Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад «заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасьці» да «перашкоды радыёсувязі міліцыі». Як закрывалі непаслухмяныя радыёстанцыі


Ілюстрацыйнае фота.

У Дзень радыё, што ў Беларусі адзначаецца 7 траўня, успамінаем папулярныя радыёстанцыі, якія былі закрытыя з 1994 году, і тыя, што істотна зьмяніліся.


«Беларуская маладзёжная»: закрылі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 1994-га

Радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» была заснаваная 2 лютага 1963 году. Першым галоўным рэдактарам быў Яўген Радкевіч (пазьней ён стаў загадчыкам катэдры радыё і тэлебачаньня факультэту журналістыкі БДУ, прафэсарам).

На пачатку 1990-х «БМ» вяшчала 6 гадзін у жывым эфіры на першай і другой праграмах Беларускага радыё.

У часы перабудовы «БМ» не баялася гаварыць пра нацыянальнае адраджэньне, зладзіла «круглы стол» з удзельнікамі суполкі «Талака», якія разважалі пра нацыянальную валюту, армію і незалежнасьць Беларусі. Прынцыповым для «БМ» было моўнае пытаньне. Вяшчаньне вялося ў клясычнай моўнай традыцыі.

У студзені 1991 году зь Літвы выйшаў на сувязь Сяргей Дубавец, які ў жывым эфіры гаварыў пра акупацыю Вільні савецкімі войскамі і пра штурм тэлевежы. Пасьля ў эфіры гучалі рэпартажы зь першых акцый пратэсту, мітынгаў, паседжаньняў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня.

Напярэдадні першай прэзыдэнцкай кампаніі галоўны рэдактар «БМ» Жанна Літвіна і яе намесьніца Тацяна Мельнічук сталі даверанымі асобамі Станіслава Шушкевіча. Алена Радкевіч і Віталь Сямашка працавалі ў штабе Зянона Пазьняка. Аляксандар Лукашэнка быў частым госьцем жывых эфіраў «БМ» яшчэ ў статусе дэпутата. У канцы траўня 1994 году кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё прапанавала расфармаваць калектыў «Беларускай маладзёжнай» у зьвязку «з чарговай зьменай арганізацыйнага статусу».

Жанна Літвіна
Жанна Літвіна

Тагачасная галоўная рэдактарка «БМ» Жанна Літвіна мяркуе, што прэм’ер-міністар Вячаслаў Кебіч прыняў гэтае рашэньне, бо радыёстанцыя не падтрымала яго.

27 траўня а 23-й гадзіне выйшаў апошні жывы эфір «Беларускай маладзёжнай», на перадачу тэлефанавалі Станіслаў Шушкевіч, студэнт трэцяга курсу юрфаку Павал Латушка. Заплянаваны на наступны дзень эфір са старшынём Нацбанку Станіславам Багданкевічам быў забаронены. Два тыдні на хвалях «БМ» круцілі музыку.

А ў сярэдзіне чэрвеня 1994 году 18 супрацоўнікаў «БМ» на чале з галоўнай рэдактаркай Жаннай Літвіной звольніліся на знак пратэсту.

Пазьней і Аляксандар Лукашэнка, і тагачасны кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Іван Пашкевіч абяцалі аднавіць радыёстанцыю, аднак гэтага ня здарылася.

«Радыё-2»: закрылі напярэдадні рэфэрэндуму 1996 году. Прычын не назвалі

Некалькі супрацоўнікаў рэдакцыі «БМ» засталіся працаваць на дзяржаўным радыё — на новаўтвораным інфармацыйна-музычным «Радыё-2», якое вяшчала на Другім канале дзяржаўнага радыё.

Ачоліў «Радыё-2» Уладзімер Дзюба, які раней працаваў адказным сакратаром «БМ». Пасьля самай масавай акцыі тых часоў — Чарнобыльскага шляху 1996 году — Уладзімера Дзюбу затрымалі і пасадзілі на 15 сутак на Акрэсьціна.

Напярэдадні рэфэрэндуму 1996 году «Радыё-2» закрылі.

101,2 закрылі «з тэхнічных прычын»: перадатчык нібыта перашкаджаў працы менскай міліцыі

Заснавальнікі адной зь першых незалежных FM cтанцый «101,2» — Жанна Літвіна, якая ачольвала «Беларускую маладзёжную» цягам апошніх 10 гадоў, і гукарэжысэр Зьміцер Новікаў. Першы эфір радыё «101,2 FM» адбыўся 21 ліпеня 1995 году.

Рэдакцыя станцыі «101,2»
Рэдакцыя станцыі «101,2»

Аснову Радыё 101,2 склалі былыя супрацоўнікі «Беларускай маладзёжнай», якія звольніліся зь дзяржаўнага радыё: Вольга Бабак, Генадзь Кесьнер, Ірына Курапаткіна, Іна Студзінская, Алесь Хмяльніцкі, Анатоль Додзь, Уладзімер Сакульскі. Пачуўшы першыя эфіры, прыйшла моладзь: Вольга Караткевіч, Юрась Бушлякоў, Марына Золатава, Іван Бялоўскі, Зьміцер Васількоў.

«Радыё 101,2» было інфармацыйна-музычным праектам. Гучала беларуская і замежная музыка. Кожныя паўгадзіны — выпуск навінаў. Было шмат аўтарскіх праграм: праграму «Бізнэс-актуаліі» вялі Вольга Караткевіч з Паўлам Шараметам, «Квадракола» — Лявон Вольскі, «ПраРок» — Кася Камоцкая, «Паехалі!» — Вольга Бабак, «Музыку тоўстых» — Зьміцер Падбярэскі.

У жніўні 1996 году ў студыю на Рэвалюцыйнай прыйшоў тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Сямён Шарэцкі, які быў катэгарычна супраць абвешчанага рэфэрэндуму. Адзін са слухачоў, які датэлефанаваўся ў студыю, спытаў: «Чаму вы сваю пазыцыю агучваеце тут, а не ў дзяржаўных СМІ? Шарэцкі адказаў: «А ў мяне іншай магчымасьці няма!».

Улады шукалі падставу, як «прыкрыць» радыёстанцыю. Знайшлі фармальную тэхнічную прычыну: быццам бы перадатчык і частата 101,2 перашкаджаюць радыёсувязі менскай міліцыі. У рэдакцыю даслалі факс бяз подпісу, што 31 жніўня 1996 году эфір павінен быць спынены.

Аднак праз пару тыдняў частату 101,2 аддалі Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі, які запусьціў там «Радыё Стыль», а потым «Пілёт FM».

«Аўтарадыё» абвінавацілі ў экстрэмізьме за фразу «лёс краіны вырашаецца на плошчы»

Юры Базан, галоўны рэдактар «Аўтарадыё». Архіўнае фота
Юры Базан, галоўны рэдактар «Аўтарадыё». Архіўнае фота

«Аўтарадыё» стала першай незалежнай радыёстанцыяй у сувэрэннай Беларусі — яна была заснаваная 7 жніўня 1992 году. Радыё акцэнтавала сваю працу на беларускай музыцы: N.R.M., «Крамбамбуля», Neuro Dubel, «Ляпіс Трубяцкі». Вядоўцамі праграмаў былі папулярныя музыкі Алег Хаменка, Зьміцер Вайцюшкевіч, Маша Яр.

З 9 па 17 сьнежня 2010 году на «Аўтарадыё» трансьлявалі агітацыйныя ролікі апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева і Андрэя Саньнікава.

Фармальнай прычынай для закрыцьця хвалі «Аўтарадыё» 105,1 стаў «распаўсюд матэрыялаў, якія зьмяшчаюць публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці». У прыватнасьці, Андрэй Саньнікаў заклікаў выбарнікаў вырашаць лёс краіны не на кухні, а на плошчы. «Лёс краіны вырашаецца на плошчы. Настаў час памяняць лысую гуму», — сказаў палітык.

Аднак перадвыбарчую праграму Саньнікава з гэтай фразай друкавалі дзяржаўныя СМІ, гучала яна і ў эфіры афіцыйных тэлеканалаў.

Літаральна на наступны дзень пасьля закрыцьця «Аўтарадыё» пачалі жартаваць: «Можа, цяпер і дзяржаўную тэлевізію закрыюць за заклікі да экстрэмізму?»

Заснавальнік «Аўтарадыё» Юры Базан дайшоў да Вярхоўнага суду, але безвынікова. У 2016 годзе Базан памёр ва ўзросьце 53 гадоў.

Пасьля выбараў 2010 году зьявіліся «чорныя сьпісы».

Літаральна праз тыдзень пасьля закрыцьця «Аўтарадыё» ў студзені 2011 году кіраўнікі дзяржаўных СМІ і камэрцыйных радыёстанцый атрымалі зь Міністэрства інфармацыі сьпіс музыкаў ды іншых творчых асобаў, якім забаронена было зьяўляцца ў эфіры. Папера насіла «неафіцыйны характар» і ня мела ні зыходных дадзеных, ні подпісу.

  • У «чорны сьпіс» трапілі гурты «Ляпіс Трубяцкі», «Палац», «Крама», N.R.M., Neuro Dubel, «Крамбамбуля», «Нака», сьпевакі Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, драматургі Андрэй Курэйчык і Ўладзімер Халіп, калектыў «Свабоднага тэатру» на чале зь Мікалаем Халезіным, пісьменьніца Вольга Іпатава, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, паэты Генадзь Бураўкін, Сяргей Законьнікаў, Анатоль Вярцінскі, мастакі Мікола Купава, Аляксей Марачкін, кінарэжысэры Юры Хашчавацкі і Ўладзімер Колас.

«Альфа Радыё» стала часткай холдынгу «СБ. Беларусь сегодня»

Сяргей Кузін
Сяргей Кузін

«Альфа Радыё» ўпершыню выйшла ў эфір у сакавіку 1999 году і імгненна стала вельмі папулярным. Зорны час «Альфа Радыё» працягваўся першыя 5 гадоў, пакуль заснавальнікам і генэральным прадусарам станцыі быў вядомы шоўмэн Сяргей Кузін. У 2004 годзе Кузін вымушаны быў зьехаць у Кіеў, бо Міністэрства інфармацыі прызначыла туды сваё кіраўніцтва і завалодала кантрольным пакетам акцый.

Увосень 2014-га камэрцыйную радыёстанцыю перадалі ў склад холдынгу «СБ. Беларусь сегодня» і Адміністрацыі прэзыдэнта.

З таго часу станцыя знаходзіцца ў Доме друку. З «Альфа Радыё» сышлі некаторыя папулярныя вядоўцы, дыджэі. Зьявіліся праграмы кшталту«В интерьере политики», частымі гасьцямі якіх сталі праўладныя экспэрты Аляксей Аўдонін, Вадзім Баравік, Аляксей Бяляеў. Некалькі аўтарскіх праектаў на «Альфа Радыё» мае Андрэй Мукавозчык («Песня о жизни», «Семь дней в истории» і «Накипело»).

«Радыё Сталіца»: звольніліся дырэктар і 11 журналістаў

Былы дырэктар «Радыё Сталіца» Алег Міхалевіч
Былы дырэктар «Радыё Сталіца» Алег Міхалевіч

Істотна зьмянілася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і адзінае ў краіне цалкам беларускамоўнае «Радыё Сталіца». «Сталіца» была вельмі папулярная ў кіроўцаў: аб’ектыўныя навіны па-беларуску, рок-фармат, ток-шоў зь беларускімі музыкамі, праграмы па гісторыі Беларусі, віктарыны.

Пасьля жнівеньскіх падзей супрацоўнікі «Сталіцы» падтрымалі страйк: не выходзілі выпускі навінаў і перадачы. Калектыў прыйшоў на працу, але сядзеў у студыях з выключанымі мікрафонамі, гучала толькі музыка і навіны спорту.

Сярод патрабаваньняў супрацоўнікаў было: правесьці новыя сумленныя выбары; спыніць гвалт; спыніць забаўляльныя эфіры; аб’ектыўна асьвятляць падзеі. 18 жніўня кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі прапанавала працягнуць працу, але не паведамляць навіны пра палітыку. Калектыў «Сталіцы» настойваў на сустрэчы з кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі Іванам Эйсмантам, але ў таго не знайшлося часу. На знак пратэсту большая частка калектыву — 11 журналістаў і дырэктар «Сталіцы» Алег Міхалевіч — звольніліся.

«Зьніклі перадачы пра беларускую гісторыю, няма штодзённай вечаровай перадачы зь беларускімі рок-музыкамі. Падборка навінаў выключна зь БелТА, кожная гадзіна пачынаецца з абавязковага „прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка...“. Стала менш цікава, менш разнастайна. Адчуваецца нястача спрактыкаваных вядоўцаў, імі сталі тыя, хто раней зачытваў спартовыя навіны.

Неяк я як пераможца апытанкі ў „Навігатары“ замовіў песьню „Крамы“ „Бяжы, бяжы, хлопец“, дык мне адказалі, што ў іх няма такога! Цяпер адказы ў „Навігатары“ трэба дасылаць не праз SMS, а празь іх старонку ў фэйсбуку, а гэта ў машыне вельмі нязручна, дык увогуле больш ня ўдзельнічаю. Сапраўды расчараваны, але іншага і не чакаў», — кажа былы прыхільнік «Радыё Сталіца».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG