Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэрку, якая прыйшла 9 траўня на магілу Быкава, судзілі за пікетаваньне


Магіла Васіля Быкава

У Менску пэнсіянэрку судзілі за тое, што яна нібыта ўсталявала нацыянальны сьцяг на малгіле Васіля Быкава. Жанчына ж сьцьвярджае, што толькі ўсклала кветкі.

Паводле пратаколу, Ірына Карнеева «прыняла актыўны ўдзел у пікетаваньні, усталяваўшы бел-чырвона-белы сьцяг на надмагільлі Васіля Быкава». Жанчыну затрымалі проста на могілках, а ў Першамайскім РУУСе на яе склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі (ч.3 арт. 24.23 КаАП), паведаміла «Вясна».

На судзе Карнеева патлумачыла, што добра памятае дзень пахаваньня Быкава, калі яго труну накрылі бел-чырвона-белым сьцягам. Таму павязала на тры чырвоныя цюльпаны стужкі белага і чырвонага колераў і ўсклала іх на магілу пісьменьніка 9 траўня. Ніякага сьцягу не было, сказала яна.

Каля магілы яна была каля 5 хвілін, як да яе падышлі два міліцыянты і адвялі яе ў службовую машыну. Па дарозе ў яе пыталіся, ці ведае яна пра нейкую акцыю, на што Ірына адказала адмоўна.

Сьведка-міліцыянт заявіў у судзе, што жанчына «ўсталявала сьцяг» і зьвязаў яе дзеяньні з заклікамі «ў дэструктыўных тэлеграм-каналах». Пэнсіянэрка на гэта запытала ў міліцыянта, ці ня сорамна яму хлусіць, парушаючы закон, аднак судзьдзя пытаньне зьняла.

На могілках Карнеева пазнаёмілася з мужчынам, які асабіста ведаў Васіля Быкава, якраз у момант іх гутаркі адбылося яе затрыманьне. На судзе мужчына, зь якім Карнеева размаўляла, пацьвердзіў, што сьцяг жанчына на магілу не ўскладала.

Адвакат зьвярнуў увагу суду на памылкі ў пратаколе і дадаў, што пытаньні аб кветках і стужках ніяк не адносяцца да справы, бо Ірыну абвінавачваюць канкрэтна ва ўсталяваньні сьцяга. Пасьля гэтага судзьдзя вярнула справу на дапрацоўку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG