Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускі снайпэр». Былы польскі пасол напісаў палітычны трылер пра Беларусь


Лешэк Шарэпка і вокладка кнігі «Беларускі снайпэр»

Былы польскі пасол Лешэк Шарэпка напісаў раман пра Беларусь. Падзеі ў кнізе «Беларускі снайпэр» адбываюцца ў Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукавага.

У інтэрвію Свабодзе аўтар кнігі і былы дыплямат у Беларусі расказаў пра фікцыю і рэаліі ў сваёй кнізе, даў ацэнку падзеям у Беларусі, якія ўскалыхнулі сьвет, і патлумачыў прычыну крызісу ў беларуска-польскіх дачыненьнях.

Лешэк Шарэпка — гісторык, дыплямат, пісьменьнік. Шмат гадоў супрацоўнічае з Цэнтрам усходніх дасьледаваньняў (Варшава), выкладае ў Цэнтры Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту. Працаваў у польскіх дыпляматычных установах у Маскве, Кіеве і Менску. З 2011 да 2015 году быў паслом Польшчы ў Беларусі.

Кароткае апісаньне ад выдавецтва «Sąsiedzi»:

  • Раман «Беларускі снайпэр» прыцягвае найлепшыя ўзоры з раманаў Тома Клэнсі і Робэрта Ладлэма. Ён ідэальна ўпісаны ў сучасную беларускую рэчаіснасьць і, такім чынам, дазваляе лепш зразумець як сутнасьць тамтэйшага рэжыму, так і матывацыю тых, хто не баіцца рызыкаваць сваім жыцьцём, каб яго зрынуць.
  • Аўтарытарная сыстэма ставіцца да людзей інструмэнтальна, змагаецца зь іх салідарнасьцю і незалежнасьцю, манапалізуе праўду і навязвае ўласны кодэкс паводзін. У гэтым пераконваецца Алег Прыбылоўскі, верны ахоўнік беларускага прэзыдэнта, які, сутыкнуўшыся з выбарам, вырашае змагацца, каб абараніць сваё вялікае каханьне і захаваць пачуцьцё ўласнай годнасьці.
  • Па дарозе ён сустракае Паўла Шарэта, журналіста, які шмат гадоў спрабуе раскрыць цёмныя сакрэты беларускага эскадрона сьмерці. Абодва кідаюць выклік цынічнаму і бязьлітаснаму дыктатару.
  • Задача, якую ўзяў на сябе Алег, — выкрыць злачынную сыстэму і выратаваць сваю дзяўчыну, — знаходзіцца на мяжы жыцьця і сьмерці.

Пра кнігу:

«Людзі, якія прачытаюць гэтую кнігу, ня будуць мець ілюзіяў, з кім яны маюць дачыненьне»

  • Я хацеў паказаць жыцьцё звычайных людзей у сучаснай Беларусі, тое, як палітычны рэжым уплывае на іхнае жыцьцё і як яны не да канца могуць сябе раскрыць. У кожны момант людзі могуць адчуць сілу гэтага рэжыму і адчуць сябе безабароннымі. І гэта бачна ў кнізе.
  • Раман спрашчае аўтару магчымасьць выказацца. Калі вы пішаце навуковую кнігу, то вы павінны мець усе крыніцы, вы павінны ўсё правяраць, мець доступ да дакумэнтаў. А ў Беларусі гэта немагчыма. Тым больш, што я пішу пра рэчы, якія для беларускай улады непрыемныя і яны б жадалі іх схаваць.
  • У кнізе я даў героям іншыя прозьвішчы, але беларусы хутка зразумеюць, пра каго ідзе гаворка. Людзі на Захадзе, у Польшчы, не да канца разьбіраюцца ў дэталях, і ім будзе складаней. Але справа ня ў прозьвішчах, а ў тым, як гэтая сыстэма працуе.
  • Гэтая сыстэма мне трошкі нагадвае мафіёзную структуру, дзе ёсьць адзін чалавек, ад чыіх рашэньняў залежыць усё. У выніку ўсё гэта працуе на яго, бо ягоная ідэалёгія для людзей не прыцягальная. Ён глядзіць на людзей праз прызму сваіх інтарэсаў і намагаецца ацэньваць людзей праз тое, наколькі яны яму ляяльныя. Ляяльнасьць для яго — гэта галоўны крытэр ацэнкі чалавека. І ў кнізе гэта бачна.
  • Быў такі польскі пісьменьнік, які сказаў, што «толькі праўда цікавая». Я намагаўся выкарыстаць рэчы, якія я ведаў пра Беларусь. Але нельга казаць адкрыта, хто гэта зрабіў. У гэтых людзей ёсьць магчымасьць выкарыстаць судовую сыстэму і спрабаваць нашкодзіць чалавеку. Гэта ўсё political fiction, я гэта прыдумаў. Прыдумаў, але з выкарыстаньнем гэтых ведаў, якія я маю, рэчаў, якія дазнаўся, працуючы паслом у Беларусі. Але тады я ня мог пра іх гаварыць наўпрост, бо на такой пасадзе гэта немагчыма, у такой абстаноўцы.
  • Раман дапамог паказаць сутнасьць сыстэмы, якая ёсьць у Беларусі. Думаю, што людзі, якія прачытаюць гэтую кнігу, ня будуць мець ілюзіяў, з кім яны маюць дачыненьне.

Пра Беларусь:

«Калі будзе зручны момант, пратэсты лёгка ўспыхнуць ізноў»

  • У Беларусі, без сумневу, пануе аўтарытарная сыстэма. Яна такой стала не адразу. Сутнасьць яе ў тым, што яна замацоўваецца з часам. Чым даўжэй адзін чалавек прымае рашэньні, тым больш гэтая сыстэма ўмацоўваецца і тым складаней зь ёю змагацца. Для грамадзтва доўгая дыктатура мае такія ж наступствы, як для прыроды і Зямлі ядзерны выбух.
  • Маштаб пратэсту ў Беларусі стаў для ўсіх сюрпрызам. Усе лічылі, што гэта завершыцца, як і пяць гадоў таму, калі ў 2015 годзе прэзыдэнт Лукашэнка ўмела кантраляваў сытуацыю ў краіне. Цяпер ён недаацаніў праціўнікаў, думаючы, што ўсё будзе як звычайна.
  • Цяпер вельмі складана элімінаваць свабодную інфармацыю. Усе маюць доступ да інтэрнэту. Сеціва можна, вядома ж, кантраляваць, але няма магчымасьці абмежаваць усё. Разумныя людзі ў любым выпадку знойдуць інфармацыю.
  • Прапаганда, якая ёсьць у Беларусі, перастала працаваць. Думаю, што нават тыя журналісты, якія ёю займаюцца, ужо ня вераць у тое, што самі кажуць. Гледачы гэта бачаць і чуюць, адчуваюць.
  • Эканамічная сытуацыя ў Беларусі не паляпшаецца такімі тэмпамі, як раней. Што ні кажы, прэзыдэнт Лукашэнка ў той час карыстаўся даверам грамадзтва, дзякуючы таму, што навёў парадак на пачатку 90-х і намагаўся рэалізоўваць грамадзкую дамову. Ён намагаўся дзяліцца тым прыбыткам, які быў. Гэта працавала 10–15 год, але людзі паглядзелі, што ў суседзяў, у якіх іншая сыстэма, рэформы ідуць лепш і ўзровень жыцьця ў іх вышэйшы, чым у Беларусі. І людзі падумалі, што Лукашэнка вешае ім локшыну на вушы і робіць зь іх дурняў.
  • У 90-х ён казаў, што ў краіне ёсьць адзін палітык, які ўсё вырашае, а людзі павінны яго слухаць і выконваць яго рашэньні. Спачатку гэта працавала. Але потым людзі пачалі казаць: а чым мы горшыя? Мы таксама павінны ўзяць лёс у свае рукі і павінны мець на гэта права. Людзі ўбачылі, што гэтая ўлада ня лічыцца зь іх думкай, глядзіць на іх як на дзяцей.
  • Пакуль не атрымалася. Але пасьля мінулага лета патэнцыял пратэстаў зрабіўся шырэйшы, чым раней. Калі будзе зручны момант, калі ўлада ізноў зробіць памылку, пратэсты лёгка ўспыхнуць.

Пра беларуска-польскія адносіны:

«Калі я працаваў паслом у Беларусі, то адчуваў варожасьць часткі эліты адносна Польшчы»

  • Тое, што адбылося ў 80-х у Польшчы (узьнікненьне «Салідарнасьці» і параза камуністаў. — РС), было ў іншай геапалітычнай сытуацыі. СССР губляў сілы і сродкі, каб уплываць на адносіны. Цяпер Расея, якая зьяўляецца гарантам улады Лукашэнкі, намагаецца зноў пабудаваць сваю імпэрыю. І параза на заходнім фронце была б для Расеі вельмі непрыемнай. Яны спрабуюць гэтага не дапусьціць.
  • У Польшчы ўсё ж была партыя, якая намагалася дзейнічаць паводле нейкай ідэалёгіі. Там былі розныя плыні, фракцыі. У Беларусі ж ёсьць адзін чалавек, які спрабуе дзейнічаць як мафіёзны бос. Ярузэльскі, які тады кіраваў, не глядзеў на Польшчу як на сваю ўласнасьць. Ён быў прадстаўніком сілы, якая кіравала краінай. А Лукашэнка глядзіць на Беларусь як на сваю ўласнасьць.
  • Лукашэнка сам загнаў сябе ў кут. Тое, што ён казаў раней, не дазваляе яму пайсьці на дыялёг з грамадзтвам. Ён да канца будзе цьвердзіць, што гэта ён мае рацыю. У Польшчы такога не было. У нас заўсёды былі сілы, зь якімі можна было размаўляць. Быў каталіцкі касьцёл, які быў самастойнай сілай і меў падтрымку часткі грамадзтва і прадстаўляў яго думку.
  • Калі я працаваў паслом у Беларусі, то адчуваў варожасьць часткі эліты адносна Польшчы. У нас былі нават праблемы з тым, каб знайсьці ў Менску памяшканьне для Фэстывалю польскай мовы. У ніводнай дзяржаўнай установе гэта немагчыма было правесьці. Лукашэнка неаднаразова казаў, што палякі ў Беларусі — гэта «пятая калёна», а польскія ўлады нібыта рыхтуюць баевікоў у лягерах пад Варшавай. І гэта было акурат тады, калі я быў паслом.
  • Звычайна такі рэжым спрабуе знайсьці факты, якія мабілізуюць грамадзтва вакол яго. Літва — невялікая краіна, і ніхто не паверыць, што яна будзе спрабаваць захапіць нейкую тэрыторыю Беларусі. А Польшча — вялікая краіна, у палякаў ёсьць досьвед сумеснай дзяржавы зь беларусамі. Так палякі выйшлі на першае месца ў якасьці нейкай пагрозы для беларускага рэжыму, якую можна паказаць публіцы.
  • Калі мы параўнаем колькасьць ахвяраў у Бярозе Картускай і ў адным звычайным савецкім лягеры, то Бяроза выглядае на гэтым фоне як нейкі санаторый. Я б вельмі хацеў прачытаць кнігу беларускага гісторыка пра гісторыю Польшчы, каб гэта была аб’ектыўная кніга, якая ўлічвае розныя пытаньні нашых супольных адносінаў. Гэтага вельмі не хапае.
  • У палякаў няма ніякіх плянаў ісьці захопліваць Беларусь. Мы, палякі, вельмі зацікаўленыя ў тым, каб нідзе не было зьменаў межаў. Бо калі адбываюцца такія рэчы, то мы звычайна губляем. Мы б хацелі жыць у тых межах, якія ёсьць, і нэгатыўна ставімся да ідэяў мяняць межы нават мірным чынам. У Польшчы няма сур’ёзнай сілы, якая б думала пра рэвізію межаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG