам, нашай бясьпецы або нашаму жыцьцю штосьці пагражае.

Таму гэта нармальна, што мы баімся. Не баяцца або вельмі рэдка баяцца людзі, якія маюць псыхапатычныя рысы. А іншыя, больш здаровыя, скажам так, — баяцца, і павінны баяцца. Бо гэта іх папярэджвае, што можа іх чакаць нейкая небясьпека.

Сацыяльны страх

— Я падазраю, што людзі, якія гавораць з вамі пра свой страх, хутчэй за ўсё маюць на ўвазе эмоцыі, прычыны якіх зьвязаныя зь іхным грамадзкім жыцьцём ці сацыяльным становішчам, а не зь біялягічным страхам, характэрным наогул для ўсіх людзей. Ну, прыкладам, чалавек баіцца, што яго звольняць з працы і ён апынецца без сродкаў для ўтрыманьня. Або вучань адчувае страх перад настаўнікамі ці іншымі вучнямі ў школе. Або наадварот — настаўнік адчувае страх перад вучнямі. Або чалавек баіцца выходзіць на мітынгі і дэманстрацыі, бо баіцца арышту.

Ці маю я рацыю, гаворачы пра такі «сацыяльны страх» як галоўную праблему, зь якой сутыкаюцца псыхолягі сёньня?

— Ня ведаю, ці гэта галоўная праблема, зь якой прыходзяць людзі да псыхоляга, але напэўна ў мяне гэта вельмі частыя кліенты. І вы маеце рацыю ў тым, што пераважна людзі зьвяртаюцца менавіта з такімі клопатамі штодзённага грамадзкага жыцьця. І гэта нармальна, што чалавек баіцца страціць працу, бо праца — сродак, каб жыць, каб забясьпечыць сабе базавыя патрэбы кшталту ежа, жытло, вопратка…

Калі казаць пра сацыяльны страх, то гэта даволі частая праблема. Ён палягае на тым, што людзі баяцца, што асяродзьдзе ня прыме іх як асобаў. Яны баяцца ацэнкі сваёй дзейнасьці, сваіх перакананьняў, сваіх думак, каштоўнасьцяў. Вельмі часта ў такой сытуацыі чалавеку складана прыняць нейкае самастойнае рашэньне, асабліва калі гэтае рашэньне адрозьніваецца ад калектыўных меркаваньняў.

Мы таксама часта баімся абазначыць свае межы, мы баімся сказаць выразна іншым «не, я ня згодны», асабліва калі гэта трэба сказаць камусьці, хто зьяўляецца для нас аўтарытэтам і мае над намі нейкую ўладу — напрыклад, шэф на працы. Агулам кажучы, сацыяльны страх — гэта страх за жыцьцё, за здароўе сваіх блізкіх, страх беднаты, страх адказнасьці за свае рашэньні, а таксама за наступствы, якія могуць быць пасьля прыняцьця гэтых рашэньняў.

Але трэба і варта памятаць пра тое, што гэта не хвароба і што гэта ня лечыцца… Сацыяльны страх гэта часьцей за ўсё адэкватная і рацыянальная рэакцыя на тое, што адбываецца вакол чалавека.

Дзяўчына, якая баіцца сустракацца зь людзьмі

— На пачатку нашай размовы вы сказалі, што вы не даяце сваім пацыентам ці кліентам парады, што яны самі мусяць знайсьці шлях выхаду з той сытуацыі, у якой яны апынуліся. Я хацеў бы, каб вы гэтае выказваньне крыху разгарнулі. Ці маглі б вы падаць прыклад са сваёй прафэсійнай дзейнасьці, калі да вас зьвярталіся людзі, якія прызнаваліся ў тым, што яны нечага баяцца, і гэта ім не дае нармальна жыць і існаваць у грамадзтве?

— Я вам магу расказаць, напрыклад, пра адзін выпадак, адзін з найбольш яркіх у маёй практыцы. У мяне на тэрапіі ёсьць адна дзяўчына, якая вельмі баіцца сустракацца зь людзьмі. Прычым, яна баіцца зайсьці ў ліфт, баіцца сустрэць там суседа або суседку, бо для яе гэта азначае, што трэба зь імі вітацца, трэба зь імі паразмаўляць, магчыма, трэба адказаць на нейкія іхнія пытаньні. Яна баіцца сустракаць знаёмых на вуліцы ці ў транспарце. Калі такія сытуацыі здараюцца, то яна, напрыклад, бярэ і чытае кніжку або шукае штосьці ў тэлефоне, або заплюшчвае вочы, быццам яна сьпіць у аўтобусе.

Усё, што яна робіць, гэта яе стары спосаб — і, на жаль, не найлепшы — для таго, каб не выстаўляць сваю асобу на грамадзкае непрыняцьце. Гэта вельмі трагічна, бо яна ў выніку адчувае вельмі вялікую адзіноту. Яна ня мае сяброў, знаёмых. Ёй вельмі цяжка знаходзіцца сярод людзей на працы. Яна баіцца выходзіць з кватэры. Для яе самым бясьпечным месцам на сьвеце застаецца яе ложак, у якім яна пасьля цяжкога і напружанага дня хаваецца ад цэлага сьвету.

І гэты сацыяльны страх сягае нашмат глыбей. Яго прычыны могуць быць нашмат глыбейшыя, яны могуць быць у адносінах, напрыклад, з блізкімі ці мамай у самым раньнім дзяцінстве, калі дзіця не магло выказаць нейкіх сваіх пачуцьцяў, калі яго ніхто ня бачыў, ня чуў… Гэта вельмі індывідуальна, у кожнага чалавека па-рознаму. Тут няма агульнай парады, што з гэтым зрабіць. У залежнасьці ад таго, адкуль гэты страх і з чым ён зьвязаны, чалавек пасьля вучыцца шукаць сваю ўнутраную апору…

— Мне цікава, што вы параілі гэтай дзяўчыне, якая баіцца такіх сацыяльных кантактаў. Вы ёй нешта падказалі наконт унутранай апоры?

— У яе выпадку ўнутранай апорай зьяўляецца тое, каб яна магла быць сьвядомая, што яна адчувае ў кантакце зь іншым чалавекам, што зь ёй адбываецца. Мы над гэтым працуем і размаўляем пра тое, што яна можа зрабіць. Яна можа зрабіць некалькі глыбокіх удыхаў, бо пры страху ўзьнікаюць пэўныя фізіялягічныя сымптомы — мы можам пацець, нам могуць трэсьціся рукі, можа дрыжэць голас.

Якраз у гэтай маёй кліенткі страх выяўляецца ў тым, што яна ня можа сказаць ні слова. І тады тое, што ёй дапамагае вярнуць кантакт з самой сабой — гэта ўзяць некалькі глыбейшых удыхаў і сказаць самой сябе: зараз я проста баюся, але гэта пройдзе. Каб яна была сьвядомая, што яна перажывае ў дадзены момант. Гэта такі найпершы спосаб, калі страх вельмі высокі. Калі страх трошачкі ніжэйшы… Бо я пытаю кліента: як бы вы ацанілі свой страх ад нуля да дзесяці. І калі кліент ацэньвае свой страх на «шэсьць-восем», тады мы можам працаваць над ягонымі думкамі, бо думкі таксама гэты страх узмацняюць…

Маніпуляцыя

— Выглядае на тое, што ўлады ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году зрабілі стаўку на жорсткія рэпрэсіі і сеяньне страху ў грамадзтве як на асноўныя мэтады барацьбы з палітычнымі апанэнтамі і іншадумствам. Якія наступствы па-вашаму можа мець такая палітыка — і для ўладаў, і для самога грамадзтва? Ці магчыма збудаваць дзейнае грамадзкае жыцьцё на страху як на галоўнай прычыне грамадзкіх паводзін?

— Шчыра кажучы, я ня ведаю, я не магу прагназаваць, як будуць разьвівацца падзеі ў Беларусі. Але тое, што я ведаю як псыхоляг і псыхатэрапэўт — гэта тое, што напэўна страхам вельмі лёгка маніпуляваць. І ўлады гэта менавіта і робяць. Яны маніпулююць нашымі сем’ямі і блізкімі, нашым грашыма, нашымі асноўнымі правамі, якія датычаць роўнасьці, свабоды, выказваньня свае думкі і нязгоды. Людзі будуць баяцца. Скажу больш, страх — гэта вельмі здаровая рэакцыя арганізму на тое, што адбываецца. Але якія дзеяньні зробіць наша грамадзтва, мне вельмі цяжка прадказаць.

Асноўная функцыя страху

— Паколькі вы жылі ў Беларусі, а цяпер жывяце за мяжою, у вас ёсьць, калі магу так сказаць, міжнароднае параўнаньне. Ці беларускі страх вызначаецца нечым асаблівым у параўнаньні са страхам іншых народаў?

— Не. Паводле мяне, беларускі страх асабліва нічым не вызначаецца. І ў Польшчы, і ў Чэхіі, і ў Беларусі людзі жывуць у грамадзтве і змагаюцца зь вельмі ўнівэрсальнымі праблемамі і клопатамі — ходзяць на працу, у школу, змагаюцца за пасады, за свае правы. Калі закрануць палітыку, то відавочна, што свабода слова і свабода выказваньня сваіх перакананьняў на Захадзе больш распаўсюджаная, чым у Беларусі. І гэта нашмат менш небясьпечнае, чым на маёй радзіме, дзе за зьніч у заплечніку можна атрымаць пятнаццаць содняў. Я тут паўтаруся. Я вельмі добра разумею людзей, якія баяцца за сваё жыцьцё, за жыцьцё сваіх блізкіх, і баяцца выказваць свае думкі адкрыта або баяцца выходзіць на мітынгі, бо гэта самазахаваўчы інстынкт, які кажа: будзь асьцярожны, бо можаш загінуць, бо гэта небясьпечна. Гэта і ёсьць асноўная функцыя страху.

— Ці магчыма перамагчы страх або, скажам так, вылечыць чалавека ад страху, які раней не даваў яму эфэктыўна існаваць у грамадзтве? Можа, вам гэта ўдалося, і той чалавек, які казаў, што ён раней баяўся, цяпер баіцца крыху менш?

— Зноў жа я паўтаруся, Ян… Калі мы кажам пра сацыяльны страх, то гэта не хвароба, якую трэба лячыць. У вельмі многіх выпадках гэта рацыянальная рэакцыя чалавека на тое, што адбываецца. У такім выпадку можна навучыцца разумець гэты страх, можна навучыцца яго прымаць, можна навучыцца неяк зь ім спраўляцца рознымі спосабамі і мэтадамі — напрыклад, рэляксацыяй, калі гэта вельмі вялікі ўзровень страху, ці мэдытацыяй, ці проста дыханьнем… Паводле мяне, страх — вельмі важная эмоцыя, якая нам дапамагае больш або менш бясьпечна існаваць.

* * *

Юлія Макоўская — дзіцячы псыхоляг і псыхатэрапэўтка Гештальт. Яна працяглы час жыла ў Польшчы, дзе працавала з падлеткамі і прыёмнымі сем’ямі. Цяпер мае прыватны кабінэт у Празе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG