Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палічылі, што трэба вырваць зь сям’і». Аршанцу, які выхоўвае чатырох дзяцей, прысудзілі «хімію» за абразу міліцыянта


Максім Шаўлінскі

Суд Аршанскага раёну і гораду Воршы прысудзіў 23 красавіка Максіму Шаўлінскаму два гады «хіміі» з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу і выплату тысячы рублёў кампэнсацыі за маральную шкоду.

Яго абвінавацілі па артыкуле 369 (зьнявага прадстаўніка ўлады) за камэнтар у чаце пра супрацоўніка аршанскай міліцыі Вішнеўскага.

«Я быў у шоку, кажу, хлопцы, вы ашалелі, ці што?»

Максіму Шаўлінскаму 32 гады. Падчас працы ў гандлёвай кампаніі ён стварыў закрыты чат «УКантакце», у якім супрацоўнікі абмяркоўвалі карпаратывы.

«На фоне падзеяў, якія адбываліся ў краіне ў жніўні, супрацоўнік, якога таксама судзілі, недзе ў сеціве знайшоў фатаздымак зь міліцыянтам і подпісам, што той быў у ачапленьні і нібыта зьбіў дубінкай дзяўчыну. Ён дадаў гэтае фота ў чат. Усе, натуральна, на нэрвах, — кажа Максім. — Я напісаў гнеўнае выказваньне, што гэта бязьмежжа, што яны робяць. Іншыя таксама пісалі. Напісалі і забыліся. А ў гэтым чаце была касірка, у якой муж міліцыянт. І ён празь яе тэлефон залез у гэты закрыты чат і потым напісаў на мяне заяву. Атрымліваецца, гэты міліцыянт залез у асабістую, чужую інфармацыю. Ён ня меў на гэта права, але гэтага ніхто не хацеў улічваць».

Трэцяга верасьня супрацоўнікі міліцыі забралі Максіма з працы на допыт. Ён прызнаўся, што пісаў у чаце, і даў свой тэлефон для агляду.

«Як з суседзямі на кухні, пагутарылі і забыліся. А яны зачапіліся за гэта, маўляў, зьнявага. Мяне памурыжылі, потым пачалі хлопца, які разьмясьціў здымак, мурыжыць. Яго затрымалі, адвезьлі на суткі ў Віцебск, потым на судзе ў яго я праходзіў як сьведка. Ён звычайны рабацяга, у яго малое дзіця. Яму далі паўтара года „хіміі“ па артыкуле 188 (паклёп). Потым сталі цягаць мяне, пачаліся допыты і вобшукі, вопіс маёмасьці».

Максім Шаўлінскі з трохмесячнай дачкой
Максім Шаўлінскі з трохмесячнай дачкой

У лютым у Максіма нарадзілася дачка, а ў сакавіку ён пайшоў яе рэгістраваць у ЗАГС. У гэты час яму патэлефанавалі зь міліцыі, каб прыйшоў у пастарунак. І затрымалі яго на трое сутак.

«Я быў у шоку, кажу, хлопцы, вы ашалелі, ці што?» — кажа Максім.

У пастарунку міліцыянты прапаноўвалі запісаць відэа з прабачэньнямі на адрас Вішнеўскага, якое пакажуць толькі «зьняважанаму». Але Максім адмовіўся, бо такія відэа потым трапляюць на БТ.

«Мой адвакат пагутарыў са сьледчым, маўляў, у мяне малое дзіця, што яны робяць? Сьледчы пагадзіўся, што ня трэба затрымліваць, і мяне адпусьцілі. Але цягалі ў Віцебск, нават на псыхіятрычную экспэртызу. Сабралі справу на два тамы».

Перад судом супрацоўнік міліцыі падаў пазоў на кампэнсацыю ў тысячу рублёў за маральную шкоду.

«Судзьдзя спытаўся, а чаму менавіта такая сума, а не якіх-небудзь 20 рублёў. Ён сказаў, што пацярпеў, перажываў, ноч ня спаў і сапсаваўся апэтыт», — кажа Максім.

Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў пакараць Максіма трыма гадамі «хіміі», але суд даў два. Прысуд Максім абскардзіў, чакае выніку. Грашовую кампэнсацыю міліцыянту ён ужо сплаціў, і той даў расьпіску, што прэтэнзій ня мае.

«Калі мяне накіруюць на „хімію“, то адкуль жонцы чакаць дапамогі?»

Максім выхоўвае чатырох дзяцей, на старэйшую 12-гадовую дачку ад першага шлюбу выплачвае алімэнты. У сям’і двое сыноў другой жонкі 7 і 9 гадоў і меншая дачка, якая нарадзілася 23 лютага. Сям’я наймае кватэру.

Максім Шаўлінскі з жонкай
Максім Шаўлінскі з жонкай

«Тое, што я плачу алімэнты, гэта іх наогул не цікавіць. У іх ідэя ў тым, каб пакараць. Бо маглі даць штраф ці „хатнюю хімію“. Але палічылі, што трэба вырваць зь сям’і і накіраваць куды-небудзь далей. А тое, што жонка сядзіць на дзіцячай выплаце, не працуе і я адзіны кармілец, іх не цікавіць. Калі мяне накіруюць на „хімію“, то адкуль жонцы чакаць дапамогі? На судзе ўсе плакалі. Бацькі расчараваліся, што ў краіне ёсьць справядлівасьць. Усе сумныя. Беларусь — краіна для сумных».

«Я не лічу сябе злачынцам»

У Максіма, які цяпер працуе сталяром-станочнікам, ёсьць хобі — ён стварае і выконвае электронную музыку, якую выкладвае ў сеціве. Ён таксама займаецца радыётэхнікай, электронікай, рамантуе відэа- і музычнае абсталяваньне, сам вырабляе ўзмацняльнікі і эфэктары. Максім грае на гітары, бас-гітары і клявішных.

«Я выкарыстоўваю пэўныя сэмплы, а гітарныя і клявішныя партыі выконваю сам. Мая музыка — гэта сумесь розных стыляў, для кожнага нешта знойдзецца. Яна павінна станоўча ўплываць на чалавека, каб ён задумваўся пра нешта. Дзякуючы музыцы я выказваю свае эмоцыі і перажываньні».

Паводле Максіма, перасьлед за камэнтары ў чаце — для яго гэта шок, ён ня мог такога нават уявіць.

«Я расчараваўся ў праваахоўнай і судовай сыстэме. Я не лічу сябе злачынцам і не лічу, што за камэнтары трэба так караць. Гэта несправядліва. Але ў нашай краіне справядлівасьць страціла сваё значэньне і сэнс».

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG