Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысячы пілігрымаў і Багародзіца з усьмешкай. Чым вядомы беларускі Нотр-Дам?


Ранкам 11 траўня загарэўся галоўны каталіцкі санктуарыюм Беларусі — касьцёл у вёсцы Будслаў. Чым адметная гэтая сьвятыня?

1. Цудоўны абраз Маці Божай

Галоўная адметнасьць сьвятыні, дзеля якой туды зьяжджаліся тысячы людзей, — абраз Маці Божай з маленькім Ісусам на руках. Гэта адна зь нешматлікіх выяваў Багародзіцы, дзе відаць, як Яна ўсьміхаецца.

Папа Рымскі Ян Павал ІІ у 1996 годзе абвясьціў Маці Божую Будслаўскую Апякункай Беларусі. У 1998 годзе абраз каранавалі папскімі каронамі.

Абраз Маці Божай Будслаўскай
Абраз Маці Божай Будслаўскай

Абраз вельмі стары — яму ня менш за 423 гады. Яго падараваў Папа Рымскі Клімэнт VIII менскаму ваяводу Яну Пацу, калі той перайшоў у каталіцтва. У будслаўскую сьвятыню абраз перадалі ў 1613 годзе. Падчас вайны Расеі з Рэччу Паспалітай абраз вывозілі ў польскую Саколку. Памер абраза невялікі — 72×65 сантымэтраў.

Амаль адразу, у XVII стагодзьдзі, вернікі сталі лічыць гэты абраз цудатворным — пасьля малітвы перад ім многія вылечваліся ад цяжкіх хваробаў.

Падчас пажару абраз уратавалі.

2. Тысячы пілігрымаў

Штогод пакланіцца перад цудоўным абразом прыяжджалі тысячы пілігрымаў з усёй Беларусі і з-за мяжы. Вернікі зьвяртаюцца да Маці Божай з просьбамі аб аздараўленьні, аб вырашэньні праблем, аб спрыяньні ў розных справах.

Асабліва шматлюдным Будслаў становіцца штогод у пачатку ліпеня падчас Будслаўскага фэсту. Традыцыя аднавілася ў 1990 годзе. Адначасна сюды прыбываюць дзясяткі тысяч чалавек. Зь Менску і іншых гарадоў Беларусі вернікі сталі хадзіць у Будслаў пешкі: моладзь, сем’і зь дзецьмі, людзі сталага веку, сьвятары, манашкі.

Самая доўгая пілігрымка ідзе з Баранавічаў — 293 кілямэтры — і доўжыцца 9 дзён. У апошнія гады ў Будслаў пачалі езьдзіць роварныя пілігрымкі, да іх далучаўся і мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. З Чырвонага касьцёла, прыкладам, ходзяць пілігрымы толькі «на хлебе і вадзе». Летась 70-гадовы настаяцель Чырвонага касьцёла ксёндз Уладзіслаў Завальнюк даехаў да Будслава на монаколе.

Настаяцель Чырвонага касьцёла, менскі ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк 29 чэрвеня выправіўся паломніцтва на монаколе
Настаяцель Чырвонага касьцёла, менскі ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк 29 чэрвеня выправіўся паломніцтва на монаколе

Унутры пілігрымак ствараецца асобная культура. Вернікі ня толькі моляцца, але сьпяваюць песьні пад гітару і барабаны, у тым ліку, да Маці Божай Будслаўскай, танцуюць у дарозе, інтэгруюцца ў гульнях, дзеляцца досьведам свайго жыцьця. Кожная групка распрацоўвае свой сьвяточны лягатып на цішотках, павязвае стужкі аднаго колеру, робіць міні-прадстаўленьне, калі ўваходзіць у Будслаў.

У Будславе захавалася старажытная традыцыя, калі вернікі ад уваходу ў касьцёл да галоўнага алтара ідуць на каленях.

Падчас фэсту праходзяць урачыстыя багаслужбы на чале зь герархамі беларускага Касьцёлу і дзясяткамі сьвятароў.

Адзін з самых уражвальных момантаў фэсту — начная працэсія са сьвечкамі вакол касьцёла. Тады быццам рака ліхтарыкаў залівае ваколіцы.

3. Будслаўскі фэст прызнаны нематэрыяльнай спадчынай

У 2018 годзе Будслаўскі фэст — урачыстасьць ушанаваньня абраза Маці Божай Будслаўскай — UNESCO ўнесла ў сьпіс нематэрыяльных каштоўнасьцяў чалавецтва.

«Гісторыя прызнаньня Будслаўскага фэсту і ўнясеньне яго ў сьпіс [нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва] UNESCO — гэта добры прыклад супрацоўніцтва Касьцёлу зь дзяржавай. Гэта важна для Касьцёлу, бо робіць рэкляму Касьцёлу, які прызнаны на такім высокім узроўні», — казаў тады мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

4. Сьвятыню наведаў пасланьнік Папы Рымскага

У ліпені 2013 году на Будслаўскі фэст прыехаў легат Папы Рымскага Жан-Люі Таран. Менавіта ён за некалькі месяцаў да гэтага абвяшчаў сьвету, што абралі новага Пантыфіка Францішка. Тады сьвяткавалі 400 гадоў, як цудоўны абраз перадалі ў будслаўскі кляштар. На ўрачыстасьці таксама прыехалі біскупы з Польшчы, Украіны, Румыніі, Італіі.

5. У касьцёле да пажару захаваліся старыя фрэскі і драўляны алтар

Касьцёл у Будславе носіць імя Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі. Яму больш за паўтысячы гадоў. Упершыню ён згадваецца ў 1504 годзе. Тады вялікі князь ВКЛ Аляксандар падарыў ордэну францішканаў надзел лесу ў менскім павеце.

Потым касьцёл двойчы перабудоўвалі, апошні раз у 1767 годзе. Калі храм зачынілі ў 1852 годзе, некаторыя манахі прымалі ўдзел у паўстаньні 1863–1864 гадоў.

Касьцёл пабудаваны ў стылі барока з дзьвюма шмат’яруснымі вежамі. Ягоная вышыня 56 мэтраў. Касьцёл падзелены на тры навы. Ён да пажару меў багатае аздабленьне, у ім захаваліся аўтэнтычныя фрэскавыя росьпісы без пазьнейшых перамалёвак, а таксама — драўляны алтар 1643 году, помнік раньняга барока.

6. Касьцёлам апекаваліся манахі

За Нацыянальным санктуарыем яшчэ нядаўна даглядалі манахі-францішкане. Гэта адзін з самых старых манаскіх ордэнаў, жабрацкі. Яго заснаваў у XIII стагодзьдзі ў Італіі Францішак Асызкі. Францішкане вылучаюцца беднасьцю, аскезай і любоўю да людзей.

Цяпер у касьцёле служаць эпархіяльныя сьвятары. Цяперашні настаяцель — ксёндз Дзьмітры Дубовік, ён першы паведаміў пра пажар.

7. Будслаў — гэта невялікая вёска

Будслаў — гэта невялікая вёска за 130 кілямэтраў ад Менску. Там жыве ўсяго паўтысячы чалавек. У Будслаў можна даехаць электрычкай. Бліжэйшы горад Мядзел знаходзіцца за 50 кілямэтраў.

Назва вёскі, паводле адной з вэрсій, значыць «Слаўная Буда» або «Слаўся, Буда».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG