Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мінімум $1,5 мільёна і праца на гады». Пагаварылі са сьвятаром з камісіі аднаўленьня касьцёла ў Будславе


Касьцёл у Будславе

Роўна тыдзень таму, ранкам 11 траўня, загарэўся дах нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе. Патушыць агонь не ўдавалася некалькі гадзін, у выніку чаго ўся верхняя канструкцыя даху абрынулася на скляпеньні.

Па факце пажару ў Будславе Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле артыкулу «Парушэньне правілаў пажарнай бясьпекі асобай, адказнай за іх выкананьне» (ч. 2 арт. 304 КК). Максымальнае пакараньне — 3 гады калёніі.

Цяпер адмыслоўцы чысьцяць дах, ідзе абсьледаваньне будынку. Вернікі і неабыякавыя людзі зьбіраюць сродкі на аднаўленьне.

Пра першачарговыя задачы ў рэстарацыі сьвятыні Свабода пагутарыла з ксяндзом Ігарам Лашуком, сябрам спэцыяльнай камісіі Каталіцкай царквы ў Беларусі, якая займаецца ліквідацыяй наступстваў пажару. Пробашч парафіі сьвятога Казіміра ў Стоўпцах зьяўляецца адным з асноўных у краіне сьвятароў, якія спэцыялізуюцца ў будаўніцтве і аднаўленьні касьцёлаў.

Факты пра касьцёл у Будславе:

  • Самы вялікі касьцёл Беларусі, помнік архітэктуры позьняга барока
  • Касьцёл мае статус Нацыянальнага санктуарыя, то бок асаблівага сьвятога месца
  • У касьцёле больш за 400 гадоў знаходзіцца абраз Будслаўскай Маці Божай, якую Папа Рымскі Ян Павал ІІ абвясьціў патронкай Беларусі
  • Каталікі называюць будслаўскі абраз цудадзейным
  • Штогод 2 ліпеня праходзіць «Будслаўскі фэст», які ўваходзіць у сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. У ім удзельнічаюць дзясяткі тысяч людзей.
Ксёндз Ігар Лашук. Горадня, верасень 2020 году
Ксёндз Ігар Лашук. Горадня, верасень 2020 году

Пра пашкоджаньні:

«Будынку больш нашкодзіла вада»

— Усё яшчэ ў працэсе ацэньваньня. Праз пару дзён будзем ведаць. Але па маіх ацэнках, паколькі я будую шмат касьцёлаў, то аднаўленьне даху можа каштаваць ад 300 да 350 тысяч даляраў. Але шмат шкоды касьцёлу нанесена вадою. Для сьценаў гэтая шкода горшая, чым ад самога пажару. Можна сказаць, што будынку больш нашкодзіла вада. Трэба будзе абавязкова рабіць аднаўленьне сьценаў звонку і знутры. Думаю, трэба будзе патраціць сама меней 1,5 мільёна даляраў, каб прывесьці касьцёл у Будславе няхай не ў эксклюзіўны, але ў добры стан. Гэта маё прыватнае меркаваньне.

Пра збор сродкаў:

«Нават безь вялікага ўмяшаньня дзяржавы мы зьбяром усе сродкі»

На рахунак касьцёла пераведзена ўжо звыш 350 тысяч рублёў, але сабрана значна больш. Справа ў тым, што ў гэтую нядзелю вернікі ва ўсёй Беларусі зьбіралі грошы ў парафіях, яны будуць перададзеныя ў найбліжэйшы час. Думаю, там будзе ня менш. Нават безь вялікага ўмяшаньня дзяржавы мы зьбяром усе сродкі. Мяркую, шмат сродкаў нам дапамогуць сабраць беларусы замежжа, і Ватыкан дапаможа.

Пра заяву «без государства ни черта не сделают»:

«Хаця б вызвалілі ад падатку»

— Мы пакуль усё робім самі, безь дзяржавы. Ня толькі аднаўляем касьцёлы, але і будуем новыя. І сродкі на гэта ідуць значна большыя, чым тут. Я ўсё жыцьцё будую касьцёлы, дык я адзін патраціў значна больш сродкаў. Гэта больш зайздросьлівае выказваньне, бо ўсе ж бачаць, што людзі зьбіраюць, і зьбіраюць шмат. Напэўна, мы будзем прасіць дзяржаву, каб нас хаця б вызвалілі ад падатку на даданую вартасьць. Па законе помнікі архітэктуры вызваляюцца ад ПДВ пры рэстаўрацыі і ПДВ на матэрыялы.

Пра асноўныя работы:

«Калі будзем дзейнічаць павольна, то выдаткаў будзе яшчэ больш»

— Пачынаць неабходна з новага даху. І неадкладна. Бо дажджамі, вадою наробіцца працы яшчэ больш і выдаткаў будзе болей, калі мы будзем дзейнічаць павольна. Вада ж імгненна размывае ўсё навокал. Сьцены і так ёю ўжо пашкоджаныя. Трэба аднаўляць старадаўнія фрэскі, а гэта вельмі дорага. Вада магла зайсьці паміж тынкам і цэглаю. І ў выніку спатрэбіцца шмат каштоўных матэрыялаў, каб фрэску зноў змацаваць са сьцяною. Давядзецца рабіць так званую адсечную гідраізаляцыю, якой няма ў старых будынках. Гэта вельмі дарагі матэрыял. Вада пашкодзіла і падлогу, яе трэба ўсю здымаць. Там усё насычана вадою. Вада проста стаіць у падвале.

За некалькі месяцаў, да восені, варта ўжо зрабіць дах. Гэта магчыма. А рэшта работ будзе працягвацца гадамі. Будслаў жа самы вялікі касьцёл у Беларусі.

Аб прычыне пажару:

«Нядаўна рабілі грунтоўны рамонт электрыкі»

— Афіцыйная прычына пакуль невядомая. Усе ў здагадках. Разглядаецца, напрыклад, няспраўнасьць электрычнай праводкі. Але справа ў тым, што зусім нядаўна, пару гадоў таму, у Будславе рабілі грунтоўны рамонт электрыкі. І кажуць, што касьцёл быў даволі моцна забясьпечаны. Але сьвятар што можа пра гэта ведаць? Ён жа не спэцыяліст. Нават калі электрыкі нешта зрабілі нядобрасумленна, то як ён можа даведацца пра гэта?

Пра адсутнасьць супрацьпажарнай бясьпекі:

«Гэты душ для касьцёла — вельмі шкодная справа»

— У старажытных касьцёлах такога няма, яна ўсталёўваецца пераважна ў новых касьцёлах. І такое ў нас ужо ёсьць. Гэтая сыстэма — вельмі дарагая справа. Але ёсьць яшчэ і іншае пытаньне: як той казаў, граблі ў жыцьці таксама страляюць адзін раз. На гэтую сыстэму можна выдаткаваць мноства грошай, і яна ніколі не прыдасца. А можа здарыцца так, што адбудзецца пажар і яна не спрацуе. Апрача таго, гэты душ для храма — вельмі шкодная справа. Калі нешта загараецца, то ён тады палівае ўсё: алтары, абразы, карціны. А яна можа спрацаваць і тады, калі няма пажару. Гэта вельмі складаная справа, асабліва для гістарычных забудоваў.

Касьцёл у Будславе пасьля пажару
Касьцёл у Будславе пасьля пажару

Пра крымінальную справу:

«Узгараньне пачалося з даху. Хто і што можа тут нешта ведаць?!»

— Касьцёл у Будславе — гэта помнік архітэктуры. Таму па факце заводзіцца крымінальная справа. Будуць шукаць «крайняга». Нават калі ў касьцёле ёсьць адказны, сьвятар скажам, то ён жа ня можа бегаць 24 гадзіны па касьцёле і глядзець, ці ўсё ў парадку. Узгараньне пачалося з даху. Хто і што можа тут нешта ведаць?! Гэта вельмі падобна на пажар у саборы Парыскай Божай Маці. Там таксама ўсё пачалося з даху. Шмат касьцёлаў гарэла і гарыць. І чамусьці вельмі часта гэта пачынаецца з даху.

Абраз Маці Божай Будслаўскай
Абраз Маці Божай Будслаўскай

Пра тое, дзе цяпер абраз:

«Месца не агучваецца»

— Абраз Маці Божай — гэта нашая сьвятыня. Ён знаходзіцца ў надзейным месцы, якое нават не агучваецца. Чаму? Ёсьць такая прымаўка: хто сам сябе сьцеражэ, таго й Бог беражэ.

Пра штогадовы фэст:

«Спадзяёмся, што зьбярэцца шмат людзей»

— Урачыстасьць адбудзецца. Сёлета будуць і прыватныя паломніцтвы, вялікіх ня будзе. Але мы спадзяёмся, што зьбярэцца шмат людзей. Так званыя «праваахоўнікі» ажно празьмерна намагаюцца ахоўваць мерапрыемства, каб зьменшыць удзел, на маю думку. Тут таксама ўсё будзе рабіцца для гэтага, каб людзі ня трапілі ў касьцёл. Хаця па Беларусі нямала разбураных касьцёлаў, людзі туды ходзяць, і ніхто гэтага не ахоўвае.

Пілігрымы ў Будславе
Пілігрымы ў Будславе

Пра чаканьні ад беларусаў:

«Беларус беларусу беларус»

— За пэрыяд пандэміі беларускія каталікі моцна згуртаваліся. Бяда заўсёды дае такі вынік. Праўда, ёсьць жа людзі, якія робяць усё магчымае, каб такога яднаньня не адбывалася.

Я зьвяртаюся да ўсіх людзей добрай волі, асабліва беларусаў за мяжой, дапамагчы ў гэтай справе. Я буду маліцца за вас усіх, каб Божая Маці бараніла вас у цяжкую хвіліну, асабліва ў сёньняшні складаны час. Мы просім згуртавацца вакол Будслава і аднавіць яго. Гэта наш нацыянальны санктуарый. Вера заўсёды мела асаблівае значэньне ў жыцьці нашага народу. Яна нас яднала. Сёньня мы за гонар кажам: «Беларус беларусу беларус», гэта значыць чалавек заўсёды дапаможа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG