Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідэоляг і актывіст БРСМ. Што вядома пра новага дырэктара Нацыянальнага тэатру опэры і балету


Опэрны тэатар, ілюстрацыйнае фота

Выхадца зь Берасьцейшчыны Вячаслава Гарбузава прызначылі генэральным дырэктарам Опэрнага тэатру. 12 траўня яго прадставілі трупе і супрацоўнікам.

Вячаслаў Гарбузаў родам з Пружанаў. Ён выпускнік гістарычнага факультэту Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Пушкіна па спэцыяльнасьці «Гісторыя і сацыяльна-палітычныя дысцыпліны» і Інстытуту дзяржаўнай службы Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце па спэцыяльнасьці «Ідэалёгія і дзяржаўнае кіраваньне». Абедзьве вышэйшыя ўстановы скончыў на выдатна.

Цягам 2002–2009 гадоў (з гадавым перапынкам на службу ва Ўнутраных войсках МУС Беларусі) працаваў у Беларускім рэспубліканскім саюзе моладзі (БРСМ). Пасьля гэтага — на розных пасадах у Берасьцейскім аблвыканкаме, дзе займаўся пытаньнямі разьвіцьця нацыянальных аб’яднаньняў і міжканфэсійнай сфэры. Узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры «За ўнёсак у разьвіцьцё культуры Беларусі».

Ад 2017 году — генэральны дырэктар Берасьцейскага тэатру драмы. На гэтай пасадзе ён замяніў Аляксандра Козака, які прапрацаваў там 45 гадоў. Як раней паведамляў «Белсат», адразу пасьля ўступленьня ў пасаду Вячаслаў Гарбузаў са словамі «Вы ж усё разумееце» забараніў акторам даваць камэнтары незалежнаму выданьню. Адзін з супрацоўнікаў тады параўнаў зьяўленьне новага кіраўніка з «прыходам слана ў краму посуду».

Да Вячаслава Гарбузава генэральнымі дырэктарамі Нацыянальнага тэатру опэры і балета Беларусі былі Ўладзімер Грыдзюшка (2009–2019) і Аляксандар Пятровіч (2019–2021). У час кадэнцыі апошняга звольнілі галоўнага канцэртмайстра Рэгіну Саркісаву, опэрнага сьпевака Ільлю Сільчукова, дырыжора Андрэя Галанава, скрыпачку Алу Джыган, альтыстку Аляксандру Пацёміну, галоўнага дырыжора Вячаслава Воліча ды іншых.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG