Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​«Мой бацька-вэтэран ваяваў, каб яго ўнук сядзеў ні за што?» — маці палітвязьня Дзьмітрыя Тура


Дзьмітры Тур, фота праваабрончага цэнтру «Вясна»

30-гадовага Дзьмітрыя Тура абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Берасьці 10 жніўня. Зь лютага ён знаходзіцца ў СІЗА № 7. Дзьмітрыю пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі. Яго маці Алена Тур расказала Свабодзе, як зьмянілася жыцьцё пасьля яго затрыманьня.

«Раней я думала, што жыву ў дзяржаве з правільнымі законамі. І хай у ёй ня ўсё цудоўна, лічыла, што ў нас бясьпечна і спакойна. Глыбей ніколі не капала. Але сытуацыя з маім сынам прымусіла паглядзець на ўсё зь іншага боку, думаць, — гаворыць Алена Тур, маці 30-гадовага палітвязьня Дзьмітрыя Тура.

Дзьмітры Тур з маці Аленай
Дзьмітры Тур з маці Аленай

Дзьмітры Тур, па словах Алены, звычайны хлопец. Скончыў гомельскі Дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту па спэцыяльнасьці «мэханік рухомых саставаў» і Дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Ф. Скарыны па спэцыяльнасьці «эканоміка і кіраваньне». Празь некаторы час пасьля атрыманьня дыплёма Дзьмітрыя забралі ў войска. Прайшоўшы службу, ён адпрацаваў 2 гады на чыгунцы.

«Потым вырашыў зарабіць грошай. Адразу паехаў у Расею, там будаваў мост. Адтуль адправіўся ў Польшчу. У выніку сказаў: «Мама, напэўна, трэба шукаць сябе дома». Я адказала: «Я табе ўвесь час пра гэта казала, трэба рэалізаваць сябе тут. Як той казаў, „дзе радзіўся, там і прыгадзіўся“», — успамінае Алена.

Да арышту Дзьмітры працаваў у Берасьці — прадаваў тэхніку, кансультаваў кліентаў.

Бацькі Дзьмітрыя з 2009 году ў разводзе. Ягоная маці працуе ў Расеі пэдагогам, бацька жыве ў горадзе Высокае Берасьцейскай вобласьці, туды Дзьмітры любіў прыяжджаць на выходныя.

«Я яму казала: „Сыночак, можа, зьяжджай?“»

Алена Тур прызнаецца, што за сына заўсёды была спакойная. Ён ужо даўно жыў удалечыні ад яе, быў самастойны і фінансава незалежны.

«Дзіма мне ніколі не гаварыў пра свае грашовыя цяжкасьці, ні капейкі не прасіў. Будзе сядзець галодны, але ніколі ня скажа: „Мама, дай!“ — кажа Алена. — Памятаю, як аднаго дня раздаўся званок. Па ягоным голасе я адчула, што нешта здарылася. Насьцярожылася. Чую: „Мам, у мяне тут непрыемнасьці, мяне на допыт вазілі“. Я адразу: „Які допыт, што здарылася?“. А ён: „Ты не хвалюйся, я ні ў чым не вінаваты“».

Першы раз Дзьмітрыя затрымалі 9 верасьня. У той дзень яго дапыталі, склалі пратакол і адпусьцілі. Алена прызнаецца, што навіна аб затрыманьні сына выклікала ў яе «страшны шок». Пасьля родныя хлопца трохі супакоіліся.

«Мы думалі, ну невядома, колькі там усяго людзей дапытваюць. Тым больш ён увесь час быў упэўнены, што нічога страшнага ня будзе», — кажа суразмоўца.

Пазьней Дзьмітрыя пасадзілі пад хатні арышт. З таго часу Алена жыла ў пастаяннай трывозе за сына.

«Я яму казала: „Сыночак, можа, зьяжджай?“ А ён: „Мама, чаму я павінен уцякаць? Я ж нічога не зрабіў“. Гэтыя словы ён паўтараў да апошняга.

«Пайшоў падпісаць паперы і ўсё...»

Пра тое, што адбывалася 10 жніўня, маці Дзьмітры нічога не расказваў.

«Толькі раз згадаў, што было страшна, а так у асноўным прасіў мяне не пытацца, — кажа Алена. — Можа, ён мяне бярог, а можа, яму забаранілі гаварыць. Бо адвакат з самага пачатку сьцьвярджаў, што ня трэба ні з кім нічога абмяркоўваць».

Алена прызнаецца, што нэгатыўна адбілася і вялікая адлегласьць, якая аддзяляла яе ад сынам. Не было магчымасьці пагаварыць адкрыта, вочы ў вочы.

«Я толькі яго адзін раз спытала: „Сынок, мне ёсьць за што баяцца? Можа, ёсьць моманты, пра якія я ня ведаю?“. Ён сказаў: „Не. Я ні ў чым не вінаваты“».

«Мы, сваякі, сядзім кожны дзень у турме разам зь імі»

11 лютага Дзьмітрыя выклікалі нібыта падпісаць «чарговыя дакумэнты» — і зьмясьцілі ў Берасьцейскае СІЗА № 7.

«Стан — як быццам жалезнай плітой цябе прыбіваюць. Ты ня ведаеш, што далей рабіць, як несьці перадачу, як яе зьбіраць. Проста як сьляпое кацяня тыкаесься».

Той жа ноччу Алена села ў цягнік і адправілася ў Берасьце. Ужо на наступны дзень у абед яна стаяла з дачкой у доўгай чарзе каля СІЗА, каб перадаць сыну неабходныя рэчы.

«Усе вакол з патухлымі вачыма. Я сама не магла сфармуляваць элемэнтарнае. Проста ступар. Але людзі, якія стаялі побач, цярпліва выслухоўвалі любое маё пытаньне і дапамагалі, — кажа Алена. — Нас аб’яднала агульная бяда. Нашы дзеці або мужы — па той бок кратаў. Але ў той жа час мы, іхныя сваякі, сядзім там кожны дзень разам зь імі».

Алена пражывае ў Расеі, і, каб паскорыць карэспандэнцыю з сынам, жанчына пасылае фота напісанага ліста старэйшай дачцэ. Тая раздрукоўвае атрыманы тэкст на аркушы паперы і адсылае Дзьмітрыю ў лісьце першай клясай.

«Калі мне зусім цяжка, я адкрываю ліст сына і 150-ы раз прачытваю радок „Мама, у мяне ўсё добра. Ты не хвалюйся. Мне важна, каб вы былі спакойныя. Тады буду спакойны і я“. Для мяне гэта як замова, бо мне трэба быць моцнай для таго, каб маё дзіця мела там сілы».

Па словах Алены, у лістах Дзьмітры пастаянна падбадзёрвае сваякоў.

«Часам можна нават падумаць, што ён у санаторыі. Піша, што паправіўся (пад хатнім арыштам Зьміцер схуднеў на 8 кг. — РС), зрабіў з плястыкавых бутэлек уцяжарвальнікі і займаецца спортам. Ён увесь час просіць нас не хвалявацца. Кажа, уявіце, што я пайшоў служыць на марскі флёт. Сьцьвярджае, што пачаў нават высыпацца без снатворных. Але верыцца, вядома, слаба», — кажа Алена.

«Мы не паглыбляліся ў тое, што адбываецца»

Алена кажа, што даваць рады цяжкасьцям ёй дапамагае малітва і падтрымка неабыякавых людзей. Зь некаторымі зь іх раней яна нават не была знаёмая.

Тым ня менш, па словах жанчыны, у Расеі яна рэдка сустракае аднадумцаў.

«Многія расейцы як быццам зь іншай плянэты. Зусім не разумеюць, што ў нас адбываецца. Кажуць: „Што вы там сабе панапрыдумлялі, грошай мала? Дык зьяжджайце зарабляць за мяжу. У вас жа так усё цудоўна, так чыста“. Я ім задаю пытаньне: „А чаму людзі, каб зарабіць, мусяць знаходзіцца далёка ад сваёй сямʼі? Гэта нармальна хіба?“ А чыста ў нас дзякуючы намаганьням жыхароў».

Алена прызнаецца, што адчувае на сабе адказнасьць за сытуацыю з сынам.

«Мы ніколі не цікавіліся палітычным становішчам. Усё ішло як па наежджанай. Ну вось тут заробак малы? Тады паедзем далей зарабляць. Мала грошай? То знойдзем дзьве працы. А чаму так адбываецца, мы нават не задумваліся».

«Любое чужое дзіця, якое там сядзіць, — маё дзіця»

Алена падкрэсьлівае, што сёньня моцна зьмяніла сваё стаўленьне да ўсяго таго, што адбываецца. Па яе словах, расстаньне з блізкімі адыграла вялікую ролю ў расстаноўцы прыярытэтаў.

«Раней мы ставілі на пʼедэстал спакойнае жыцьцё „Абы ціха. Абы не было вайны“. Калі былі маладымі, верылі ў сьветлую будучыню. Потым мы пастарэлі і не паглыбляліся ў тое, што адбываецца. Дзеці расьлі... А ў выніку вылілася ўсё ў тое, што маем, — кажа Алена. — Сёньня ўжо няма чужой бяды. Любое чужое дзіця, якое там сядзіць, — маё дзіця. Напэўна, уся гэтая сытуацыя патрэбна нам для таго, каб мы навучыліся бачыць».

«Мой бацька ваяваў і праліваў кроў, каб яго ўнук сядзеў ні за што?»

У сваіх лістах Дзьмітры падкрэсьлівае, што вельмі чакае суду, каб хутчэй адправіцца ў калёнію, бо нарэшце зьявіцца магчымасьць працаваць, а значыць рухацца. Па словах маці, раней ён займаўся спортам, а сёньня — бяз руху і паветра ў чатырох сьценах.

«Ніколі б не магла ўявіць, што так будзе. Цяжка ўсьвядоміць, што мы жывём у такой рэчаіснасьці. У мяне бацька вэтэран вайны, ён ваяваў, прападаў бязь вестак і ў 20 гадоў атрымаў ордэн Славы 3-й ступені і мэдаль „За баявыя заслугі“. Ён праліваў кроў. Для чаго? Каб яго ўнук сядзеў?» — задае рытарычныя пытаньні жанчына.

Яна кажа, што заўсёды ганарылася сынам і ніколі не сумнявалася ў яго выхаваньні і пачуцьці адказнасьці за свае ўчынкі.

«Я выгадавала годнага сына. Упэўнена, што маё дзіця ніколі ня пройдзе міма слабога, не падставіўшы плячо. Ён не герой, а звычайны хлопец. Але менавіта на такіх звычайных хлопцах стаіць уся аснова».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG