Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі людзі дазваляюць „зьвярынаму“ выйсьці зь сябе». Размова з псыхолягам пра гвалт і агрэсію ў Беларусі


Менск, 10 жніўня 2020 г.

Ян Максімюк гутарыць з псыхолягам Аксанай Ткачук пра гвалт і агрэсію ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ды пра агрэсіўнасьць як пра рысу, прысутную ў жыцьці краіны ўвесь час.

Аксана Ткачук сьцісла:

  • Агрэсіўныя паводзіны чалавека часткова набываюцца ім у грамадзкім жыцьці, а часткова яны абумоўленыя генэтычна.
  • У сілавых структурах адбор людзей з агрэсіўнымі рысамі праходзіць «натуральным чынам», як у прыродзе.
  • Ляяльнасьць да сыстэмы сярод сілавікоў праяўляецца ня толькі ў садысцкіх паводзінах сярод адных, але і ў маўклівасьці і талерантнасьці да такіх паводзін сярод іншых.
  • На сёньняшні момант беларусы агулам паводзяць сябе найлепшым з магчымых спосабаў.
  • Агрэсія — гэта не заўсёды дрэнна. Агрэсія — гэта тое, з дапамогай чаго мы заваёўваем новыя тэрыторыі. Пытаньне ў тым, наколькі «экалягічна» чалавек праяўляе агрэсію ў адносінах да атачэньня.

Якім чынам паменшыць агрэсію

«Паколькі на генэтыку мы маем мала ўплыву (а дакладней кажучы, мы ня маем на яе амаль ніякага ўплыву), то адзінае, што мы можам карэктаваць (адносна агрэсіўнасьці чалавека. — РС) — гэта ўмовы, у якіх выхоўваецца дзіця, умовы, у якіх жыве чалавек».

Пра «легалізацыю агрэсіі» і «расслабленьне»

«Калі ёсьць нейкі дазвол на легалізацыю ўнутранай агрэсіі, то, вядома, вельмі выразна праяўляюцца людзі, якія дазваляюць гэтаму зьвярынаму выйсьці зь сябе. І яны пад прыкрыцьцём тых, напрыклад, хто стаіць вышэй за іх, выпускаюць зь сябе тую ўнутраную напружанасьць, на тых вось ахвяраў, якія сёньня апынуліся ў іх пад рукамі. Гэта ня значыць, што гэтыя людзі ня могуць сябе кантраляваць. Бо мы бачым, што ўзровень агрэсіі ў жніўні і ўзровень агрэсіі, напрыклад, сёньня — розны, нават у дачыненьні да зьняволеных, якія ў нас працягваюць быць. Людзі, якія адчуваюць, што іх агрэсія акажацца беспакаранай і яны не панясуць адказнасьці, яны дазваляюць сабе — гэта дрэннае слова — «расслабіцца».

«Беларусы паводзяць сябе найлепшым спосабам»

Аксана Ткачук
Аксана Ткачук

«Пасьля выбараў і такой жорсткай рэакцыі паднялася вельмі вялікая хваля пратэсту. І гэта заканамерна. І ў той момант у пратэстоўцаў было вельмі многа надзеі. І разам з гэтай надзеяй было вельмі шмат ілюзій, што мы пераможам — хутка, бяз болю, бяскроўна. Гэтыя людзі сёньня балюча руйнуюцца. Зразумела, што той бок, які пры ўладзе, добра падрыхтаваны, ён дысцыплінаваны, у яго ёсьць плян дзеяньняў, досьвед і многа рэсурсаў.

Другі бок менш арганізаваны, у яго менш рэсурсаў, і гэта выклікае цяпер вельмі шмат расчараваньня, вельмі шмат жалю, таму што рэпрэсіі, і вельмі шмат страху. Мы маем такую карціну, якую маем.

Што тут сказаць пра беларусаў? Беларусы паводзяць сябе найлепшым спосабам з усіх магчымых на сёньняшні момант».

Пра «асабістыя заданьні»

«Складана даваць характарыстыку беларускаму народу. Я частка беларускага народу і на сёньняшні дзень ганаруся гэтым. Можна толькі ставіць нейкія заданьні, асабістыя для сябе: пасталець паціху, нарошчваць рэсурсы, браць адказнасьць на сябе і паціху, зь сярэдзіны зьмяняць гэтае грамадзтва і дзяржаву, у якіх мы жывём. Гэта заўсёды двухбаковы працэс».

«Агрэсія — гэта не заўсёды дрэнна»

«Часьцей (да мяне. — РМ) зьвяртаюцца людзі, якія пакутуюць ад агрэсіўных партнэраў, чым самі агрэсіўныя партнэры, якія кажуць: вось хачу стаць менш агрэсіўным. Такіх пытаньняў якраз вельмі мала. Таму што чалавек агрэсіўны — гэта чалавек з рэсурсамі. Агрэсія — гэта не заўсёды дрэнна. Агрэсія — гэта тое, з дапамогай чаго мы заваёўваем новыя тэрыторыі, з дапамогай чаго мы канкуруем, гэта тое, што дазваляе нам станавіцца мацнейшымі. Пытаньне ў тым, наколькі „экалягічна“ я праяўляю гэтую агрэсію ў адносінах да атачэньня».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG