Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і ператрусы 4 траўня: штраф 2320 рублёў за шторы з нацыянальным арнамэнтам, аблава на лекараў

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі працягваецца судовы перасьлед грамадзян паводле Адміністрацыйнага кодэксу. Свабода вядзе хроніку затрыманьняў, ператрусаў, штрафаў і арыштаў.

10 сутак за «пікетаваньне бчб-сэрцайкамі на вокнах»

3 і 4 траўня шэраг грамадзян затрымалі за сьцягі і налепкі на вокнах, вывешваньне адзеньня па «бела-чырвона-белай схеме» на бальконе, ды на іншых падставах, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Міліцыянты разгледзелі на 13-м паверсе дома бел-чырвона-белыя шторы, а судзьдзя Марына Фёдарава ў Савецкім раённым судзе аштрафавала гаспадыню кватэры Юлію Якімчанку на 2320 рублёў. Пры гэтым міліцыянты заявілі Юліі, што ў яе на вокнах «вісяць сьцягі». Сама яна ў тлумачэньні ў пастарунку напісала, што беларуская нацыянальная сымболіка не належыць нейкаму грамадзка-палітычнаму руху або арганізацыі, таму ня можа выказваць грамадзка-палітычных поглядаў.

Натальлі Шэпель далі 5 сутак арышту за адмову прайсьці ў міліцэйскі спэцтранспарт, яна, паводле міліцыянтаў, расклейвала налепкі. На столькі ж адправілі ў ізалятар Аляксандра Фурса, які нібыта наносіў «малюнкі і надпісы».

За сэрцайкі на вокнах 14 сутак арышту дасталося Дзьмітрыю Пярэдню, якога затрымалі ва ўласнай кватэры. Шэраг людзей адправілі на «суткі» паводле 24.23 ч.1 КаАП — «парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў». Яшчэ дзьве справы па гэтым артыкуле адправілі на дапрацоўку.

У дзьвюх справах за бел-чырвона-белыя сьняжынкі і нацыянальны сьцяг на бальконе абвясьцілі перапынак да 6 траўня.

Затрыманьні лекараў

Увечары 3 траўня ў Барысаве зьбілі і затрымалі лекара-нэўроляга Аляксандра Цялегу. 4 траўня ў Менску затрымалі сківічнага хірурга Андрэя Любецкага, які таксама актыўна выказваўся пра становішча ў краіне.

Таксама ў аўторак у камэры апынуўся стаматоляг-хірург Станіслаў Сапун. Лекар працуе ў прыватных стаматалягічных клініках «Апрель» і «Доктор Смайл». Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «Белые Халаты. News», доктар выйшаў на вуліцу зь дзіцём і праз пару хвілін вярнуўся дадому ў кампаніі невядомых у цывільным, аддаў дзіця жонцы, а яго самога павезьлі ў невядомым кірунку.

Пазьней высьветлілася, што Сапун знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна. Падрабязнасьцяў у справе пакуль няма.

Крымінальная справа за бчб палосы на будынках

У Менску завялі крымінальную справу на 30-гадовую жанчыну і 33-гадовага мужчыну, якія размалёўвалі белай і чырвонай фарбай гаражы і фасады будынкаў на вул. Багдановіча, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на МУС.

Паводле МУС, у міліцыю паступіла паведамленьне па 102. Падчас ператрусу ў маладых людзей знайшлі балёны з фарбай і налепкі зь незарэгістраванай сымболікай. Артыкул – апаганьванье будынкаў і псаваньне маёмасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG