Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ў дыктатара няма палітычнай будучыні, ён пачынае займацца гістарычным мінулым


Падчас акцыі солідарнасьці ля амбасады Беларусі ў Кіеве. 13 жніўня 2020 году. Ілюстрацыйнае фота

Заява нямецкіх адвакатаў у фэдэральную пракуратуру Нямеччыны зачапіла і абурыла Аляксандра Лукашэнку. Рэакцыя не заставіла сябе чакаць, піша гісторык з Дусэльдорфу Аляксандар Фрыдман.

Па сутнасьці абвінавачаньняў Лукашэнка чакана ня выказаўся. Тым ня менш ён выдатна разумее, якія жахлівыя падзеі адбываліся апошнім часам і працягваюць адбывацца ў Беларусі. Ведае ён і тое, што яму, магчыма, прыйдзецца несьці за іх адказнасьць. З гэтай непрыемнай думкай Лукашэнка будзе жыць усё сваё астатняе жыцьцё — і на пасадзе прэзыдэнта, і пасьля. Як жылі з гэтай думкай яго «сябры» Кадафі, Мілошавіч, Чавэс, Хусэйн і Мугабэ, пра якіх Лукашэнка разважае ўсе часьцей і чый лес цяжка назваць зайздросным.

Заява адвакатаў выклікала ў Лукашэнкі чарговы прыступ германафобіі, і ён абрынуўся на нямецкіх «спадкаемцаў фашызму». Нічога дзіўнага тут няма. Гэта старыя савецкія прапагандысцкія штампы, якія палітрук Лукашэнка вывучыў яшчэ ў часы вайсковай службы, распаўсюджваў у якасьці адказнага сакратара Шклоўскай арганізацыі таварыства «Веды», а сёньня паўтарае ў якасьці прэзыдэнта Беларусі.

З тых жа брэжнеўскіх часоў паходзіць і канцэпцыя «Вялікай Айчыннай вайны», якую сёньняшняя беларуская дзяржаўная прапаганда тэрмінова імкнецца адаптаваць да новых палітычных рэалій і выкарыстаць у барацьбе з дэмакратычным пратэставым рухам.

Ці можа гэта атрымацца? Упэўнены, што не. І рэч тут нават не ў нафталінавай нэасавецкасьці гэтай канцэпцыі. Рэч у самім Лукашэнку, антырэйтынг якога зашкальвае, якога большасьць беларусаў ужо не ўспрымае, марыць пра яго сыход і адкідае ўсё, што паходзіць ад рэжыму.

У Лукашэнкі няма палітычнай будучыні, сучаснае становішча не выклікае аптымізму, а погляд скіраваны ў мінулае. І гэта, напэўна, галоўнае, што трэба ведаць пра сёньняшнюю прамову Аляксандра Лукашэнкі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG