Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кожны можа пачаць рэформы зь сябе і цяпер». (Не)прыдуманае інтэрвію з Вацлавам Гавэлам


Вацлаў Гавэл

Радыё Свабода працягвае цыкль гутарак са славутымі людзьмі, якіх няма ў жывых. Праз такую незвычайную форму мы хочам нагадаць пра думкі і погляды гэтых людзей у сёньняшнім кантэксьце.

У гэтых інтэрвію прыдуманыя толькі пытаньні, але кожнае зь іх максымальна дапасаванае да тэматыкі адказу, каб ня ўвесьці чытача ў зман. Кожны адказ — гэта завершаная думка, без маніпуляцый. Гэта поўныя цытаты, якія можна зь лёгкасьцю адшукаць у публіцыстычных творах герояў інтэрвію.

Шостая гутарка — з драматургам, дысыдэнтам і палітыкам Вацлавам Гавэлам (1936–2011). Яго выказваньні ўзятыя са зборніка «Жыцьцё ў праўдзе», які выйшаў у выдавецтве «Логвінаў» у 2014 годзе.

Хто такі Гавэл

  • Чэскі драматург, публіцыст, грамадзкі дзеяч і палітык.
  • Адзін з заснавальнікаў Хартыі-77. Гэты праграмны дакумэнт стаў асновай для фармаваньня групоўкі палітычных дысыдэнтаў у Чэхаславаччыне. Падпісанты патрабавалі, каб тагачасная ўлада выконвала Канстытуцыю ЧССР і паважала правы чалавека, як абавязалася паводле Хэльсынскага пакту.
  • За дысыдэнцкую дзейнасьць агулам правёў больш за 4 гады ў турме. У 1989 годзе стаў адным з заснавальнікаў палітычнага руху «Грамадзянскі форум» і ўзначаліў яго. Апошні прэзыдэнт Чэхаславаччыны і першы прэзыдэнт Чэскай рэспублікі.
Вацлаў Гавэл у маладосьці
Вацлаў Гавэл у маладосьці

«Нагадаць пра існаваньне праўды»

— Вы адным зь першых падпісалі Хартыю-77, але падпісантаў у маштабах Чэхаславаччыны было зусім няшмат. Чым стаў для вас гэты дакумэнт і грамадзкі рух, які зь яго нарадзіўся?

— Уласна, тут упершыню было прадэманстравана — хоць толькі на малой мадэлі, — што і ў нашых умовах існуюць магчымасьці для пасьлядоўнай дэмакратычнай супрацы ўсіх неабыякавых людзей. І нават калі б заўтра Хартыя-77 перастала існаваць, гэты досьвед, бадай, немагчыма будзе выціснуць з агульнай памяці.

Як бачым, нават такі плён Хартыі нельга зьмераць звыклымі палітычнымі інструмэнтамі. Але гэта ня значыць, што такога плёну не існуе.

Палітык пераконвае грамадзян у правільнасьці сваёй канцэпцыі, перацягвае іх на свой бок, абяцае ім тое ці сёе, засыпае іх рэцэптамі і заклікамі, а часам нават загадамі ды пагрозамі, яднае іх і арганізуе, пераконвае, каб аддалі за яго свае галасы, просіць падтрымкі, даверу і адданасьці.

Нічога падобнага Хартыя ня робіць, яна нават не шукае новых падпісантаў. Хоць яе і можа падпісаць любы чалавек і ў любы момант, але ніякіх адмысловых падпісных акцый ніколі і нідзе не праводзіцца. Хартыя нікога ні да чога не прымушае, не пераконвае і не заклікае. Яна не імкнецца павучаць. Ні за кога іншага не агітуе. І ні на кога не крыўдуе, калі не адчувае падтрымкі.

І хоць, нягледзячы на гэта, яна ёсьць заклікам да астатніх, але заклікам ускосным. Тое, што яна робіць, яна робіць сама ад сябе і на ўласную рызыку, і сваім прыкладам паказвае, што магчыма зрабіць. То бок, што нават у самых неспрыяльных умовах мы можам паводзіцца як грамадзяне, выступаць за свае правы і намагацца іх рэалізаваць. Што і там, дзе ўладарыць адзяржаўленая мана, грамадзянін можа гаварыць праўду. Што і без указкі зьверху кожны можа ўзяць на сябе суадказнасьць за лёс усіх. Што кожны можа пачаць рэформы сам зь сябе і проста цяпер.

Сапраўды: для Хартыі ня ёсьць пытаньнем гонару назьбіраць як мага больш неабыякавых людзей, каб, з увагі на іх колькасьць, узьняць свой аўтарытэт, пашыхтаваць сваіх прыхільнікаў і некуды іх павесьці.

Замежныя журналісты часам кажуць мне, што Хартыя ня можа мець вялікага рэзанансу ў грамадзтве, калі хартыстаў гэтак мала. Мне гэта нагадвае знакамітае пытаньне Сталіна, колькі ў папы Рымскага дывізій. Я, вядома, не прэтэндую на параўнаньне з Ватыканам, я хачу толькі падкрэсьліць, што патэнцыйная сіла Хартыі — падобна як і астатніх аналягічных рухаў у савецкім блёку — палягае на нечым іншым, а не на колькасьці ўдзельнікаў.

Мэта Хартыі — дзейнічаць у згодзе з уласнымі сумленьнем і перакананьнем і такім чынам падказаць астатнім, што і ў іх ёсьць такая магчымасьць. Нагадаць ім пра ўласную годнасьць. Нагадаць пра існаваньне праўды.

— Што стала штуршком для дысыдэнцкага руху ў вашай краіне ў 1970-я гады?

— Найважнейшай палітычнай падзеяй у Чэхаславаччыне пасьля прыходу да ўлады Гусака ў 1969 годзе было, бясспрэчна, зьяўленьне Хартыі-77. Аднак духоўны клімат для яе нараджэньня падрыхтавала не зусім палітычная падзея: яе паўстаньню папярэднічаў судовы працэс над музыкамі з гурту «The Plastic People of the Universe». Працэс, у якім супрацьстаялі ня дзьве палітычныя сілы ці канцэпцыі, а дзьве жыцьцёвыя плятформы: з аднаго боку, стэрыльны пурытанізм посттаталітарнага істэблішмэнту, з другога — невядомыя маладыя людзі, якія не хацелі нічога іншага, акрамя як жыць у праўдзе: граць музыку, якая ім падабаецца, сьпяваць пра тое, што яны напраўду адчуваюць, жыць свабодна, годна і ў братэрстве. Гэта былі людзі без палітычнага мінулага, не сьвядомыя апазыцыянэры зь нейкімі палітычнымі амбіцыямі, не былыя палітыкі, выкінутыя з уладных структураў.

Гэтыя людзі мелі магчымасьць адаптавацца да навакольнай сытуацыі, прыняць «жыцьцё ў хлусьні» і жыць сабе ў спакоі і бясьпецы. Аднак яны вырашылі іначай. Нягледзячы на гэта — ці, дакладней, менавіта таму, — выпадак іх перасьледу меў незвычайны рэзананс: уласна кажучы, ён закрануў кожнага, хто яшчэ ня здаўся. Больш за тое, працэс над імі прыпаў якраз на пару, калі пасьля доўгіх гадоў чаканьня, апатыі і скептычнага стаўленьня да розных формаў пратэсту пачаў праяўляцца новы настрой: нейкая «стомленасьць ад стомленасьці», калі людзям ужо надакучыла бясплённае чаканьне і пасіўнае жыцьцё ў надзеі, што, можа, варункі ўсё ж такі зьменяцца да лепшага. У пэўным сэнсе гэта была тая апошняя кропля, якая перапоўніла келіх. І многія групы і плыні, якія да той пары былі ізаляваныя, стрыманыя або дзейнічалі адрознымі, слаба спалучальнымі між сабой мэтадамі, раптоўна разам выразна адчулі, што свабода — непадзельная: усе зразумелі, што замах на чэскі музычны андэграўнд — гэта замах на элемэнтарнае і самае істотнае, на тое, што, уласна, яднала ўсіх: на «жыцьцё ў праўдзе», на сапраўдныя інтэнцыі жыцьця. Свабода рок-музыкі была зразуметая як свабода чалавека, а значыць, і як свабода філязофскіх і палітычных поглядаў, як свабода літаратуры, як свабода выказваць і абараняць самыя розныя сацыяльныя і палітычныя інтарэсы грамадзтва. У людзях прачнулася сапраўднае пачуцьцё салідарнасьці, і яны ўсьвядомілі, што не заступіцца за свабоду іншых — няхай сабе тых, хто сваёй творчасьцю і жыцьцёвай пазыцыяй ім абсалютна далёкі — значыць уласнаручна паставіць крыж і на сваёй свабодзе.

Вацлаў Гавэл і дысыдэнт, адзін з падпісантаў Хартыі-77 Вацлаў Бэнда (зьлева), 1983 год
Вацлаў Гавэл і дысыдэнт, адзін з падпісантаў Хартыі-77 Вацлаў Бэнда (зьлева), 1983 год

«Кожнаму ёсьць што губляць»

— Пасьля савецкага ўварваньня ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе пачалася палітыка так званай «нармалізацыі», каб вярнуць камуністычнай партыі татальны кантроль за краінай. У партыі адбываліся «чысткі», людзей масава звальнялі з працы. Як гэта памяняла сыстэму ўлады?

— Сёньняшняя ўлада глыбока адрозьніваецца ад той, што была да нядаўняга выбуху. Ня толькі таму, што папярэдняя была «арыгіналам», а цяперашняя ёсьць ягонай фармалізаванай імітацыяй, няздольнай усьвядоміць, наколькі той «арыгінал» быў спляжаны, але найперш вось чаму: ранейшая ўлада абапіралася на рэальны і важны сацыяльны падмурак у выглядзе даверлівай (хоць яна паступова і зьмяншалася) падтрымкі грамадзянаў і на рэальную (хоць яна паступова і зьнікала) прывабнасьць абяцаных пэрспэктываў разьвіцьця грамадзтва, сёньняшняя ж улада абапіраецца выключна на інстынкт самазахаваньня кіроўнай меншасьці і на страх падпарадкаванай большасьці.

— Як бы вы патлумачылі мэханізм так званай «нармалізацыі»?

— Большая частка людзей ня можа жыць у сталым канфлікце зь дзяржаўнай уладай, тым больш што такі канфлікт ня можа скончыцца нічым іншым, акрамя паразы ізаляванага індывіда. Чаму ж тады чалавеку не рабіць тое, што ад яго патрабуюць? Яму ж гэта нічога не каштуе. А потым ён увогуле перастае разважаць, бо лічыць гэта марнаваньнем часу. Безнадзейнасьць вядзе да апатыі, апатыя — да прыстасавальніцтва, прыстасавальніцтва — да рутыннага падпарадкаваньня (якое прымаюць за праяву масавай палітычнай актыўнасьці). Усё разам гэта складае сучаснае ўяўленьне пра так званыя «нармальныя» паводзіны — уяўленьне, па сваёй сутнасьці, глыбока пэсымістычнае.

— Якія мэтады выкарыстоўвае ўлада, каб кантраляваць людзей?

— Калі сёньня грамадзянін баіцца застацца бяз працы па спэцыяльнасьці, ягоны страх можа быць такі ж моцны і можа давесьці яго да такіх самых учынкаў, як калі б у іншых гістарычных умовах яму пагражала канфіскацыя маёмасьці. Прычым мэтад экзыстэнцыйнага ўціску ў нейкім сэнсе нават больш унівэрсальны, бо няма ў нас такога грамадзяніна, якога нельга было б пасадзіць на ланцуг экзыстэнцыйнага ўціску (у самым шырокім сэнсе): кожнаму ёсьць што губляць.

Шкала таго, што чалавек можа згубіць, вельмі шырокая: пачынаючы ад розных прывілеяў кіроўнага слою і асаблівых магчымасьцяў, якія вынікаюць з валоданьня ўладай, праз магчымасьць спакойнай працы, кар’ернага росту і прыстойнага заробку, магчымасьць увогуле працаваць па спэцыяльнасьці, магчымасьць вучыцца, і да магчымасьці проста жыць хоць бы на тым узроўні абмежаванай прававой стабільнасьці, на якім жыве большасьць грамадзянаў, а не апынуцца ў маргінальнай праслойцы, якую не бароняць законы, што дзейнічаюць для астатніх.

— Ці можна тады казаць, што сыстэма цяпер ужо цалкам пабудаваная на страху?

— Страх — толькі фон самаахоўнага імкненьня чалавека абараніць тое, што ён мае, але ўсё часьцей можна назіраць, што эгаізм і кар’ерызм робяцца рухавіком яго агрэсіўнага імкненьня атрымаць тое, чаго ў яго дагэтуль няма. Рэдка дзе апошнім часам грамадзкая сыстэма так адкрыта і бессаромна давала гэтулькі магчымасьцяў самарэалізавацца людзям, заўсёды гатовым прыняць любую ідэалёгію, абы толькі ім гэта прынесла выгаду; людзям беспрынцыпным і бесхрыбетным, ахвотным праз прагу ўлады і асабістага посьпеху зрабіць што-колечы; лёкаям паводле натуры, гатовым на любое самапрыніжэньне, ахвяраваньне сваімі блізкімі і ўласным гонарам дзеля магчымасьці спадабацца моцным.

Не выпадкова, што менавіта сёньня столькі грамадзкіх і дзяржаўных пасадаў занятыя вядомымі кар’ерыстамі, апартуністамі, ашуканцамі і людзьмі са сьмятанкай на вусах. Або проста тыповымі калябарантамі, то бок тымі, хто мае адмысловую здольнасьць у любой сытуацыі зноў і зноў пераконваць саміх сябе, што сваёй бруднай працай яны нешта ратуюць ці, прынамсі, не даюць яшчэ горшым нягоднікам заняць іхныя месцы. Зусім не выпадкова, што за апошнія дзесяцігодзьдзі менавіта цяпер найвышэйшай ступені дасягнула карумпаванасьць грамадзкіх дзеячоў, якія не саромеюцца браць хабар абсалютна адкрыта і за што заўгодна, а свае рашэньні дапасоўваюць найперш да ўласных карысьлівых інтарэсаў.

Людзей, якія шчыра вераць усяму, што кажа афіцыйная прапаганда, і бескарысьліва падтрымліваюць дзяржаўную ўладу, сёньня менш, чым калі дагэтуль. Затое крывадушнікаў чым далей, тым больш — у пэўнай ступені крывадушнікам вымушаны быць кожны грамадзянін.

«Цяперашняя сыстэма — гэта глыбокі доўгатэрміновы гвалт»

— Што вы бачыце галоўнай задачай дысыдэнцкага руху?

— Посттаталітарная сыстэма цісьне з усіх бакоў на чалавека, які супрацьстаіць ёй адзін, ізаляваны і самотны. Таму цалкам натуральна, што ўсе «дысыдэнцкія рухі» маюць выразна абарончы характар, абараняюць чалавека і сапраўдныя інтэнцыі жыцьця ад інтэнцый сыстэмы. Польскі KOR (Komitet obrony robotników) сёньня называецца «Камітэтам грамадзкай самаабароны», слова «абарона» прысутнічае і ў назвах іншых падобных згуртаваньняў у Польшчы; савецкія хэльсынскія групы і Хартыя-77 таксама маюць выразна абарончы характар.

З пункту гледжаньня традыцыйнай палітыкі такая абарона, напэўна, выглядае як праграма, зразумелая народу, але надта вузкая, экстраная і, урэшце, выключна нэгатывісцкая: адной канцэпцыі, мадэлі ці ідэалёгіі тут не супрацьпастаўляюцца іншая канцэпцыя, іншая мадэль ці ідэалёгія, таму гаворка, па сутнасьці, не ідзе пра «палітыку» ў поўным сэнсе слова: палітыка ўсё ж заўжды мае на ўвазе нейкую «пазытыўную» праграму і не абмяжоўваецца тым, што некага ад нечага бароніць.

На маю думку, такі падыход выкрывае абмежаванасьць традыцыйнай палітычнай оптыкі: цяперашняя сыстэма — гэта не канкрэтная палітычная лінія канкрэтных кіраўнікоў, а нешта істотна іншае: гэта глыбокі доўгатэрміновы гвалт, як варыянт — самагвалтаваньне грамадзтва. Супрацьстаяць яму, супрацьпаставіць лініі кіроўнай партыі нейкую лепшую лінію, а потым імкнуцца перахапіць уладу, было б ня толькі нерэальна ў цяперашніх умовах, але, галоўнае, недастаткова: кораня праблемы такое рашэньне ніяк не закранула б.

Даўно ўжо няма гаворкі пра праблемнасьць нейкай палітычнай лініі або праграмы: гаворка ідзе пра праблемнасьць самога жыцьця. Абарона яго інтэнцый, абарона чалавека — гэта ня толькі найбольш рэальны шлях, які можа пачацца тут і цяпер і які здольны значна хутчэй здабыць народную падтрымку (бо ён палегчыць штодзённы клопат людзей), — разам з тым (а можа, і менавіта таму) ён падаецца шляхам значна больш пасьлядоўным, бо вядзе да самай сутнасьці праблемы.

— Але хіба для палітычнага змаганьня сапраўды не патрэбная пазытыўная палітычная праграма?

— Сапраўдным полем патэнцыйнай палітыкі ў посттаталітарнай сыстэме ёсьць сталае і моцнае напружаньне паміж патрабаваньнямі гэтай сыстэмы і інтэнцыямі жыцьця, то бок элемэнтарнай патрэбай чалавека жыць, хоць бы да пэўнай ступені, у згодзе з самім сабой, жыць хоць бы зносна, ня быць прыніжаным начальнікамі і чыноўнікамі, ня быць увесь час пад нядрэмным вокам паліцыі, мець большую свабоду самавыяўленьня, мець магчымасьць рэалізаваць свае натуральныя творчыя здольнасьці, мець пачуцьцё прававой абароненасьці і г. д., і г. д. Усё, што так ці інакш датычыцца гэтага поля, што закранае гэтае падставовае, усюдыіснае і жыцьцятворнае напружаньне, — непазьбежна ўплывае на людзей.

Абстрактныя праекты ідэальнага палітычнага і эканамічнага ўладкаваньня цікавяць іх зусім слаба, і гэта лягічна — ня толькі таму, што кожны ведае, наколькі малыя шанцы на рэалізацыю маюць такія праекты, але і таму, што людзі сёньня ўсё вастрэй адчуваюць, што чым менш палітыка зыходзіць з канкрэтнага чалавечага «тут і цяпер» і чым больш цягнецца да нейкага абстрактнага «недзе і некалі», тым лягчэй яна можа пераўтварыцца ў новы варыянт паняволеньня чалавека.

«Вяртаньне чалавека да самога сябе»

— Наколькі важная для дысыдэнтаў міжнародная падтрымка?

— Калі я быў асуджаны і потым адбываў пакараньне, я на ўласнай скуры спазнаў дабратворную сілу міжнароднай салідарнасьці. Ніколі не перастану быць удзячны за любыя яе праявы. Тым ня менш, я ўсё ж не лічу, што мы — людзі, якія ў тутэйшых умовах спрабуюць уголас казаць праўду, — апынаемся ў нейкай асымэтрычнай сытуацыі, і што толькі мы маем патрэбу ў дапамозе і чакаем яе, не задумваючыся, ці здольныя і мы дапамагчы тым, хто дапамог нам.

Я перакананы: тыя, хто ў савецкім блёку называюцца «дысыдэнтамі», набываюць спэцыфічны досьвед жыцьця на крайнім фарпосьце сучаснай зьнечалавечанай улады. Гэтыя «дысыдэнты» маюць маральны абавязак рэфлектаваць свой досьвед, сьведчыць пра яго і перадаваць яго тым, хто ня лічыцца заўзятым ворагам нашай палітычнай сыстэмы. Гэта самы просты спосаб дапамагчы тым, хто дапамагае нам, дапамагчы ім глыбей зьведаць прыроду ўлады і прыроду чалавека.

— Але ж частка заходняга грамадзтва дагэтуль з павагай ставіцца да Савецкага Саюзу і збудаванай ім сыстэмы...

— Калі мне адзін францускі лявацкі студэнт са шчырым энтузіязмам у вачах сказаў, што ГУЛаг быў ахвяраваньнем у імя ідэалаў сацыялізму, а Салжаніцын — толькі прыватна ўзлаваны чалавек, мяне ахапіла глыбокая настальгія. Няўжо Эўропа напраўду ня здольная павучыцца з уласнай гісторыі? Няўжо той насамрэч сымпатычны хлопец ня можа зразумець, што нават самы паважны праект «агульнага дабрабыту» цалкам выкрые сваю бесчалавечнасьць у той самы момант, калі выкліча хоць адну нядобраахвотную сьмерць (то бок ня тую, якая ёсьць сьвядомым ахвяраваньнем жыцьця ў імя яго сэнсу), няўжо ён гэтага насамрэч не зразумее раней, чым апынецца на катарзе, скажам, у ваколіцах Тулузы? Няўжо newspeak сёньняшняга сьвету так дасканала задушыў натуральнае маўленьне, што два чалавекі ўжо ня могуць абмяняцца найбольш істотным досьведам?...

Вацлаў Гавэл на дэманстрацыі ў Празе 10 сьнежня 1988 году, у 40-ю гадавіну прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека
Вацлаў Гавэл на дэманстрацыі ў Празе 10 сьнежня 1988 году, у 40-ю гадавіну прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека

Авангардам безасабовай улады, якая цягне сьвет па сваёй ірацыянальнай арбіце, аблямаванай панішчанай прыродай і пускавымі ракетнымі ўстаноўкамі, ёсьць сучасныя таталітарныя рэжымы. Іх нельга не заўважаць, нельга ім прабачаць, саступаць, прымаць іх правілы гульні. Я перакананы: найлепш ім можна супрацьстаяць тым, каб неперадузята вывучаць іх і пярэчыць ім сваёй радыкальнай «інакшасьцю», якая будзе вынікаць зь няспыннай бітвы супраць таго зла, якое яны так наглядна ўвасабляюць, аднак якое, тым ня менш, маецца паўсюль, а значыць — і ў кожным з нас.

Найбольшую небясьпеку для гэтага зла ўяўляюць сабой не ракеты, скіраваныя на тую ці іншую дзяржаву, а яго фундамэнтальнае адмаўленьне ў самой структуры сучаснай людзкасьці: вяртаньне чалавека да самога сябе і да сваёй адказнасьці за сьвет; новае разуменьне правоў чалавека і іх бесьперастаннае патрабаваньне; пратэст супраць кожнай праявы безасабовай і пастаўленай па-над дабром і злом улады паўсюль, як бы яна ні апраўдвала свае трукі і маніпуляцыі, хай сабе нават неабходнасьцю абароны ад таталітарных рэжымаў.

Найлепшай дапамогай тым, хто пакутуе ў таталітарнай дзяржаве, ёсьць супраціў ва ўсім сьвеце таму злу, якое таталітарная сыстэма стварае, зь якога чэрпае сваю сілу, зь якога сама вырастае як яго «авангард». Найлепшым супрацівам таталітарызму ёсьць яго выгнаньне з уласнай душы, з уласнага асяродзьдзя, з уласнай краіны, выгнаньне яго з сучаснага чалавека.

— Вы супрацьпаставілі нядобраахвотную сьмерць і «ахвяраваньне жыцьця ў імя яго сэнсу»...

— Адсутнасьць герояў, якія ведаюць, за што паміраюць, ёсьць першым крокам да кучаў трупаў тых, хто быў забіты як паслухмянае гарматнае мяса.

«Змаганьне з жыцьцём як цэлым»

— Да нядаўняга часу шмат каму здавалася, што дастаткова проста «ня лезьці ў палітыку», каб без праблемаў жыць у беларускім грамадзтве. Але цяпер сфэра дазволенага ўсё больш звужаецца. Ці магчыма схавацца на «прыватнай тэрыторыі» ў грамадзтве, дзе няма палітычнага плюралізму?

— Таталітарная ўлада, будучы перакананай, што яна заўжды мае рацыю, а значыць — і права на татальную ўладу, у сваім станаўленьні абмяжоўвае і паступова скасоўвае сваіх канкурэнтаў: іншыя грамадзкія сілы. Найперш зьнікае палітычны плюралізм. Паралельна зь ім або непасрэдна пасьля яго абавязкова зьнікае і плюралізм духоўны ды эканамічны; улада, якая б іх талеравала, не была б татальнай.

Такім чынам, з жыцьця грамадзтва выціскаюцца ўсе несанкцыянаваныя падзеі.

Таталітарная ўлада імкнецца да таго, каб паглыбляць кантроль над грамадзтвам да ўсіх дробязяў, а радыюс актыўнасьці пашыраць і ў прасторы, і ў часе; ніводнага аўтарытэта, які б супярэчыў яе ідэалёгіі, яна не прызнае. Іншымі словамі: пасьля таго, як аўтарытэт цэнтральнай улады быў узьнесены па-над законам і маральлю, сама ўлада зрабілася недатыкальнай для грамадзкага кантролю, а дзяржаўныя гарантыі палітычнага плюралізму і грамадзянскіх правоў ператварыліся ў фарс або былі проста скасаваныя, зьнікла прычына паважаць і якія б там ні было традыцыі.

А таму экспансія цэнтральнай улады не спыняецца нават на мяжы жыцьця публічнага з жыцьцём асабістым, самавольна яе пасоўвае і ўрэшце без згрызотаў сумленьня ўрываецца ў прастору, якая лічылася выключна прыватнай. (Напрыклад, калі раней суполка голубагадоўцаў ня мела ніякага дачыненьня да палітыкі, то неўзабаве і яна апынулася пад кантролем цэнтральнай улады: мяжа кантраляванага была пасунутая ад палітычнай партыі да сяброўскага кола. Але ані на гэтым улада не спынілася: сёньня кантрольная паласа праходзіць ужо і праз маю спальню, напічканую «жучкамі», пільнуючы маё дыханьне як маё privatissimum, да якога дзяржаве таксама ёсьць справа.)

Такім чынам, забаронай апазыцыйных партый і ўвядзеньнем цэнзуры змаганьне з гістарычнымі падзеямі, а тым самым — і з самім жыцьцём, не заканчваецца, а наадварот, пачынаецца.

Аднак, з пэўнага гледзішча, яшчэ больш небясьпечны (бо глыбей прыхаваны) ускосны ўплыў: у сучасным сьвеце публічнае жыцьцё ад прыватнага ўжо даўно выразна не аддзеленае; дзякуючы безьлічы цывілізацыйных зьяваў гэтыя дзьве сфэры зьнітаваныя тысячамі ўзаемных повязяў. Публічнае і прыватнае, па сутнасьці, — два твары, полюсы або вымеры адзінага, а значыць, непадзельнага жыцьця; усё, што адбываецца на публічнай сцэне, нястрымна — хоць калі-нікалі вельмі складанымі і схаванымі шляхамі — пранікае ў прыватную сфэру, уплывае на яе, скрыўляе яе, а часта непасрэдна сустварае.

Таму зьмізарненьне жыцьця публічнага сёньня непазьбежна дэфармуе, скрыўляе і, урэшце, зьмізарняе таксама жыцьцё прыватнае; кожны крок у бок больш дасканалага кантролю за першым несамавіта падпісваецца на выглядзе другога. Такім чынам, змаганьне супраць плюралізму і некантраляваных падзеяў на публічнай глебе ёсьць змаганьнем не з адным бокам або сфэрай жыцьця, а змаганьнем з жыцьцём як цэлым.

Удзельнікі дэманстрацыі ў цэнтры Прагі 17 сьнежня 1989 году з партрэтам Вацлава Гавэла і плякатам з надпісам «Праўда пераможа».
Удзельнікі дэманстрацыі ў цэнтры Прагі 17 сьнежня 1989 году з партрэтам Вацлава Гавэла і плякатам з надпісам «Праўда пераможа».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG