Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артыкул у The Lancet ставіць пад сумнеў дакладнасьць дадзеных аб расейскай вакцыне Sputnik V


Armenia-New boxes of Sputnik V vaccine in Yerevan, 26 April, 2021

Група эпідэміёлягаў і біёлягаў з розных краін у артыкуле, апублікаваным у вядучым мэдыцынскім часопісе The Lancet, падвергла сур’ёзным сумневам наяўныя дадзеныя аб трэцяй фазе клінічных выпрабаваньняў расейскай вакцыны ад каранавіруснай інфэкцыі Sputnik V і зробленыя зь іх высновы аб эфэктыўнасьці і бясьпецы вакцыны.

У адкрытым лісьце, апублікаваным у The Lancet, навукоўцы, сярод якіх ёсьць і расейскі спэцыяліст, прааналізавалі апублікаваныя раней у тым жа часопісе дадзеныя пра выпрабаваньні расейскай вакцыны. Яе стваральнік — Інстытут імя Гамалеі — на падставе гэтых выпрабаваньняў заявіў, што эфэктыўнасьць Sputnik V перавышае 91 працэнт.

Публікацыя ў вядучым мэдыцынскім часопісе стала адным з аргумэнтаў як для расейскіх уладаў, так і для палітыкаў з шэрагу краін сьвету, уключаючы ЭЗ, каб заяўляць пра надзейнасьць расейскага прэпарату. Кантракты на яго пастаўкі заключаныя зь дзясяткамі краін, хоць пакуль ён, у адрозьненьне ад шасьці іншых вакцын, афіцыйна ня ўхвалены САЗ.

Аўтары крытычнага артыкулу, прааналізаваўшы аргумэнты стваральнікаў вакцыны, пішуць пра мноства неадпаведнасьцяў у прыведзеных дадзеных, шэрагу незвычайных і падазроных супадзеньняў (у прыватнасьці, вакцына, паводле афіцыйных дадзеных, паказала амаль аднолькавую эфэктыўнасьць для ўсіх узроставых катэгорый), адсутнасьць празрыстасьці пры правядзеньні трэцяй фазы выпрабаваньняў і дакладных правілаў яго правядзеньня. Галоўная крыніца іх непакою, аднак, тое, што ня быў апублікаваны шэраг дадзеных пра выпрабаваньні, безь якіх, на думку аўтараў, абʼектыўна ацаніць іх вынікі немагчыма.

Распрацоўшчыкі вакцыны ў тым жа The Lancet адказалі на адкрыты ліст з крытыкай прадстаўленых дадзеных. Яны сьцьвярджаюць, што «бясьпека і імунагеннасьць расейскай вакцыны «пацьверджаныя мноствам дасьледаваньняў», у тым ліку ў Аргентыне, дзе вядзецца масавая вакцынацыя расейскім прэпаратам. Яны таксама зьняпраўджваюць сьцьвярджэньні аб тым, што не падалі патрэбных зьвестак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG