Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усе трымаюцца годна». Як 12 чалавек судзяць у «справе студэнтаў»


Дзясяткі чалавек прыйшлі да Дому правасудзьдзя падтрымаць 12 фігурантаў «справы студэнтаў», суд над якімі распачаўся сёньня

На лаву падсудных трапілі 12 чалавек. Крымінальную справу разглядае судзьдзя Марына Фёдарава.

У будынку суду Кастрычніцкага раёну Менску (вул. Сямашкі, 33) праходзіць суд над групай студэнцкіх актывістаў. Іх абвінавачваюць у арганізацыі акцый пратэсту ў студэнцкім асяродзьдзі Менску пасьля сфальшаваных выбараў прэзыдэнта 2020 году.

На лаву падсудных трапілі 12 чалавек. Сярод іх студэнты розных ВНУ Менску, актывістка «Моладзевага блёку» Алана Гебрэмарыям і выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава, якая ўдзельнічала ў страйку супрацоўнікаў унівэрсытэту і была адной з удзельніц відэазвароту да беларусаў супраць гвалту.

«Усе трымаюцца годна, ніхто не раскіс»

У перапынку працэсу ад сваякоў падсудных студэнтаў журналісты даведаліся пра асаблівасьці выстаўленага ім абвінавачаньня і тое, як яны трымаюцца.

«Абвінавачаньне зачытваць яшчэ не закончылі. Кавалкі адносна кожнага з падсудных гучаць дастаткова аднолькава: заміналі вучэбнаму працэсу, перашкаджалі транспарту, сарвалі заняткі. Але ж мо за гэта ня мусяць судзіць, максымум — адлічыць. Усе вельмі няпэўна і надумана», — кажа пра абвінавачаньне маці студэнткі Марыі Каленік Вольга.

Жанчына адзначыла, што яе дачка ў жалезнай клетцы трымаецца «напружана», але выглядае добра.

Сястра Марыі Каленік Паліна згадала, што ў самым пачатку працэсу, калі судзьдзя вырашала пытаньне, ці дазволіць фота- і відэаздымкі, у зале раздаўся дружны сьмех. Гэтак сваякі абвінавачаных студэнтаў адрэагавалі на думку прадстаўнікоў дзяржаўнага абвінавачаньня, што здымкі не патрэбны.

Паліна таксама сказала, што прадстаўнікоў пракуратуры падчас зачытваньня абвінавачаньня чуваць было дрэнна:

«У аднаго ніякая дыкцыя, другая не гаворыць у мікрафон. Уражаньне, што аб прысутных у зале ня думаюць», — лічыць дзяўчына.

Сын выкладчыцы БДУІР Вольгі Філатчыкавай Іван таксама адзначыў, што абвінавачаньні студэнтам „нібы напісаныя пад капірку“. Паводле Івана, крыху адрозьніваюцца толькі абвінавачаньні ягонай маці і Алане Гебрэмарыям.

«Усе трымаюцца годна, ніхто не раскіс. Пераглядваюцца са сваякамі, якіх паўгода ня бачылі, усьміхаюцца ім. Адзін на аднаго асабліва не глядзяць. Разумею так, што некаторыя паміж сабой і незнаёмыя, толькі калі з аднаго ВНУ. На пытаньні рэагуюць адэкватна — усё нармальна», — кажа Іван.

Паводле Івана, ён ад маці атрымаў перад судом ліст, які тая адправіла яшчэ 1 траўня. Яна піша, што пачуваецца нармальна:

«Чытае, размаўляе з сукамэрніцамі, вучыць іх народным танцам, якімі сама захапляецца. Нават ў клетцы мама выглядае добра“. За паўгода Іван напісаў маці ў „Валадарку“ ўжо 82 лісты і ведае, што зь іх яна атрымала толькі адзін. Малады чалавек мяркуе, што гэта такі псыхалягічны ціск на ягоную маці. Але яна не здаецца і ні аб чым не шкадуе, а віны не прызнае», — сказаў сын Вольгі Філатчыкавай Іван.

Пасьля перапынку ў судзе працягнуць зачытваць абвінавачаньне.

Абвінавачаных студэнтаў вядуць у судовую залю. Менск, 14 траўня.
Абвінавачаных студэнтаў вядуць у судовую залю. Менск, 14 траўня.

Суд Савецкага раёну Менску пад старшынствам судзьдзі Марыны Фёдаравай пачаў разгляд «справы студэнтаў», фігурантамі якога зьяўляецца 12 чалавек, паведамляе БелаПАН. Усе яны прызнаныя беларускім праваабарончым супольнасьцю палітвязьнямі і знаходзяцца пад вартай з 12 лістапада 2020 году. Выязное пасяджэньне праходзіць у будынку суду Кастрычніцкага раёну Менску. Да будынку суду прыйшлі дзясяткі чалавек, пускаюць толькі сваякоў.


Журналістаў на суд не пусьцілі, 14 чалавек затрымалі

Да будынку суду прыйшло шмат людзей. Сваякоў (па двое на кожнага абвінавачанага) прапусьцілі ў будынак суду за некалькі хвілін да пачатку працэсу. У залю ўвайшло каля 25 чалавек, яшчэ прыкладна 40 засталіся ў калідоры. Уваход ажыцьцяўляўся праз мэталашукальнікі і пасьля надгляду.

Журналісты некалькі разоў зьвярталіся з просьбай даць ім магчымасьць выканаць свае прафэсійныя абавязкі, аднак у залю суду нікога зь іх не прапусьцілі.

Бабуля Касі Будзько. Яе не пусьцілі на суд, бо «месцы ёсьць толькі для бацькоў»
Бабуля Касі Будзько. Яе не пусьцілі на суд, бо «месцы ёсьць толькі для бацькоў»

У 10:44 абвясьцілі, што вольных месцаў у залі няма. На вуліцы перад будынкам суду засталося каля 200 чалавек. Супрацоўнік МУС у мэгафон просіць людзей разысьціся, а чалавек у цывільным здымае прысутных.

Як паведамляе «Вясна», супрацоўнікі АМАП, якія дзяжурылі каля будынку суду, пачалі затрымліваць некаторых студэнтаў з тых, хто прыйшоў падтрымаць абвінавачаных, але ня трапіў на працэс. Вядома, што сілавікі затрымалі ня менш за шэсць чалавек. У іх ліку палітык Анатоль Лябедзька, паведамілі ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а таксама журналістка Tut.by Любоў Касьпяровіч, студэнтка БДУІР Ксенія Аляшко, студэнты БДУ Савелій Дубовік, Вольга Вайтовіч, Віктар Палтаржыцкі, Міраслава Булгакава, а таксама Любоў Дашчынская.

Менская міліцыя паведаміла, што агулам 14 чалавек затрымалі каля Дома правасудзьдзя. Нібыта яны не выконвалі законных патрабаваньняў супрацоўнікаў міліцыі. Затрыманых даставілі ў РУУС.

Чарга ў калідоры суду.
Чарга ў калідоры суду.

У чым вінавацяць студэнтаў

Падсудных вінавацяць у змове, зьдзяйсьненьні злачынства групай асобаў і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 2 арт. 17 і ч. 1 арт. 342 КК, максымальнае пакаранне — да 3 гадоў пазбаўленьня волі).

Большасьць абвінавачаных — маладыя людзі 1996–2001 гадоў нараджэньня, у тым ліку студэнты менскіх ВНУ.

Па вэрсіі пракуратуры, абвінавачаныя выпрацавалі плян, які павінен быў спрыяць дасягненьню супрацьпраўнага выніку, і прынялі меры да яго рэалізацыі.

З 1 верасьня да канца 2020 года ў менскіх ВНУ амаль штодня праходзілі акцыі салідарнасьці. Студэнты і выкладчыкі зьбіраліся ўнутры будынкаў (на лесьвічных пралётах, у холах), а таксама каля ўваходаў у навучальныя ўстановы. Яны запісвалі відэазвароты, сьпявалі песьні, пляскалі або стаялі моўчкі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і плякатамі супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.

Сама меней сто студэнтаў розных ВНУ адлічылі, крымінальныя справы, паводле Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, завялі як мінімум на 40 студэнтаў.

Усіх фігурантаў «справы студэнтаў» праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі.

Што вядома пра фігурантаў «студэнцкай справы»

Пратэст студэнтаў каля БДУ ў Менску 26 кастрычніка 2020
Пратэст студэнтаў каля БДУ ў Менску 26 кастрычніка 2020

Анастасія Булыбенка

Былая студэнтка машынабудаўнічага факультэту БНТУ. Затрымалі 12 лістапада 2020 году, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.

Вікторыя Гранкоўская

Былая студэнтка архітэктурнага факультэту БНТУ. Вікторыя страціла бацькоў у вельмі малым узросьце. Яе і старэйшага брата гадавала бабуля. Скончыла Горадзенскі каледж мастацтваў, працавала ў школе мастацтваў у Дзятлаве. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 24 гады.

Алана Гебрэмарыям

Выпускніца Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Як актывістка «Моладзевага блёку» брала ўдзел у выбарчай кампаніі 2019 году ў Палату прадстаўнікоў. Летась Алана стала сябрам Каардынацыйнай рады. Сьвятлана Ціханоўская прызначыла яе сваёй прадстаўніцай у справах моладзі. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 24 гады.

Глеб Фіцнер

Студэнт чацьвёртага курсу Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Скончыў прэстыжную лінгвістычную гімназію-каледж № 24, цікавіцца эканомікай і фінансамі. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 22 гады.

Тацяна Якельчык

Студэнтка 2-га курсу мэхмату БДУ, займаецца паўэрліфтынгам і спартовымі танцамі. Затрымалі супрацоўнікі КДБ 27 лістапада летась.

Ягор Канецкі

Студэнт біялягічнага факультэту БДУ, сябра «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», актывіст «Вольнага прафсаюзу». Ягор — выпускнік хіміка-біялягічнага профілю Менскага дзяржаўнага абласнога ліцэю, актывіст Вольнага прафсаюзу БДУ. Быў затрыманы летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 21 год.

Яна Арабейка

Студэнтка Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, актывістка, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 20 гадоў.

Ксенія Сырамалот

Студэнтка факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ, прэс-сакратарка «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», валянтэрка праваабарончага цэнтру «Вясна». Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 21 год.

Кася Будзько

Студэнтка 3-га курсу факультэту эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Мастачка, ілюстратарка. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.

Ільля Трахтэнберг

Былы студэнт матэматычнага факультэту БДУ. Ільлю адлічылі з другога курсу летась у канцы кастрычніка, хоць ён атрымліваў павышаную стыпэндыю, і ўручылі позву ў ваенкамат. Прадзед Ільлі — знакаміты савецкі архітэктар Навум Трахтэнберг, паводле праекту якога была ўзноўленая цэнтральная частка Менску. Ільлю затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу ён пад вартай. 19 гадоў.

Марыя Каленік

Студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вывучае экспазыцыйны дызайн. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 22 гады.

Вольга Філатчанкава

Выкладчыца БДУІР, удзельнічала ў страйку супрацоўнікаў унівэрсытэту і была адной з удзельніц відэазвароту да беларусаў супраць гвалту. На прэзыдэнцкіх выбарах 2020-га была незалежнай назіральніцай. Вользе 42 гады. Яна адна выхоўвае 7-гадовую дачку. Яе старэйшаму сыну 18 гадоў, ён студэнт. Яе затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу Вольга знаходзіцца пад вартай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG