Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмены ў банкаўскай рэзэрве і аблігацыі на 1 мільярд даляраў у Расеі. Што адбываецца зь фінансамі ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота

У Агенцтва па гарантаваным вяртаньні банкаўскіх дэпазытаў, апроч Мінфіна і Нацбанку, у якасьці гаранта ўключылі Банк разьвіцьця. Таксама ўлады разьмясьцілі ў Расеі дзяржаблігацыі на 1 мільярд даляраў. Што ўсё гэта значыць, разьбіраемся.

Абедзьве падзеі наўпрост тычацца фінансавай стабільнасьці. Першае — гэта рэзэрвовыя грошы, другое — новыя пазыкі, якія трэба будзе аддаваць. У Беларусі і так вялікі міжнародны доўг і дэфіцыт бюджэту.

Што за банкаўская рэзэрва

У Беларусі існуе Агенцтва па гарантаваным вяртаньні банкаўскіх дэпазытаў. Банкі пералічваюць у яго грошы, каб сфармаваць недатыкальную рэзэрву. З гэтай рэзэрвы адбываюцца выплаты ўкладчыкам, калі нейкі з банкаў ня ў стане вярнуць дэпазыт. Гаранты захаванасьці сродкаў — Нацбанк і Мінфін. А цяпер у сьпіс унесьлі яшчэ аднаго гаранта — Банк разьвіцьця. Цяпер гэты банк можа пераводзіць свабодныя грошы Агенцтва ў свае аблігацыі, то бок выкарыстоўваць. У той жа час менавіта Банк разьвіцьця выкарыстоўвае рэсурсы для фінансаваньня дзяржаўных праектаў.

Чаму на гэта зьвярнулі ўвагу

На такую навіну адразу зьвярнулі ўвагу, бо Банк разьвіцьця крэдытуе дзяржаўныя прадпрыемствы, многія зь якіх стратныя. Зьявіліся апасеньні, што цяпер рэзэрвовы фонд, які год таму складаў 1,7 мільярда даляраў, можа быць выкарыстаны на крэдытаваньне стратных прадпрыемстваў, якія ня змогуць вярнуць доўг. У выніку грошы проста будуць патрачаны ўпустую.

«Пытаньне, у якіх інструмэнтах захоўваюцца грошы [рэзэрвы. — РС]. Раней яны маглі захоўвацца на рахунках Нацбанку, у каштоўных паперах. Цяпер частка фонду можа трымацца ў аблігацыях Банку разьвіцьця. Апасеньні былі, што гэты банк пракрэдытуе дзяржаўныя праекты, а яму гэтыя грошы ня вернуць», — тлумачыць фінансавы аналітык Вадзім Іосуб.

Ці сапраўды могуць растраціць рэзэрвовы фонд

Раней грашыма мог распараджацца Нацбанк і Мінфін, цяпер да іх дадаўся Банк разьвіцьця.

На думку аналітыка, рызыка Банку разьвіцьця не вышэйшая за рызыку дзяржавы. Няма розьніцы, пракрэдытуе нейкія праекты Банк разьвіцьця ці гэта зробіць сам Мінфін.

«Ня важна, праз Нацбанк ці праз Банк разьвіцьця пракрэдытуюць стратныя прадпрыемствы. Па абавязаньнях Банку разьвіцьця таксама будзе адказваць Мінфін. Практыка крэдытаваньня стратных прадпрыемстваў і так дрэнная, але ўключэньне Банку разьвіцьця ў сьпіс гарантаў дадатковай рызыкі не складае», — кажа Вадзім Іосуб.

Грошы Агенцтва па гарантаваным вяртаньні і так былі ў выглядзе аблігацый, то бок «няма такога, што іх раней ня трацілі, а цяпер сталі траціць. Зьмянілі шляхі іх траты», — дадае аналітык.

Што за аблігацыі ў Расеі

Беларусь разьмесьціць у Расеі дзяржаблігацыі на 100 мільярдаў расейскіх рублёў — больш за мільярд даляраў у эквіваленце. Робіцца гэта з мэтай «рэфінансаваньня зьнешняга дзяржаўнага доўгу».

Дзяржаблігацыі хочуць разьмясьціць тэрмінам абарачэньня ня меншым за 1092 дні.

«Гаворка ідзе аб разьмяшчэньні дзяржаблігацый на расейскім рынку, на рынкавых умовах. Даходнасьць будзе вышэйшая, чым адсоткі па дзяржаўных крэдытах. Такія разьмяшчэньні не абумоўленыя палітычна. Далей расейскія банкі і інвэстыцыйныя кампаніі будуць вырашаць, якую даходнасьць яны захочуць. Хутчэй за ўсё, плаціць адсоткаў давядзецца больш, чым Беларусь плаціць па міждзяржаўных крэдытах. Але для міждзяржаўных крэдытаў патрэбныя палітычныя дамоўленасьці, а тут абяцаць нічога ня трэба», — падсумоўвае Вадзім Іосуб.

Раней Беларусь ужо разьмяшчала дзяржаблігацыі ў Расеі — у 2019–2020 годзе на суму 30 мільярдаў расейскіх рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG