Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекары вынайшлі рэвалюцыйны тэст на каранавірус, грып і 20 іншых узбуджальнікаў


Ведаць пра тое, што менавіта выклікала ў пацыента насмарк ці кашаль, лекарам цяпер трэба больш, чым калі-небудзь раней.

Новыя тэсты на рэсьпіратарныя хваробы дазваляюць выяўляць звыш 20 патагенаў адначасова, паведамляе газэта The New York Times.

Пасьля таго, як у 2020 годзе сьвет ахапіла пандэмія каранавірусу SARS-Cov-2, рэзка пайшлі на спад выпадкі іншых сэзонных інфэкцыйных хваробаў, якія выклікаюць вірус грыпу, адэнавірусы, ратавірусы і іншыя ўзбуджальнікі.

Гэта было выклікана тым, што людзі пачалі датрымліваць больш жорстка санітарныя нормы, пастаянна мылі рукі і хадзілі ў масках.

Тым ня менш ужо вясной 2020 году паўстала вострая мэдычная праблема хуткай дыягностыкі і адрозьненьня каранавіруснай інфэкцыі ад іншых, бо яны вымагаюць розных мэтадаў лячэньня і выкарыстаньня розных лекаў.

Для дыягностыкі лекары выкарыстоўвалі два найбольш распаўсюджаныя тэсты — антыгенны тэст і тэст ПЛР (палімеразная ланцуговая рэакцыя). Антыгенныя тэсты вельмі хуткія, але ня вельмі дакладныя. ПЛР-тэсты больш дакладныя, але патрабуюць больш часу, пераважна суткі. Праблема палягала ў тым, што вельмі часта стан пацыентаў вымагаў хуткага дакладнага аналізу для прыняцьця неадкладных захадаў, ад якіх магло залежаць і жыцьцё пацыента.

Летам 2020 году каліфарнійская кампанія Cepheid распрацавала так званы квад-тэст і ў верасьні 2020 году атрымала дазвол на яго выкарыстаньне ад Упраўленьня санітарнага нагляду за якасьцю харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў ЗША.

У адрозьненьне ад тэстаў на антыгены, квад-тэст шукае генэтычны матэрыял вірусу з дапамогай палімеразнай ланцуговай рэакцыі (ПЛР), але робіць гэта вельмі хутка, усяго праз поўгадзіны з дапамогай дзьвюх прыладаў, адна зь якіх нагадвае картрыдж для прынтэра, а другая сам прынтэр.

Першы варыянт квад-тэсту, які цяпер даступны ў тысячах шпіталяў і клінік па ўсіх ЗША, можа выявіць ня толькі каранавірус, але і два тыпы грыпу і так званы рэсьпіратарна-сынцытыяльны вірус, або R. S. V.

Лекары мяркуюць, што па меры аслабленьня пандэміі каранавірусу старыя інфэкцыі, у тым ліку грып, пачнуць вяртацца і прабелам хуткай дыягностыкі і адрозьненьня інфэкцый паўстане з новай сілай. Гэта можа адбыцца ўжо восеньню 2021 году.

Таму над распрацоўкай новых новых вэрсій квад-тэстаў пачалі працу многія кампаніі па ўсім сьвеце.

Напрыклад, нядаўна кампанія Roche атрымала дазвол на экстранае выкарыстаньне тэсту, які адначасова шукае каранавірус і грып A і B.

У ЗША над распрацоўкай такіх тэстаў працуюць нават асобныя шпіталі. Некаторыя з распрацаваных там камбінаваных тэстаў выяўляюць больш за дзесяць розных рэсьпіратарных патагенаў адначасова з выкарыстаньнем мэтады ПЛР. Гэтыя мультытэсты асабліва карысныя пры дыягностыцы захворваньняў у людзей са слабой імуннай сыстэмай, таму што яны дазваляюць лекарам хутка вызначыць, які патаген выклікае хваробу, перш чым будзе занадта позна пачынаць правільнае лячэньне.

Француская кампанія bioMérieux прадае тэст, які адначасова шукае каранавірус і яшчэ 21 іншы вірус і бактэрыю. А нядаўна Roche купіла кампанію, якая сканструявала прыбор, здольны выявіць больш за 20 патагенаў за адзін раз.

Тэставаньне на множныя патагены не заўсёды прыводзіць да простага лячэньня. Спадарожныя інфэкцыі, пры якіх чалавек заражаецца некалькімі вірусамі адначасова, сустракаюцца часьцей, чым думалі лекары. Часам мультытэсты могуць выявіць вірусную інфэкцыю, але прапусьціць бактэрыяльную. Пацыент можа быць носьбітам вірусу грыпу, але таксама можа мець станоўчы вынік тэсту на такія бактэрыі, як пнэўмакок.

Адпаведна, іншым будзе і лячэньне. У выпадку грыпу пацыенту скасавалі б прыём антыбіётыкаў, але калі ў яго яшчэ і спадарожная пнэўмакокавая інфэкцыя, прыём антыбіётыкаў трэба працягваць.

Лекары і распрацоўнікі тэстаў ўсё яшчэ ня могуць вырашыць, на колькі патагенаў трэба тэставаць пацыентаў у розных умовах (два, чатыры або 15-20), кажа галоўны лекар францускай кампаніі bioMérieux доктар Марк Мілер: «Адносна маладым і здаровым дарослым можа проста спатрэбіцца квад-тэст, каб даведацца, ці варта ім пачынаць прыём таміфлю пры грыпе, напрыклад. Але пацыенты з хранічнымі хваробамі, якія вельмі хворыя, могуць атрымаць карысьць ад тэсту на 22 розныя патагены, каб лекары маглі прыняць рашэньне, ці трэба іх шпіталізаваць».

Да пандэміі каранавірусу і пацыентам, і лекарам не заўсёды было так цікава дакладны ведаць патаген, які выклікае рэсьпіратарныя сымптомы. Казалі і думалі так: «Што б там ні было, яно нас не заб’е». Але жудасныя страты чалавецтва ад COVID-19 назаўсёды зьмянілі гэтую пазыцыю.

Ведаць пра тое, што менавіта выклікала ў пацыента насмарк ці кашаль, лекарам цяпер трэба больш, чым калі-небудзь раней.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG