Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страціў 11 кг, губляў прытомнасьць: алімпіец Краўчанка скончыў галадоўку на знак салідарнасьці з палітвязьнямі


Андрэй Краўчанка, архіўнае фота.

Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў Андрэй Краўчанка скончыў 10-дзённую галадоўку, якую абвясьціў на знак салідарнасьці з палітвязьнямі.

«Пару разоў у Instagram напісалі мне, што я захацеў папіярыцца, а заадно і схуднею. Блін, нафіг мне гэта трэба — так зьдзекавацца зь сябе дзеля пахуданьня? Які піяр можа быць у галадоўцы? — расказвае Андрэй Краўчанка выданьню Tribuna.com. — Ад людзей, якія сядзяць у турмах, наогул нічога не застаецца. Я ўвогуле не разумею, як [палітвязень Ігар] Лосік галадаў 27 дзён? (Ігар Лосік галадаў 42 дні — рэд.) Што ад яго засталося? Калі я падаю на дзявяты дзень, выглядаю, як дрышч, што ад Ігара засталося па сканчэньні амаль месяца? Думаю, ён хадзіў па рысе, быў на мяжы жыцьця і сьмерці».

Андрэй Краўчанка абвясьціў 10-дзённую галадоўку на знак салідарнасьці з палітвязьнямі 25 красавіка. Дзесяць дзён — бо менавіта столькі ён разам з баксёрам Іванам Ганіным правёў у жодзінскай турме ў лістападзе 2020-га.

Ужо ў першыя дні пасьля пачатку галадоўку Краўчанка скінуў амаль 5 кіляграмаў вагі. На дзявяты дзень галадоўкі спартоўца згубіў прытомнасьць, упаў і ўдарыўся галавой. Быў выпадак, калі з носа ў яго пайшла кроў, таксама падчас галадоўкі зьявілася млявасьць і галавакружэньні. Пару разоў ён нават хацеў спыніцца, але вытрымаў. 4 траўня, напярэдадні заканчэньня галадоўкі, ён расказаў выданьню, што адчувае сябе «больш-менш нармальна». Да вечара аўторка скінуў ўжо 10,7 кг, але «наперадзе яшчэ серада, таму думаю, што скіну ў выніку дзе-небудзь 11,5 кг».

«Праўда, ёсьць слабасьць, галава крыху баліць, таму што стукнуўся ёю. Дэпрэсіўны стан, які праяўляецца ў тым, што ў мяне наступіла такая абыякавасьць — хочацца проста сядзець і нічога не рабіць, нічога не чытаць і не глядзець. Што тычыцца слабасьці, калі ўстаю і саджуся, цямнее ў вачах. Толькі на сьвежым паветры добра сябе адчуваю», — расказаў Андрэй Краўчанка.

Спартоўца кажа, што за гэтыя дні зразумеў адно: галадоўка — гэта проста «жэсьць» і нікому ня раіць праводзіць такія экспэрымэнты над арганізмам. На пытаньне, ці пайшоў бы яшчэ раз на такі крок, Андрэй Краўчанка адказаў, што «для падтрымкі і выказваньня салідарнасьці — без праблем», але проста так, для сябе, рабіць гэтага больш ніколі ня будзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG