Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адрэагуе Захад на інцыдэнт з самалётам? Меркаваньні экспэртаў


Чаму заходнія краіны гэтак рэзка адрэагавалі на інцыдэнт з ірляндзкім самалётам і захопам Рамана Пратасевіча? Ці ёсьць у гэтым інцыдэнце «расейскі сьлед»? Якіх крокаў у адказ з боку Захаду можна чакаць?

Свае адказы на гэтыя пытаньні каналу Свабода Premium даюць дырэктарка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute Алена Кудзько і палітычныя аналітыкі Віталь Цыганкоў і Павал Мацукевіч.

Кудзько

  • Рэакцыю краінаў Эўразьвязу абумовіла не ў апошнюю чаргу тое, што самалёт ляцеў з адной краіны Зьвязу ў іншую і там было больш за 100 грамадзянаў краінаў Эўразьвязу
  • Вэрсія пра мінаваньне самалёта ня вельмі каціруецца на Захадзе ў сувязі з тымі падзеямі, якія адбываліся ў Беларусі ў апошнія месяцы
  • Шмат што будзе залежаць ад запісу перамоваў пілётаў лайнэра зь беларускімі дыспэчарамі, канал АНТ апублікаваў фрагмэнты, але цікава будзе пачуць поўную вэрсію
Алена Кудзько
Алена Кудзько
  • Ryanair — камэрцыйная кампанія, у іх інтарэсах даказаць, што віна не на баку кампаніі
  • Шмат заклапочанасьці ад заходніх палітыкаў было выказана ўжо ў дзень, калі адбыўся інцыдэнт
  • Цяпер размова ідзе пра бясьпеку ня толькі беларусаў, а пра міжнародную бясьпеку, пра бясьпеку грамадзянаў Беларусі
  • Калі на саміце ЭЗ ня будзе рэакцыі на гэты інцыдэнт, то на што ён будзе рэагаваць?
  • Лукашэнка паводзіць сябе так нахабна, таму што ведае, што ЭЗ у адказ можа дадаць некалькі чалавек у сьпіс санкцыяў
  • У ЭЗ няма выбару, ён ня можа зараз абмежавацца толькі глыбокай заклапочанасьцю
  • Я б прапанавала не абмяжоўваць палёты ў Беларусь, гэта кепска для жыхароў Беларусі, для тых самых дысыдэнтаў, у якіх можа ўзьнікнуць патрэба пакінуць краіну
  • Магчыма, ЭЗ выдзеліць больш грошай для падтрымкі грамадзянскай супольнасьці і мэдыя ў Беларусі
  • ЭЗ ніколі ня быў за тое, каб за нешта ваяваць, гэта ніколі не было яго функцыяй
  • Заўсёды казалася, што ня трэба ваяваць, усяго можна дасягнуць дыпляматычнымі намаганьнямі
  • У Эўропы цяпер праблемы ў стасунках з дыктатарамі — і з Эрдаганам, і з Пуціным, і з Лукашэнкам

Мацукевіч

  • Заходнія краіны абураныя дзёрзкасьцю гэтай спэцапэрацыі
  • Магчыма, на Захадзе думалі, што рэжым слабы і адлічвае апошнія часы
  • Я б вітаў больш узважаную рэакцыю, баюся, што гэтыя эмоцыі ні да чаго добрага не прывядуць
Павал Мацукевіч
Павал Мацукевіч
  • Калі б беларускі самалёт быў у польскім небе і паступіла б паведамленьне, што на борце бомба, то дзеяньні польскіх уладаў былі б аналягічныя
  • Спэцслужбы любой краіны здольныя на падобныя апэрацыі, іншая справа, што ёсьць пэўныя абмежаваньні — юрыдычныя ці маральныя
  • Гледзячы па ўсім, украінскі бок плянаваў нешта падобнае адносна вагнэраўцаў, якія зьбіраліся ляцець зь Менску ў Стамбул над Украінай
  • Але апэрацыя не адбылася
  • Калі ў лютым сёлета Лукашэнка ляцеў у Сочы, былі паведамленьні, што яго самалёт ляцеў у абыход Украіны
  • Магчыма, украінцы не далі пралёт, але ня выключана, што ён перасьцерагаўся, што самалёт могуць прымусова пасадзіць зьнішчальнікі
  • Цяпер бюракраты ў краінах ЭЗ адчуваюць ціск з боку палітыкаў, а палітыкі цяпер пад уплывам эмоцыяў
  • Прапановы забараніць палёты Belavia ў краіны ЭЗ неадэкватныя
  • Якое дачыненьне мае Belavia да гэтага інцыдэнту?
  • Лукашэнка сьвядома падвышаў стаўкі, ён можа прагназаваць, якім будзе адказ
  • Ён шмат разоў гэта перажываў, у 90-х гадах зьбівалі паветраны шар з амэрыканцамі
  • Дзяржавы праз гэта зь цягам часу пераступаюць
  • Я баюся, што за эмацыйнымі заявамі заходніх палітыкаў нічога не стаіць
  • Можна патрабаваць вызваліць Пратасевіча. Але мы разумеем, што яго ня вызваляць

Цыганкоў

  • Абмяркоўваць гэтую сытуацыю — усё роўна што абмяркоўваць, ці набраў Лукашэнка на выбарах 80%
  • Відавочна, што мэтай гэтай спэцапэрацыі быў захоп Пратасевіча
  • Беларускія праўладныя камэнтатары не спрабуюць трымацца афіцыйнай вэрсіі, паводле якой наяўнасьць Пратасевіча ў самалёце і яго пасадка ў менскім аэрапорце былі выпадковым супадзеньнем
Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
  • Яны пішуць пра бліскучую апэрацыю КДБ, пра тое, што «наш беларускі Масад» дастане апазыцыянэраў дзе заўгодна
  • У гэтым рэчышчы — рэакцыя расейскай прапагандысткі Маргарыты Сіман’ян, якая сказала, што зайздросьціць Беларусі
  • Цалкам імаверна, што Лукашэнка раіўся з Масквой наконт гэтай апэрацыі
  • Паведамляецца, што 4 пасажыры самалёта, грамадзяне Расеі, не паляцелі далей у Вільню, калі самалёту далі магчымасьць працягнуць рэйс
  • Я нязгодны зь меркаваньнем, што Лукашэнка вырашыў падставіць Пуціна напярэдадні сустрэчы прэзыдэнтаў РФ і ЗША
  • Мяркую, што быў дадзены калі не дазвол, то згода Масквы на такія дзеяньні
  • Паколькі саміт ЭЗ адбываецца на наступны дзень пасьля інцыдэнту, яго ўдзельнікі будуць вымушаныя прыняць пэўныя рашэньні
  • Магчыма, што цяпер 4-ты пакет санкцыяў ЭЗ будзе прыняты раней і ён будзе больш жорсткім, чым быў бы бяз гэтага інцыдэнту
  • Паступае інфармацыя, што некаторыя авіякампаніі ўжо накіроўваюць свае самалёты ў абыход Беларусі
  • Эўрапейскія палітыкі разумеюць, што ім кінуты выклік
  • З пачатку 2021 году экспарт нафтапрадуктаў зь Беларусі ў ЭЗ вырас на 50%

Інцыдэнт з самалётам Ryanair і затрыманьне блогера Пратасевіча. Сьцісла

  • 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
  • Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
  • Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
  • Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
  • Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
  • На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
  • У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
  • Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
  • Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
  • У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
  • Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
  • Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
  • Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
  • 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
  • Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
  • Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
  • 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
  • Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
  • Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
  • 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
  • Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
  • Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
  • 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
  • У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
  • 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
  • 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
  • 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
  • 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
  • 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG