Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рэпрэсіі і актыўная грамадзянская пазыцыя ўплываюць на хворых на рак. Анколяг — пра найпершага забойцу жанчын у сьвеце


Аманаўцы атачылі ўдзельніц жаночага маршу ў Менску. Верасень 2020 году. Ілюстрацыйнае фота.

Чаму мамаграфія ў Беларусі абавязковая і даступная пасьля пяцідзесяці гадоў, а ў ЭЗ — пасьля сарака, як рэпрэсіі ўплываюць на хворых на рак жанчын, чым Анджаліна Джалі дапамагла анколягам і чаму гэтым відам раку значна менш хварэюць у бяднейшых краінах?

На пытаньні Свабоды і нашай аўдыторыі ў сацыяльных сетках пра рак малочнай залозы адказала анколяг, кандыдат мэдычных навук Надзея Пятроўская.

Глядзіце відэаразмову цалкам

Сьцісла

  • Рак малочнай залозы — гэта захворваньне пераважна разьвітых краінаў. Гэта зьвязана з дэмаграфічнай сытуацыяй — меншая колькасьць родаў, меншая працягласьць ляктацый прыводзіць да гэтай паталёгіі.
  • Анджаліна Джалі — першая мэдыйная пэрсона, якая адкрыта заявіла аб праблеме, і ёй удалося тое, што не атрымалася ў лекараў і навукоўцаў — прыцягнуць увагу вялікай аўдыторыі да прафіляктыкі раку.
  • Большая частка «сымптомаў» раку малочнай залозы, якія жанчыны могуць знайсьці ў сябе, — гэта бясшкодныя ўшчыльненьні, якія зьяўляюцца нармальным станам грудзей.
  • У маіх сябровак у камэры на Акрэсьціна быў рак малочнай залозы, але, нягледзячы на маштаб асабістай трагедыі, яны актыўна выказвалі сваю грамадзянскую пазыцыю. У мяне ёсьць падставы верыць, што ў іх будзе працяглая рэмісія.


Чаму анколягі называюць гэты від раку найпершым забойцам жанчын у сьвеце

— Рак малочнай залозы — найбольш распаўсюджаны від анкалягічных захворваньняў сярод жанчын. Паводле мэдычных прагнозаў, кожная дзявятая жанчына ў сьвеце захварэе на рак малочнай залозы на працягу жыцьця. Якія рызыкі, якія фактары ўплываюць на імавернасьць захварэць на рак малочнай залозы?

Надзея Пятроўская
Надзея Пятроўская

— Згодна з дадзенымі Міжнароднага агенцтва па дасьледаваньні раку, у сьвеце штогод захворвае каля паўтара мільёна жанчын, амаль паўмільёна — у Эўропе.

Каля 10% усіх выпадкаў раку — гэта сямейныя формы, пры якіх захворваюць крэўныя сваякі ўнутры адной сям’і. Ва ўсіх сваякоў у сямʼі, якія маюць мутацыю ў пэўных генах, павышаецца рызыка разьвіцьця анкалягічнага захворваньня — гэта можа быць як рак малочнай залозы, так і рак іншых лякалізацый. Гэтая рызыка на працягу жыцьця, па некаторых дадзеных, набліжаецца да 90%.

Да фактараў, якія падвышаюць рызыку раку малочнай залозы, адносяцца позьнія роды, раньняе зьяўленьне мэнструацый і позьняя мэнапаўза. Раньняя цяжарнасьць — фактар, які зьніжае рызыку. Замяшчальная гарманальная тэрапія на працягу больш як 5 гадоў — таксама фактар рызыкі.

Істотна павялічвае рызыку апраменьваньне грудной клеткі ва ўзросьце да 30 гадоў з прычыны, напрыклад, лімфомы Ходжкіна.

Лад жыцьця таксама ўплывае на імавернасьць захворваньня. У прыватнасьці, атлусьценьне пасьля мэнапаўзы павышае рызыку, а перад клімаксам, наадварот, зьніжае. Маладым дзяўчатам некалькі кіляграмаў шкоды не нанясуць, а жанчынам у мэнапаўзе ўжо пажадана пазьбягаць лішняй вагі.

Жанчыны пасьля мэнапаўзы, якія вядуць актыўны лад жыцьця, маюць меншую рызыку захварэць на рак малочнай залозы, чым фізычна неактыўныя. Нават умераная фізычная актыўнасьць дае ахоўны эфэкт для жанчын у постмэнапаўзе. Ужываньне алькаголю і курэньне павышаюць рызыку, і ёсьць выразная тэндэнцыя, што рызыка залежыць ад дозы.

Такім чынам, можна парэкамэндаваць нашым жанчынам пазьбягаць атлусьценьня, залішняга ўжываньня алькаголю, курэньня, выкарыстаньня гарманальнай тэрапіі. Варта весьці фізычна актыўны лад жыцьця і не зацягваць з нараджэньнем дзяцей.

Ці ўплываюць на разьвіцьцё раку гарманальныя прэпараты

— Ці зьвязаны як-небудзь бум гарманальных прэпаратаў у кантрацэпцыі і рэпрадукталёгіі з пашырэньнем гэтага захворваньня? Пытаньне ад Вольгі Сяверынай.

— Наўрад ці яно зьвязана з рэпрадуктыўнымі тэхналёгіямі. Падкрэсьліваю, што замяшчальная гарманальная тэрапія, постмэнапаўзальная гарманальная тэрапія, кантрацэпцыя ўсё ж аказваюць нэгатыўны ўплыў, але гэта дадзеныя старых дасьледаваньняў, калі вывучалася пакаленьне старых гарманальных прэпаратаў. Што да сучаснай кантрацэпцыі, тут пакуль адзінай думкі няма.

Што тычыцца рэпрадукцыйных тэхналёгій, я не знаходзіла дадзеных, якія сьведчаць пра тое, што жанчыны, якія прайшлі экстракарпаральнае апладненьне, хварэюць на рак часьцей. Магчыма, гэта мае месца, але зьвязана ня столькі з гарманальнай тэрапіяй падчас дадзенай працэдуры, колькі з тым фактам, што гэта, як правіла, позьнія роды.

— Пытаньне ад Yanusik. Ці могуць справакаваць зьяўленьне раку прыём прэпарату «Клайра» на працягу сямі гадоў, іньекцыі «Дыспорту» і гілаўронавай кіслаты?

— «Клайра» — дастаткова добры гарманальны прэпарат. Цяжка сказаць, ці можа ён павялічваць імавернасьць зьяўленьня раку. На сёньня пазыцыя анколягаў — працяглая гарманальная тэрапія робіць свой унёсак у захворвальнасьць. Што тычыцца іньекцый прыгажосьці, то няма дадзеных, якія сьведчаць пра павелічэньне рызыкі.


«Рак малочнай залозы — адзін з найбольш вывучаных»


— Наколькі гэты тып раку добра выяўляецца і добра лечыцца? Ці такая ж самая статыстыка гэтай хваробы ў Беларусі, як і ў іншых краінах сьвету?

— Рак малочнай залозы — гэта захворваньне пераважна разьвітых краінаў. У Беларусі захворвальнасьць крыху ніжэйшая, чым у краінах Заходняй Эўропы ці Паўночнай Амэрыкі. Малочная залоза — вонкавы орган, але, нягледзячы на гэта, пры дыягностыцы мы знаходзім, як правіла, мясцова-распаўсюджаную форму, то бок з паражэньнем рэгіянальных лімфавузлоў. Гэта зьвязана як зь біялягічнымі асаблівасьцямі пухліны, так і зь недастатковай анкалягічнай насьцярожанасьцю і нізкай абазнанасьцю жанчын у гэтай праблеме.

Жыцьцё пасьля раку (поўная вэрсія ў PDF)

Варта адзначыць, што рак малочнай залозы — адзін з найбольш вывучаных. Эфэктыўнасьць новых тэрапэўтычных опцый, як фармакалягічных, так і нялекавых, дасьледуецца ў лячэньні раку малочнай залозы ў першую чаргу. Эфэктыўнасьць лячэньня і прагноз захворваньня залежыць ад біялягічных асаблівасьцяў пухліны, распаўсюджанасьці, узросту і агульнага стану здароўя жанчыны. Безумоўна, чым раней выяўлена пухліна, чым лепшы фізычны статус жанчыны, тым большая імавернасьць пасьпяховага выніку лячэньня.

— Патлумачце, чаму ў краінах, якія разьвіваюцца, жанчыны менш хварэюць на рак малочнай залозы?

— Гэта зьвязана з дэмаграфічнай сытуацыяй. Меншая колькасьць родаў, меншая працягласьць ляктацый, зьніжэньне фэртыльнасьці. У краінах, якія разьвіваюцца, такія працэсы таксама ідуць, але значна слабей, і захворвальнасьць там меншая.

Калі трэба рабіць мамаграфію

— Якое павінна быць назіраньне і дыягностыка? Чаму ў ЭЗ мамаграфія абавязковая раз на два гады пасьля сарака гадоў, а ў Беларусі — пасьля пяцідзесяці?

— Усе жанчыны, старэйшыя за 40 гадоў, павінны праходзіць штогадовую праверку малочных залозаў у анколяга. Усім жанчынам, пачынаючы з узросту 50 гадоў і аж да 70, рэкамэндуецца праходзіць таксама рэнтгеналягічнае дасьледаваньне малочных залозаў (мамаграфію) праз кожныя 1–2 гады, калі толькі не было выяўлена якой-небудзь паталёгіі. Для жанчын, якія маюць высокую ступень рызыкі раку малочнай залозы, можа стаць мэтазгодным пачаць праходзіць мамаграфію і з больш раньняга ўзросту.

Іншая опцыя — магнітна-рэзанансная тамаграфія малочных залозаў з кантрасным узмацненьнем. Гэты бясшкодны і высокаадчувальны мэтад рэкамэндаваны для жанчын групы высокай рызыкі, у якіх некалькі крэўных хварэлі на рак малочнай залозы або яечнікаў, так званы «сямейны» рак.

Таксама ў гэтым выпадку дарэчы генэтычнае кансультаваньне і дасьледаваньне на наяўнасьць мутацый у генах BRCA1, BRCA2. Пры пацьверджаньні схільнасьці альгарытм назіраньня зьмяняецца.

Чаму анколягі ўдзячныя Анджаліне Джалі

— Ці варта і ў якіх выпадках рабіць як Анджаліна Джалі, якія выдаліла малочныя залозы, ведаючы пра «сямейны рак»?

— Прыклад Анджаліны Джалі выклікае ў мяне вялікую ўдзячнасьць. Яна першая мэдыйная пэрсона, якая адкрыта заявіла аб праблеме, і тым самым ёй удалося тое, што не атрымалася ў лекараў і навукоўцаў, — яна прыцягнула да пытаньня прафіляктыкі захворваньня ўвагу вялікай аўдыторыі, будучы сама ў групе высокай рызыкі.

Існуе некалькі варыянтаў зьмяншэньня рызыкі раку малочнай залозы. Прафіляктычная двухбаковая мастэктамія — адна зь іх. Іншая — працяглы прыём тамоксіфэну. У кожным канкрэтным выпадку рашэньне прымаецца сумесна на падставе дакладнай ацэнкі ўсіх перавагаў і недахопаў таго ці іншага падыходу, а таксама здольнасьці пацыенткі каапэравацца з прафэсіяналамі.

— Volta ў Instagram пытаецца, як вы ставіцеся да мамаплястыкі (з імплянтамі)?

— На сёньняшні дзень існуе анкалягічнае захворваньне, дакладна зьвязанае з устаноўкай імплянтаў. Гэта так званыя імплянта-асацыяваныя лімфомы. Гэта злаякаснае новаўтварэньне лімфоіднай тканкі. Яно патрабуе лячэньня, часам хіміятэрапіі. Недастаткова проста выдаліць імплянты, гэта суправаджаецца сурʼёзным лячэньнем. Рызыкі лімфомы вельмі нізкія, але яны існуюць, і жанчыны, якія прымаюць рашэньне пра імплянты, павінны гэта ведаць. Яны павінны трымаць руку на пульсе і ведаць, як часта назіраць малочныя залозы пасьля плястыкі, маючы на ўвазе гэтае магчымае захворваньне.

«У 90% выпадкаў пухліна расьце на працягу пяці гадоў да моманту, калі яна можа быць выяўлена»

— Ірына Ўрублеўская пытаецца, за які час можа вырасьці неапэрабэльная пухліна? Калі рабіць УГД штогод, ці можа так адбыцца?

— На жаль, рак малочнай залозы — гетэрагеннае захворваньне. Яно па-рознаму працякае ў жанчын рознага ўзросту, рознага фэртыльнага статусу. Ёсьць формы раку, якія працякаюць вельмі хутка. На жаль, бываюць такія выпадкі, калі на працягу году можа вырасьці практычна неапэрабэльная пухліна. Але ў 90% выпадкаў пухліна расьце на працягу пяці гадоў да моманту, калі яна можа быць выяўлена. Далёка не заўсёды на УГД можна выявіць пухліну. І ў гэтым пляне мамаграфія — больш дакладны мэтад.

— І калі пухліна выяўлена, што рабіць найперш?

— Большая частка «сымптомаў» раку малочнай залозы, якія жанчыны могуць знайсьці ў сябе, — гэта бясшкодныя ўшчыльненьні, якія зьяўляюцца нармальным станам грудзей. Яны нават могуць быць бачныя на мамаграме. Гэтыя ўшчыльненьні звычайна выклікаюцца гарманальнымі зьменамі, абумоўленымі нармальным мэнструальным цыклем.

Вядома, трэба зьвярнуцца да вашага лекара, калі знайшлі нешта, што лічыце ненармальным, але словы «не адкладайце» не павінны вас палохаць. Нельга паддавацца паніцы. Далёка ня ўсякае абʼёмнае ўтварэньне патрабуе лячэньня. І зусім ня кожнае ўтварэньне, якое патрабуе лячэньня, — рак. Але ні ў якім разе нельга «хаваць галаву ў пясок», зьнікаць з поля зроку спэцыялістаў, ухіляючыся ад абсьледаваньня, дыягностыкі і лячэньня.

Важна не разгубіцца, не паддацца страху і паніцы, а высьветліць сапраўдны стан рэчаў і зрабіць усё неабходнае для абароны свайго здароўя, а можа, і жыцьця. Раньняя дыягностыка — гэта сфэра сумеснай адказнасьці доктара і пацыента. Ня варта недаацэньваць значнасьць зацікаўленасьці і ініцыятывы пацыенткі. У большасьці выпадкаў своечасовае выяўленьне пухлін малочнай залозы дазваляе пацыенткам пазьбегнуць цяжкіх наступстваў і весьці паўнавартаснае жыцьцё.

Рак за кратамі

— За краты ў Беларусі трапляюць і хворыя на рак жанчыны. Наколькі стрэс уплывае на разьвіцьцё хваробы, з аднаго боку, а з другога — як актыўная жыцьцёвая пазыцыя адбіваецца на разьвіцьці хваробы і працягласьці жыцьця зь ёй?

— Любое анкалягічнае захворваньне — сурʼёзная ўразьлівасьць, і, безумоўна, гэта павінна прымацца пад увагу ў пэнітэнцыярных установах. Агульнасаматычны рэсурс анкапацыентаў паніжаны, і любыя неспрыяльныя ўзьдзеяньні могуць справакаваць ускладненьні.

На што яшчэ хацела б зьвярнуць увагу. Існуе сувязь паміж сацыяльнай актыўнасьцю, якасьцю жыцьця і яго працягласьцю. У навуковых дасьледаваньнях паказана, што пацыенткі са злаякаснымі пухлінамі малочнай залозы, якія вядуць актыўнае сацыяльнае жыцьцё, паляпшаюць яго якасьць і падаўжаюць працягласьць. У сувязі з гэтым не магу ня ўспомніць дзьвюх сваіх сябровак, зь якімі пазнаёміліся ў камэры на Акрэсьціна. У абедзьвюх быў рак малочнай залозы, але, нягледзячы на маштаб асабістай трагедыі, яны актыўна выказвалі сваю грамадзянскую пазыцыю, што, несумненна, характарызуе іх як гераінь. І ў мяне ёсьць падставы верыць, што ў іх будзе працяглая рэмісія.

— Людзі ў Беларусі працяглы час знаходзяцца ў стрэсавым стане, у стане псыхалягічнай траўмы. Ці можа гэта паўплываць на зьяўленьне анкалягічнай хваробы?

— Стрэс — адзін з фактараў разьвіцьця раку. І гэта тычыцца ня толькі раку малочнай залозы.

— Калісьці Ірына Казуліна адной зь першых у Беларусі пачала адкрыта гаварыць пра сваю анкалягічную хваробу і стварыла групу ўзаемадапамогі жанчын, хворых на рак малочнай залозы. Пазьней Ірына Жыхар працягнула гэтую справу, і цяпер у Беларусі шмат у якіх гарадах ёсьць групы ўзаемападтрымкі анкапацыентаў. Наколькі важна не закрывацца, не хаваць хваробу, не перажываць гэта ўсё ў адзіночку? Чаму адкрытасьць і ўзаемападтрымка можа быць адным са складнікаў выніковага лячэньня?

— У вашым пытаньні ўжо схаваны адказ. Сацыяльная падтрымка — адзін з аспэктаў якасьці жыцьця і складнік посьпеху лячэньня, часам працяглага і цяжкага. Акрамя таго, ва ўмовах крызісу ў краіне, адтоку кваліфікаваных кадраў, жорсткага дэфіцыту часу ў мэдыкаў пацыентам прыходзіцца вырашаць многія калямэдычныя праблемы, карыстаючыся чужым вопытам, і нэтворкінг у гэтай сувязі — незаменная, самая эфэктыўная опцыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG