Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За тры гадзіны для Мікіты Залатарова і ягонай сям’і сабралі 4000€


Дзьмітры Карнееў (зьлева) і Мікіта Залатароў

Пасьля звароту бацькі зьняволенага Мікіты Залатарова за некалькі гадзінаў сабралі ўсю патрэбную суму.

Па дапамогу (каб аплаціць паслугі адвакатаў і на перадачы) зьвярнуўся бацька Мікіты, які напісаў на сайце BYSOL:

«Мікіта Залатароў, мой 16-гадовы сын, быў выкрадзены і пабіты бандытамі ў чорнай форме за тое, што ён быў на мірнай акцыі пратэсту г. Гомлі. Прадстаўнікі нелегітымнай улады прысудзілі яму 5 гадоў турмы. Мікіта быў пабіты і з аддзелу міліцыі дастаўлены ў дзіцячую лякарню, у аддзяленьне рэанімацыі, дзе прабыў каля 24 гадзін. Пасьля чаго зьмешчаны ў Гомельскі ІЧУ, дзе яго сыстэматычна білі, безь сьлядоў пабіцьця. Білі ў тым ліку па патыліцы, там сінякоў не відаць. Цытую словы Мікіты, сказаныя са сьлязамі на вачах: „Тата, калі мяне біць перастануць?“

Цяпер Мікіта ў СІЗА, а за невыкананьне ўказаньняў ахоўнікаў СІЗА на яго завялі яшчэ адну крымінальную справу, паводле арт. 364. Гэта азначае яшчэ некалькі месяцаў у СІЗА і яшчэ адзін тэрмін. Адвакат даказаў невінаватасьць Мікіты, але суд прыняў рашэньне. Мой сын утрымліваецца ў адзіночнай камэры.

Улада лічыць яго небясьпечным экстрэмістам. А я лічу што мой сын — ваяр. І пакутуе за нас усіх. Мікіта — годны грамадзянін Новай Беларусі.

Нягледзячы на зьдзекі, Мікіта не выконвае загадаў наглядчыкаў, таму што ведае, што ён не злачынца».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG